«Жывіце даўжэй, хлопцы»

Мусіць, таму, што аб многім не распытаў яго, а многага не дагаварыў, я не прыгадваю тых дзён з рыданнем рэквіема, шчымлівымі прамовамі, з бясконцай чарадою людзей, якія пакідалі цягнікі, вярталіся з падарожжаў, каб правесці яго, потым ішлі найдаўжэйшай і найпрацяглейшай дарогаю, каб лепш і больш нагледзецца перад тым, як развітацца.

Але я заўсёды помню дзень яго нараджэння. У гэты дзень я не хаджу і не заязджаю ў мясціны, якія ён асвяціў сваёю прысутнасцю. Ні ў музей, што не так даўно быў яго домам, ні ў Акадэмію, дзе так многа пакладзена ім добрае працы, ні на месца апошняга спачынку.

Устаўшы ўдосвітку, выбіраюся ў поле, дзе павыскаквала ладная рунь, каб агледзець яе з усходам сонца, лапушную, кусцістую, у расе, а то і пад першай шэранню. Пасля перабіраюся ў лес і хаджу доўга, пакуль у кошыку не апынецца хоць дзесятак падмахавы́х лісіц або самых позніх грыбоў — таўсматых і сакаўных зялёнак. Так удаецца паразмаўляць са збажыной будучага лета, паслухаць перадзімовы шум ранішніх хвой і пасядзець паўгадзіны каля маленькага цяпельца, адаграваючы рукі і лусту захопленага з сабою хлеба. Словам, паўтарыць усё тое, што ён любіў і што прызвычаіўся рабіць у апошнія цеплаватыя дні, пакуль не наваліла снегу і не замкнула на ледзяныя замкі рэк і палявых шляхоў.

У такія часіны ён размаўляў са сваім сумленнем, думаў аб будучыні краіны, пасылаў вочы наперад, на далейшыя шляхі народа, зазіраў у глыбіню чалавечых лёсаў. Гэта называлася ў яго — «адбыць споведзь у зямлі». «Адбыць» вымаўлялася некалькі іранічна. Не адбыць, а прайсці праз канечне неабходнае, без чаго нельга жыць.

Гэтак і я: гавару ўсё чыста зямлі і яму і — хай ратуе лёс чытача ад таннага разумення, бо не маю на ўвазе нічога звышнатуральнага, а тым больш містычнага! — часамі чую адказы на звернутыя да яго запытанні. Доўгае жыццё поруч з ім навучыла разумець, што ў яго можна запытаць і як ён будзе адказваць.

У пошуме дрэў, у павеве ранішняга ветру нязменна чуецца яго голас:

— Жывіце даўжэй, хлопцы! Дагледзьце на свае вочы ўсё, чаго не давялося мне, і заўсёды помніце: хай кожны дзень ваш сябруе ці з пачаткам, ці з заканчэннем якой-небудзь справы.

Гэтыя словы я чуў ці раз ад яго — добрага дзядзькі Якуба, светлага Канстанціна Міхайлавіча, мудрага Коласа. Дык якое дзіва, што будзяць яны поначы і цяпер, гучаць у полі, у лесе, на гарадскіх плошчах, скрозь пад небам бацькаўшчыны, якую любіў ён аддана і верна неабдымнай любоўю вялікага сына народа.


1952–1962, 1967–1982

Загрузка...