10


Полацк сустракае нас насцярожана. Мокрыя прамерзлыя вуліцы аблеплены неонавымі ліхтарамі. Ліхтары выхопліваюць з цягучай цемры невялікія расплыўчатыя астраўкі рознакаляровага пылу. Уважліва ўзіраюся ў гэтае ружова-шэрае месіва і спрабую вызначыць месцазнаходжанне нашага «Ноева каўчэга». Хоць і не адразу, але ў мяне гэта атрымліваецца.

— Вуліца Фрунзе, — шапчу я радасна, звяртаючыся да сваёй суседкі. — Вось чыгуначны пераезд... А вось бар… Сюды мы неаднойчы хадзілі на піва. А вось і паварот на нашу «Караедаўскую»…

— Чаму Фрунзе? — здзіўлена пазірае на мяне дзяўчына.

— Гэта таксама гісторыя, — коратка адказваю я. — Заглыбляцца ў гэтую тэму няма вялікага жадання.

На дапамогу прыходзіць жанчына з прыгожымі даверлівымі вачыма. Яна робіць невялікую абвестку, з якой вынікае, што начаваць гэтыя дзве ночы нам давядзецца ў інтэрнаце ляснога тэхнікума. Сэрца шчымліва сціскаецца. «Ура!» — хочацца крычаць мне ад радасці. З цяжкасцю стрымліваю свае эмоцыі і пазіраю ў акно…

Першае, што трапляе на вочы мне, калі выходзім з аўтобуса, гэта асветлены начнымі ліхтарамі цагляны фасад маёй роднай «Караедні». Некалі ў гэтым будынку месцілася епархіяльная жаночая вучэльня. Цяпер — як выратавальная вяршыня знакамітай гары Арарат — прытулак для нашага «Ноева каўчэга». Некалі я спрабаваў ужо пакарыць яе. За гэтымі мурамі жыве рэха маіх нетаропкіх, няўпэўненых крокаў. І мой слых не можа не распазнаць іх сярод вялікага мноства іншых. Узнікае спакуса адамкнуць наглуха зачыненыя дзверы і наталіцца ўволю іх рэхам. Узнікае спакуса паслухаць сябе колішняга…

— Дольчык, што ты там корпаешся?!

Валька цягне мяне за рукаў у пекла начной непагадзі. Я спрабую вызваліцца.

— Я вучыўся ў гэтым горадзе, — тлумачу жанчыне. — Разумееш, дваццаць пяць гадоў таму.

— Трэба ж, — іранізуе яна. — І што, што вучыўся? Усе мы некалі і дзе-небудзь вучыліся. Будзеш жыць з Юрыем Іванавічам. Ёсць магчымасць выбраць пакой. Ты ў якім жыў?

— Валька, я вучыўся тут…

— Што ты заладзіў, ведаю…

Валька абразліва моршчыцца і мітусліва размахвае рукамі. Яна талдычыць нешта нязначнае. І мне хочацца прыкінуцца глуханямым, каб не чуць яе. Але жэсты — таксама сродак зносін. І ад Валькі нікуды не дзецца. Яе даводзіцца выслухоўваць. Бо менавіта дзякуючы ёй мне сёння пашчасціла пачуць рэха сваіх колішніх крокаў — тых, што захоўваюць муры епархіяльнай жаночай вучэльні. І за гэта я ёй удзячны…

Вячэраем у маім пакоі. Так, у маім, я не памыліўся. Тут я жыў дваццаць пяць гадоў таму, і сёння мяне пасялілі ў ім зноў па маёй просьбе. За гэта я ўдзячны каменданту. Валька таксама задаволеная. Напэўна, тым, што задаволены я. Жанчына з прыгожымі даверлівымі вачамі ласкава прапаноўвае:

— Юрый Іванавіч, за вамі першы тост.

Юрый Іванавіч, чырванашчокі і самазадаволены, нехаця ўстае з-за стала і скупа выцэджвае з сябе некалькі прыгожых слоўцаў. Акулярыкі — маўчуны па сваёй прыродзе. І яны ўсё ў сваім жыцці выцэджваюць. У гэтым я пераканаюся сёння ноччу яшчэ раз. Напэўна, блізарукія людзі — блізарукія ва ўсім: у справах, у думках і нават у сваіх памкненнях.

Прыкра, што гэтага чалавека мне давядзецца цярпець цяпер некалькі сутак.

— «Кожны крок мой на гэтых вулках — спасціжэнне сябе ў Сусвеце… — распачынае ўрачыста Юрый Іванавіч. — Полацк ціхі мой, звонка-гулкі… Мудры сведка вякоў пражытых…» — цытуе гісторык.

— Горад, ад тугі па якім звар’яцець можна, — устаўляю я.

— Дольчык, у цябе будзе магчымасць выказацца, — незадаволена пазірае на мяне Валька.

— Горад, на вуліцах якога мы адчуваем подых гісторыі, непарыўнасць духоўных традыцый, — не звяртаючы на мяне ўвагі, працягвае хлусіць Юрый Іванавіч. — І галоўнае, што на гэтай зямлі нам хочацца верыць у святасць Іх Вялікасці Дабрыні, Шчырасці і Справядлівасці…

Я выцягваю з пачка цыгарэту, дэманструю сваю абыякавасць да гэтых высокіх і непацверджаных рэальнасцю слоў і іду курыць. Ніхто мяне не спыняе. Гульні ў прыгожыя слоўцы працягваюцца. І звяртаць увагу на вар’ята, які не разумее іх сэнсу, марная справа. Мімаходзь адчыняю шафу і здымаю з вешалкі куртку. Апранаюся на калідоры. Потым прыкурваю і з асалодаю зацягваюся на поўныя грудзі.

На вуліцы непагадзь. Паветра з дамешкам дыму і восені. На вуліцы — ні душы. У канцы яе асветлены адрэзак недасягальнай сушы. Недзе за ёю Спаса-Праабражэнскі сабор. А яшчэ Палата, на ўзбярэжжы якой — наш «караедаўскі» дэндрапарк. Адкуль мне ведаць, што пасаджаныя некалі намі дрэвы знішчаныя там дарэшты. А на месцы знакамітага дэндрапарку, на месцы нашых першых спатканняў — манастырскія агароды. І кроп, і цыбуля — някепская прыправа для баршчу з праху маёй памяці…

Набліжаюся да брамы-званіцы. Да брамы далучаны двухпавярховы мураваны жылы корпус пад вальмавым дахам. Па баках да званіцы далучаны аднапавярховыя старожкі. Дваццаць пяць гадоў таму ў гэтым мураваным двухпавярховым памяшканні пад вальмавым дахам размяшчаўся інтэрнат нейкага гарадскога прадпрыемства. Гэта ў ім жыў вядомы «аўтарытэт» Чывер. Яго баяўся ўвесь горад. Нас, «караедаў», Чывер не чапаў. Напэўна, таму, што кожны з нас, як і ён сам, быў «…адной з тых тонкіх жылак, што сілкавалі гэты Горад сваёю крывёю».

Жалезная брама пад аркаю зачыненая. І на тэрыторыю манастыра, відавочна, мяне не пусцяць. Мая заўзятая настырнасць выклікае ў начнога вартаўніка абурэнне. Ён пагардліва пазірае на мяне праз браму і адхіляе мае просьбы. Пагражае выклікаць міліцыю. І мне нічога не застаецца, як адмовіцца ад свайго намеру прайсціся ўпрыгожанымі кропам сцежкамі свайго далёкага і прывіднага юнацтва. Іду ні з чым. Як выяўляецца, вандроўкі ў мінулае не толькі радасць прыносяць людзям, але часам і псуюць настрой. У інтэрнацкі пакой вяртацца неахвота. Швэндаюся без патрэбы па вуліцы. Баўлю час наўмысна. Выконваць ролю «незанятых вушэй» у гісторыка-акцёра не хочацца. І ўсё-такі туды давядзецца вяртацца…

У пакоі валадарыць паўзмрок. Святла не запальваю, каб незнарок не разбудзіць Юрыя Іванавіча. Хуценька распранаюся, пакінуўшы вопратку ля ложка, і накрываюся коўдрай.

Марыць перад сном – яшчэ адна кепская мая звычка, вядома, пасля празмернага жадання памянціць языком па тэлефоне. Але сёння мяне чакае расчараванне. І прычына таму – гадзіннік. Я зусім забыўся, што ён па-ранейшаму адлічвае час у адваротны бок і што мы з Юрыем Іванавічам жывем у розных вымярэннях. Я чую, як ён узбуджана сапе на суседнім ложку, і гэта не дае мне засяродзіцца. Высоўваю галаву з-пад коўдры. Гісторык з зайздроснай заўзятасцю “выцэджвае” сябе ў нейкую жанчыну. З такім імпэтам, напэўна, могуць выцэджваць толькі гісторыю асабістага жыцця гісторыкі-ачкарыкі. Сярод узбуджаных “охаў” і “ахаў” распазнаю сцішаны шэпт Ліды, -- маёй суседкі па “Ноевым каўчэгу”. Ніколі не думаў, наколькі пагана быць сведкам чужой жарсці.

Падбіраю з падлогі раскіданую вопратку і апранаюся. У канцы калідора пісьмовы стол. Валаку яго да акна, бліжэй да цёплых батэрэй. Някепскае логава для “ерэтыка”, якога заўтра наранку спаляць на галоўнай гарадской плошчы за тое, што ён міжволі стаў сведкам чужой жарсці і сваёй прысутнасцю апаганіў салодкія імгнені жывёльнай пажадлівасці…

«Прывітанне, мой любы!

Чаму ты не прыехаў? Я так цябе чакала... Два дні хадзіла сустракаць. А ты не прыехаў. Так, відаць, ты хацеў са мною спаткацца. Цяпер мы болей з табою не сустрэнемся. Крыўдна…

З вашых былі толькі Дзіма Мінюк, Гена Прачкін, Наташка Стамянок і Ліда Тарасава, а болей нікога… А як абяцалі: «Прыедзем, прыедзем!..» Я разумею, што зараз у вас там пажары, пасадкі, аднак на адзін дзень можна было вырвацца. Няхай, не мая гэта справа. Распаўся ваш гурт. Адна толькі назва засталася. Вось такая мая выснова. Напэўна, так і трэба. «Жыццё!» — як ты любіш выказвацца…

Жыву я і жыву. Працую над дыпломам. Загараю. Гуляю ў валейбол. Час ляціць, не паспяваеш азірнуцца. Да абароны засталося дваццаць дзён. Учора хадзіла на танцы ў «Караедню». Там вашых усіх і сустрэла. Доўга размаўлялі з Дзімам Мінюком. Нават гулялі з ім па «Караедаўскай». Ён зусім не змяніўся. Такі, як і быў…

Дарэчы, прыйшоў толькі што да нас… Паведаміў, што Лосіч прыехаў! Пахмелены. Ну, хохма!.. Нават тыя, хто прыехаў, сабрацца не могуць. Дзіма зараз з Веркаю размаўляе. Усе, між іншым, усё яшчэ чакаюць вас. Спадзяюцца, што прыедзеце. Лосіч з Дзімам збіраюцца начаваць. А я сцвярджаю, што не прыедзеце вы. Кажу — вы, а думаю: ты... Не вераць. Яны сёння ў нейкую бойку ўлезлі. Лосіч мірыў усіх. Хацела паразмаўляць з ім — знік некуды. Дурдом… Можа, хоць заўтра паразмаўляем. Карацей кажучы, я ва ўсім расчаравалася. Магчыма, таму і атрымліваецца гэты ліст не такім, як трэба. Хацела з табою паразмаўляць, вельмі хацела, і не атрымалася. А ў лісце пісаць нічога не жадаю. Што ж, такі лёс… Бачыш, я таксама пачала ўжо верыць у лёс… Думала і пісала табе, што сваё жыццё мы ствараем самі, а атрымалася наадварот. Лёс? Што ж, буду верыць у лёс. У кепскі, добры, любы…

Дапісваю ліст ноччу. На гадзінніку — дванаццаць… Ірына спіць. Мне таксама пара. Заўтра, дакладней, сёння ўжо, на практыку.

Нешта надламалася ўва мне за гэтыя дні. Пустата на душы. Не ведаю, магчыма, гэта часова, аднак мне вельмі кепска. Добра, што хоць Ірына побач, падтрымлівае маральна. Я, вядома, разумею, што ты з нейкай важнай прычыны не прыехаў, і папярэджваў ты мяне аб гэтым, але, павер, як бы там ні было, мне крыўдна. Думаецца, што не захацеў ты са мною сустрэцца. Думаецца, табе ўсё роўна, што я для цябе так: пакуль ёсць — добра, не будзе — таксама някепска. Лухта гэта, напэўна. Аднак лезе ў галаву, і ўсё… Калі мы з табою сустрэнемся? Памятаеш, ты пераконваў мяне, калі з’язджаў (тады, у сакавіку), што мы не сустрэнемся болей. Можа, ты і зараз так лічыш? Перачытала твой апошні ліст і прыйшла да высновы, што ты так, быццам бы, не лічыш. Пішаш, што ў нас яшчэ будзе час. А я вось сумняваюся — ці будзе? У Полацку мне засталося жыць нейкі месяц. А потым, круці не круці, Омск. І чым больш я пра гэта думаю, тым больш даюся ў лапы абыякавасці: «Што будзе, тое будзе!» Я разумею розніцу паміж адным «будзе» і другім, але адчуваю, што ад мяне цяпер мала што залежыць. Вось, напэўна, і прыйшоў час сказаць адзін аднаму «так» альбо «не». Я разумею, што і раней мы не жартавалі. Аднак цяпер гэта для нас неабходнасць. Не хацелася распачынаць размову першай, аднак, відаць, трэба. Я доўга разважала і вырашыла, што лепей ва ўсім разабрацца, а не будаваць кожнаму свае планы. Вось так... Не лічы, калі ласка, мае словы за бязглуздыя, самаўпэўненыя. Я сказала тое, што набалела. Нам неабходна з табою вырашыць. Буду чакаць адказу. Калі надумаеш прыехаць, папярэдзь. І не лічы, што я ўпала духам. Яшчэ трымаюся…

Да пабачэння. Я.»

Загрузка...