Я глядзеў на гэтага маленькага пыхлівага чалавека, і мяне разбіраў вар’яцкі смех. Я не верыў сваім вачам. Бонза — дырэктар! Сказаць каму — засмяюць.
— Ну як, пераканаўся, што такое застацца без працы? — сустрэў ён мяне цынічным пытаннем.
— Пераканаўся, — адказаў я сумна, спрабуючы выціснуць усмешку.
— І ў тым, дзе тваё сапраўднае месца, таксама? — доўжыў ён пасля непрацяглай паўзы.
— Пры чым тут гэта? — сцёр я імгненна няўдалую ўсмешку.
— Стоп! Стоп!.. Толькі без крыўд, — спыніў ён мяне, выходзячы з-за стала мне насустрач. — Памятаеш, некалі я цябе папярэджваў ужо аб гэтым?..
— Аб чым? — глядзеў я на яго неўразумела.
— Што ў кожнага з нас сваё месца. Спадзяюся, жыццё цябе навучыла гэтаму? Яшчэ б месяц — і ад цябе засталося б мокрае месца.
— З якой мэтай ты пазваў мяне? Каб выхоўваць? — не стрымаўся я.
Мне б бегчы прэч, а я стаяў і баяўся варухнуцца. На што я разлічваў? Чаго чакаў, дзівак?
— У лепшым выпадку ты спіўся б, — не звяртаючы ўвагі, тлумачыў ён. — Гэта гаворыць ведаеш аб чым? — паляпаў ён мяне па-сяброўску па плячы. — Гэта гаворыць аб тваёй слабасці.
«Гад! — вылаяўся я ў думках. — Які ж ты гад!»
Цяпер я не сумняваўся, хто быў аўтарам той недарэчнай правакацыі, з-за якой мяне беспадстаўна турнулі з працы.
— Прызнайся, гэта ты закаламуціў тую бадзягу? — зірнуў я на яго пагардліва, стрымліваючыся, каб не заехаць яму ў пысу.
— Я? — здзівіўся ён. — Не-е, гэта, Алег, не я! Гэта ён! — паказаў Бонза вачыма на столь. — Безумоўна, я дапамагу табе, але і ты за гэта павінен мне….
Ён недагаварыў. У кабінет зазірнула пераляканая сакратарка і папрасіла яго тэрмінова ўзяць слухаўку. З яе слоў я зразумеў, што тэлефанаваў нехта з мясцовых чыноўнікаў.
— Валі ў кадры, — кінуў ён мне паспешліва, а сам пацягнуўся да тэлефона. — Там табе ўсё растлумачаць.
Так я апынуўся на яго фірме. З адной толькі мэтай — каб разлічыцца з ім за ўсе свае крыўды. Мне далі пасаду начальніка аддзела і налічылі някепскі заробак. Некалі гэта ўсё я меў ужо. Цяпер мне выпадала магчымасць пачаць усё спачатку. «Выкарысталі, прынізілі і патрабуюць адданасці, — усміхнуўся я сумна. — Што ж, не так ужо і шмат! Я аддзячу табе за ўсё. Ты яшчэ пашкадуеш, што звязаўся са мной. Ты хочаш, каб я апынуўся за кратамі? Сам туды сядзеш!..»
Я раскусіў яго. Я яму быў патрэбны ў якасці громаадвода, энэргетычнага корму. І калі ён пачаў ляпіць з мяне свайго чалавека, выкарыстоўваць мае веды і кемлівасць у сваіх паганых мэтах, я рабіў выгляд, што згодны з гэтым. Ёсць людзі, якія плануюць сваё зло загадзя. Ён прагадаў. Ён не ўлічваў, што я быў іншым ужо чалавекам, не тым, якім ён мяне памятаў. Цяпер і я планаваў свае ўчынкі. Мне перахацелася быць на яго падобным. Разуменне сваёй выключнасці і адметнасці, таго, што іншым чалавек у гэтым няпэўным свеце быць не здольны, што казкі пра прыгажосць, якая нібыта выратуе свет, — лухта, зрабілі сваю справу. Я пераўзышоў яго. Прыгажосць, цяпер быў перакананы я, — гэта толькі спакуса, хвілінная слабасць, а чаго можна чакаць ад слабасці, я ведаў з уласнага вопыту. Яго дэвіз, што лепей зрабіць і пашкадаваць, чым не зрабіць і пашкадаваць, цяпер стаў і маім дэвізам. Я імкнуўся быць першым ва ўсім. Але, калі ён не дасягнуў гэтых сваіх прэтэнзій толькі з-за таго, шго спяшаўся і рабіў шмат памылак, то я іх цяпер пазбягаў. «Людзі, якія імкнуцца змяніць свет, — быў перакананы я, — павінны заўсёды адчуваюць сваю недастатнасць, быць паўгалоднымі. Бо можна жэрці і баляваць, а можна пакутаваць і думаць.» І калі ён наўмысна выстаўляў сваю выключнасць напаказ, спадзеючыся такім чынам перамагчы ў сабе сваю глыбока схаваную, прыроджаную галечу, то я пайшоў іншым шляхам, я хаваў яе ад усіх. Бонза памёр для мяне як настаўнік. Я перарос яго памылкі. Я засвоіў адно каштоўнае правіла, што, для таго каб увайсці ў чужы дом і разбурыць яго, неабходна спачатку дазволіць сябе зняважыць. У адрозненне ад яго, я не баяўся гэтага. Я спадзяваўся і чакаў таго моманту, калі мае прыніжэнні ўзвысяць мяне, і ні кроплі не шкадаваў, што некалі падстаўляў пад яго брудныя лапы свае шчокі. Відавочна, я дачакаўся! Прыйшоў мой час. Вяртаючыся ў думках на той школьны дворык, да той бязверхай старой ліпы, узгадваючы яго колішні крык адчаю, я больш не сумняваўся, я гаварыў усім адкрыта: «Ніколі, чуеце мяне, ніколі! Ніколі і нікому я не стану мыць ногі! Няхай яны іх цяпер мне мыюць!» Я верыў у сваю перамогу. Мяне бударажыў пах крыві. Я быў здольны на ўсё, нават на ролю пакорлівага блазна. І трэба прызнацца вам, гэта ў мяне някепска атрымлівалася. Маёй гульне мог бы пазайздросціць любы прафесійны акцёр. Вынікі перасягнулі магчымыя чаканні. Мае патаканні яму, мае ілжывыя пакорлівасць і беззаганнасць заўважна ўплывалі на яго. Я пачаў з неверагоднай хуткасцю прасоўваўцца ўверх па службовай лесвіцы, стаў часцей бываць на яго загараднай віле, як ён сам любіў называць сваё лецішча. А месцілася яно і сапраўды ў жывапісным куточку. Пад час гэтых сваіх візітаў я зблізіўся з яго атачэннем. Але самым галоўным набыткам для мяне было тое, што я цяпер стаў часцей бачыцца з Танькай. Яна мала чым змянілася, заставалася ўсё той жа прывабнай прыгажуняй. Але я яе не кахаў ужо. Цяпер на яе я меў іншыя мэты. Але аб гэтым крыху пазней. Яго сябры былі такімі ж тупымі і бязмозглымі, як і ён сам. За гады працы на высокай пасадзе ён ні кроплі не змяніўся ў лепшы бок, наадварот, стаў яшчэ больш жорсткім і дэспатычным у дачыненні да сваіх падначаленых. Яго ўпартасць і самаўпэўненасць не ведала межаў. Яго мянушка стала адпавядаць яму. Гэта быў маленькі фюрэр, ад учынкаў якога шмат што залежала. Прадпрыемства, якім ён кіраваў некалькі гадоў ужо, пакрыху разбуралася. Прадукцыя, якой горад некалі ганарыўся, губляла сваю якасць і вартасць. У пераважнай большасці яна цяпер спіхвалася «налева». «Адмытыя» грошы асядалі ў кішэнях кіраўніцтва. У гэтым крымінальным «адмыванні» выкарыстоўвалі цяпер і мяне. Заробак на прадпрыемстве катастрафічна зніжаўся, мы, наадварот, багацелі. Падтрымка з боку некаторых уплывовых гарадскіх чыноўнікаў развязвала нам рукі. У думках я быў не згодны з такім раскладам спраў, але на людзях, як і раней, дэманстраваў сваю адданасць. Беззаганна выконваў усе яго даручэнні, не прамінаў магчымасці пахваліць. Нашы адносіны сталі цяпер больш чым цёплыя. Я дамогся свайго, ён залічыў мяне ў свае сябры. Гэта дазволіла мне выведаць пра яго ўсё. Цяпер можна было ісці ў пракуратуру. Дабытай інфармацыі, як мне здавалася, хапіла б на некалькі крымінальных спраў. Заставалася толькі дачакацца зручнаго моманту. Маё штучнае «сяброўства» з ім не магло не паўплываць адмоўна на адносіны з маімі калегамі. Цяпер яны адкрыта ігнаравалі мяне. Мне не падабалася гэта, але я цярпеў, я ведаў, дзеля чаго ўсё гэта. «Калі б яны таксама ведалі пра мае сапраўдныя мэты, яны б ганарыліся мною», — суцяшаў я сябе. І ўсё ж аднойчы майму цярпенню прыйшоў канец, нервы не вытрымалі, і, калі адзін дурань, мой супрацоўнік, у спрэчцы абвінаваціў мяне ў штрэйкбрэхерстве і ў стукацтве, я ледзь не заехаў яму ў пысу. Відавочна, што «шасцёрак» на фірме хапала, стукачы, калі ўдумацца, ёсць у любой сям’і. Але пры чым тут я? Я трымаў гэтага лопуха за грудкі і не ведаў, што з ім рабіць. Напэўна, я не хацеў падымаць бучу раней тэрміну. Я глядзеў у яго пазелянелыя ад пераляку вочкі, чуў, як побач з маім тахкае яго заечае сэрца, і ледзь перасільваў сваю пагарду.
Гэты выпадак адмоўна адбіўся на маім далейшым настроі. Усю ноч я не самкнуў вачэй. У галаву лезлі вар’яцкія думкі пра адноснасць і несправядлівасць гэтага свету. Я чапляўся за сапраўднасць і натыкаўся на непаразуменне і жорсткасць. Я заглыбляўся ва ўспаміны, але і там не было ні адной светлай плямкі. «Людзі здольныя палюбіць толькі сябе, — зноў і зноў схіляўся я да высновы. — За што ж іх тады павінен любіць я? Плюй на іх, плюй! Табе добра, а астатняе — трава не расці!» — так думаў я той ноччу.
На ранішняй нарадзе я ўпершыню адкрыта выказаўся супраць Бонзы. Дарэчы, зусім не па прынцыповым пытанні. Мне хацелася паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Рэакцыя была імгненнай. У яго позірку я пазнаў Бонзу колішняга, таго, непадступнага і самаўпэўненага, якога пачаў ужо забываць.
Вечарам таго ж дня нас запрасілі на банкет. Свой юбілей адзначаў адзін наш супрацоўнік. Бонза прыехаў з жонкаю. Я спакусліва зіркнуў на Таньку, і ў маіх думках нарадзілася новая авантурная задумка. Нечакана мне захацелася адбіць яе ў яго. «Я разбуру іх сям’ю», — паціраў я ад задавальнення рукі. Вядома, такія справы не робяцца за адзін вечар, але захады былі і раней ужо, проста я вам не расказваў пра тое нічога. Трэба было быць сляпым, каб не бачыць, што Танька не кахае гэтага чалавека. Болей таго, ведалі б вы, якімі загадкавымі і спакуслівымі позіркамі адорвала яна мяне апошнім часам. Усё гэта сяліла перакананне, што мае мэты зусім не беспадстаўныя. Нашы адносіны з ёю з нядаўняга часу сталі больш чым сяброўскія. Але, паўтаруся, я не кахаў ужо яе. Што ж тады рухала маімі пачуццямі? Жаданне разбурыць іх сям’ю? Гэта ж смешна. Ніякай сям’і ў іх ніколі не было, і ў тым, што яны хутка разыдуцца, ніхто не сумняваўся. Іх нічога цяпер не ўтрымлівала. Дзяцей яны не мелі і мець не маглі. А што за сям’я без дзяцей? Але і ў нас з ёю адсутнічала будучыня. Мае пачуцці даўно мінулі. Нічога, акрамя пакут і болю, я даць ёй не мог. А гэтага, прызнаюся вам шчыра, мне не хацелася. І ўсё ж адмаўляцца ад сваіх мэтаў я не стаў. «Я паскору падзеі. Я дапамагу ёй вызваліцца ад гэтага абізгала. Я дапамагу ёй зрабіць першай гэты лёсавырашальны крок», — вырашыў я.
Я запрасіў яе на павольны танец. Яна не адмовіла мне. Бонза прынцыпова ніколі не таньчыў. Пасля мы выйшлі з ёю праветрыцца. Мы курылі і цалаваліся. Дакладней, курыла яна. Потым прыйшоў ён. Было заўважна, што яму гэта ўсё не падабаецца.
— О, ты таксама курыш? З якіх гэта часін? — спытаў ён, хвалюючыся. Я адчуў у яго голасе рэўнасць.
— Я не куру, — заспяшаўся я. — Я проста за кампанію.
— І як даўно ты дзеліш кампанію з чужымі жонкамі? — пацікавіўся ён з’едліва.
— З тае пары, калі зразумеў, што ты погань! — не стрымаўся я і зрабіў перасцярожлівы крок назад.
— Алег! Алег! Ну навошта ты так? — стала паміж намі Танька.
— Няхай гаворыць, — загадаў ёй Бонза і звярнуўся да мяне: — Давай, гавары.
— Ты небяспечны чалавек. Цябе трэба трымаць на адлегласці, — нечакана прарвала мяне. — Ты гаворыш адно, а робіш зусім іншае. Ты — флюгер, куды паверне вецер.
— Гэта ты пра сябе? — ўсміхнуўся ён штучна.
— Алег, перастань! — закрычала Танька і схапіла мяне за кашулю.
— Не лезь! — адхіліў яе ён. — Ты адказваеш за свае словы?
— Адказваю. Ты давёў прадпрыемства да банкрутства. Ты пляваць хацеў на людзей. Каб не твае сувязі…
— І што было б? — спыніў ён мяне.
— Цябе даўно б вытурылі. З-за такіх, як ты, — выціснуў я праз зубы, — увесь гэты раздрай у краіне. Вы небяспечныя людзі.
— А я гадаю, чаго гэта ён такі пакорлівы? У якія гульні ты са мною гуляеш, хлопец? Я цябе даўно чытаю, як раскрытую газету.
— І што ты там вычытаў?
— Тое, што табе давядзецца шукаць іншую працу, — злосна сказаў ён.
— Ведаю, — буркнуў я. — Але ты таксама шмат чым рызыкуеш.
— Не зразумеў?.. Чым гэта?
— Сам здагадайся.
— Ты пагражаеш мне?
Яго вочы наліліся крывёю. Было заўважна, што ён ледзь стрымлівае сябе.
— Ні кроплі.
— Ты намякаеш на… Не, — усміхнуўся ён, — ты нікому не вякнеш, сабака! Розуму на гэта ў цябе, спадзяюся, хопіць. А вякнеш, язык вырву. Зразумеў? На паперах ёсць і твае подпісы. Так што я цябе не баюся. Аднаго не магу толькі зразумець: нашто табе ўсё гэта? Ты мог бы купацца ў раскошы… Ты прафукаў гэта, разумееш?
— Маё правіла — ніколі не азірацца. Я не ўпэўнены, што можна жыць толькі адным сённяшнім днём. Не трэба шкадаваць аб тым, чаго ніколі не вернеш ужо. Ты лічыш, што ты нейкі асаблівы? Чым ты лепшы за мяне?
— Я дырэктар.
— Ха-ха! Дырэктар ён. Такіх дырэктараў можна ляпіць з пластыліну, па сто штук у дзень. Такія дырэктары, як ты, краіну маю абабралі.
— А такіх, як ты, клініка зачакалася.
— Пайшоў ты! — кінуў я яму напаследак і кінуўся ўніз па лесвіцы да выхаду. Безумоўна, выглядаў я тады ліха.