3


Праз год гэтая гісторыя мела свой працяг. Ніякіх станоўчых зрухаў у нашых адносінах за гэты час не адбылося. Панавалі ўсё тыя ж нявызначанасць і раздрай. Бонза не падпускаў мяне да сябе і блізка. А калі здаралася непрадказальнае, калі ён нечакана, у разрэз са сваімі амбіцыямі, ішоў на кантакт са мной, я радаваўся, нібы немаўля. Мне здавалася, што я дамогся свайго. Не разумею, нашто мне гэта ўсё было патрэбна? У яго цяпер была толькі адна мэта — зняважыць мяне. І я не мог не заўважаць гэтага. Ён выкарыстоўваў любую магчымасць, каб агаліць маю слабіну і падкрэсліць маю нікчэмнасць. Ён пасварыў мяне з усім светам. Ад мяне адвярнуліся ўсе: сябры, аднакласнікі, настаўнікі. Інакш як Гомікам мяне ніхто ў класе цяпер не называў. З яго «лёгкай» рукі я застаўся сам-насам са сваімі праблемамі. Маё сяброўства з Толікам, такім жа, як і я, шызікам, якога ігнаравалі нават настаўнікі, браць да ўліку было б смешна. Кантаваліся мы з ім ад безвыходнасці. Усе гэта разумелі і пры магчымасці не праміналі ўпікнуць. Не мог не разумець бессэнсоўнасць нашых зносін і я, але выбару ў мяне не было. Мае памылкі вярталіся да мяне ў якасці выніку. У класе нас цяпер называлі Ботамі. Я, па мерках аднакласнікаў, быў левым, ён — правым. Два боты — пара. Ён з валетамі ў галаве, і я таксама. Вольны час мы цяпер бавілі разам. Выяўляць сваю слабіну перад класам я не жадаў і, каб даказаць, што я на нешта яшчэ здатны, я паставіў сабе за мэту выбіцца ў выдатнікі. Сваю кемлівасць, свае здольнасці, вольны час я скіраваў цяпер на заняткі вучобай. Ужо праз год я дамогся свайго. Я стаў лепшым вучнем у школе. Але гэта не дадало мне аўтарытэту. Наадварот, мяне цяпер неўзлюбілі яшчэ больш. Цяпер з мяне насміхаліся нават бацькі:

— О, у нашага «прыгажуні» прарэзаўся творчы патэнцыял! — скептычна крыўлялася мама, гартаючы мой дзённік. — Вучыся, дзетка, вучыся, вучоным станеш.

— Ага, а дурнем памрэш, — не забываў упікнуць бацька. Яго твар расплываўся ў бязгучнай цынічнай усмешцы. — У яго ж мазгоў бракуе. Замест іх у яго галаве нітка. Абрэж — і вушы адваляцца.

— І за што вы мяне не любіце? — крыўдзіўся я і змываўся з вачэй. Зачыняўся на нявызначаны час у прыбіральні і даваў волю слязам. Наўздагон чулася: «Балван, жартаў і тых не разумееш…»

Пасля такіх «жартаў» аднойчы мне і перахацелася быць выдатнікам.

Пагоршыліся і без таго кепскія адносіны з Бонзам. Ён яшчэ мацней узненавідзеў мяне. Але цяпер яго ненавідзеў і я. Праўда, мая нянавісць яшчэ толькі зараджалася, і я саромеўся гэтага пачуцця. Ён жа, наадварот, выстаўляў сваю агіду напаказ. Ён быў катэгарычным і паслядоўным. Я — непрадказальным і сентыментальным.

— І ў каго ты такі ўдаўся, сынок? — не пераставаў здзіўляцца ў запале бацька. — Нельга ж быць такім флюгерам — куды вецер падзьме.

У думках я быў згодны з ім, а на справе нічога зрабіць з сабой не мог.

Аднойчы, на вялікім перапынку, праз Толіка Бонза выклікаў мяне на калідор. Я дапіваў чай у школьным буфеце. Майму здзіўленню не было межаў. «Што яму трэба?» — губляўся я ў здагадках. Эмоцыі перапаўнялі мяне. Я няспешна плёўся праз залу, наўмысна расцягваючы задавальненне. «Няхай чакае», — злараднічаў я.

Бонза чакаў мяне ля выхаду. Ён быў нецярплівым і ўзбуджанным. Такім я яго яшчэ ніколі не бачыў. Яго пераляканы выгляд не столькі здзівіў мяне, колькі насцярожыў. Як толькі я паявіўся, ён адразу ж схапіў мяне за руку і пацягнуў на вуліцу.

— Што здарылася? — заўпарціўся я.

Ён не адказаў і яшчэ мацней сціснуў маю руку. Мы прадзіраліся ўглыб двара, праз гушчары і завалы. Ён валок мяне ў бязлюднае недагледжанае месца. Закрадвалася падазрэнне, што нідзе больш, акрамя як у гэтых карчах, размаўляць ён са мною не здольны. Ва ўсякім разе, такое з намі здаралася не аднойчы ўжо. Я здагадваўся, што робіць ён тое наўмысна, напэўна, не хоча, каб нас бачылі разам. Відаць, яму было сорамна за мяне. «За што?» — не мог зразумець я. На гэтае пытанне я не здольны адказаць і зараз, калі мінула шмат часу. Магчыма, такім чынам ён прывучаў мяне да адзіноты.

Я ледзь паспяваў за ім. Я быў падобным да пакорлівага сабачаня на матузку, якому заўсёды ў радасць падацца за сваім гаспадаром, куды ён павядзе. Я ўсё яшчэ жыў спадзяваннямі.

Праз некаторы час мы дабраліся да старой бязверхай ліпы. Гэта і было, па ўсім відаць, тое месца, куды ён мяне валок. Ён мітусліва агледзеўся, нібыта правяраючы, сочаць за намі ці не, і, упэўніўшыся, што вакол нікога няма, схапіў мяне за грудкі. Я зрабіў перасцярожлівы крок назад. Ён рвануў мяне на сябе і прыціснуў да цаглянай агароджы. Кашуля вылезла з джынсаў, і голае цела кранулася халоднай атынкоўкі. Я выплюнуў кроў, магчыма, задыхаўшыся, прыкусіў сабе язык, і паспрабаваў вызваліцца. Я чуў яго цяжкае дыханне ля свайго вуха, і мне рабілася страшна. «Што яму трэба? Чаго ён хоча?» — губляўся я ў жахлівых здагадках, прыслухоўваючыся, як узбуджана тахкае побач з маім яго сэрца. Ён зазіраў мне ў вочы і маўчаў. Гэта быў погляд драпежніка, маладога ваўка, які толькі яшчэ вучыцца распраўляцца са сваёй ахвярай. Ва ўсякім разе, так мне тады здавалася. Гэты позірк будзе яшчэ доўга пераследаваць мяне, але вызначыць яго сапраўдную прыроду я так ніколі і не здолею.

— Ведаеш, хто быў той чалавек? — разрадзіўся ён нечакана гнеўным шэптам.

Я неўразумела паціснуў плячыма. Я і насамрэч не разумеў яго.

— Не прыкідвайся валенкам, — страсянуў ён мяне. Адарваў ад атынкоўкі і з усёй моцы прыціснуў зноў.

— Я не разумею цябе, — выціснуў я заікаючыся. Атрымалася зусім непераканаўча. Верагодна, з-за гэтай баязлівасці, якую я не спрабаваў ніколі хаваць ні ад каго, ён і ненавідзеў мяне.

— Памятаеш, тады, на кухні, — удакладніў Бонза. Я кіўнуў галавой. — Гэта быў мой айчым…

У паветры павісла цішыня.

— Айчым? — выціснуў я здзіўлена.

— Так.

— А бацька?.. — ледзь вымавіў я.

— У мяне няма бацькі, — злосна шыкнуў ён. — Памёр…

— А я думаў…

— Што ты мог думаць? Што?.. Думаў ён… Хіба такія, як ты, здольныя думаць? — з’едліва ўсміхнуўся ён. — Ніколі, чуеш мяне, ніколі, такія, як ты!.. — узмацніў ён да непазнавальнасці голас, звяртаючыся некуды ў пустку школьнага дворыка.

Рэха вярнула яго словы. Я збянтэжана зазіраў яму ў вочы і чакаў працягу яго думкі. Ён маўчаў.

— Што — такія, як я?.. Што?.. — закрычаў я ў запале дрыжачым ад хвалявання голасам.

— Ніколі і нікому, чуеш мяне, нікому, не буду мыць ногі! Зразумеў? Няхай яны мне іх цяпер мыюць.

І тут яго прарвала. Ён пачаў расказваць пра сябе ўсё: і чаму ім давялося пераехаць у наш горад, і чаму айчым здзекуецца з іх, бо маці выйшла за яго замуж, не кахаючы яго, і шмат пра што іншае. Я ўважліва слухаў і баяўся паварухнуцца. Мне здавалася, што расказвае ён усё гэта не мне, а самому сабе. Ва ўсякім разе, узнікала такое ўражанне, што ён апраўдваецца перад сабой.

— Вось і ўсё, — нечакана скончыў ён свой аповед.

Зноў павісла маўчанне.

— Навошта вы патакаеце яму? — выціснуў я непераканаўча, абы не маўчаць.

Ён уздрыгнуў і злосна зіркнуў на мяне.

— Што ты разумееш у гэтым, дурань? — ён адпусціў мяне.

— Пайшоў прэч, неданосак! — нечакана сказаў ён і рушыў да школы.

Мне падалося, што сказаў ён гэта праз слёзы. Я памыляўся. Ніякіх слёз не магло быць. Ён развучыўся плакаць, калі быў яшчэ немаўлём.

Я так і застаўся стаяць ля той старой бязверхай ліпы. Гэтае месца я буду наведваць потым яшчэ неаднойчы. Цягнуць мяне сюды будзе нездарма. Менавіта тут упершыню я спазнаў сваё раздваенне. На хвілінку мне падалося, што я — гэта Бонза, што Бонза — гэта я.

Загрузка...