16


Колькі мінае часу з таго моманту, калі ён пачаў губляць прытомнасць, не памятае. У пакоі, калі гэты сантэхнічны вузел можна назваць пакоем, валадарыць паўзмрок. Вокны ў ім адсутнічаюць. Выцяжка таксама. Праз замочную шчыліну прабіваецца танюсенькі струменьчык святла. Бачнасці гэта не дадае, але ў свядомасці пасяляецца хоць і кволая, але надзея, што недзе за каменнымі сценамі пануе жыццё. Ад падлогі цягне сырасцю. Калючы золкі холад ядавітай гадзюкай паўзе па грудзях да шыі. Свядомасць вяртае да рэчаіснасці, і, пераадольваючы слабасць, ён спрабуе падняцца з падлогі. Атрымліваецца гэта ў яго толькі з другога разу.

Непрацяглае абследаванне пакоя. Ага, памяшканне, у якім ён знаходзіцца, — бойлерная. Ва ўсякім выпадку, так ён для сябе вырашыў. Бо, калі ён робіць крок да дзвярэй, да той вузкай выратавальнай палоскі святла, яго выцягнутая рука адразу ж натыкаецца на трубу. Ніжэй яе знаходзіцца яшчэ адна труба, а ўздоўж сцяны — цэлы набор іх. Ля дзвярэй у падлозе жалезная рашотка. Пад ёю, на нявызначанай глыбіні, плёскаецца вада. Каб сагрэцца, ён пачынае рухацца па пакоі. Месца для гэтага мала, і ён увесь час натыкаецца на нейкія рэчы. Спатыкаецца, падае, падымаецца, зноў рухаецца. Болю не адчувае. Яго перабівае золкі холад. Ён упарта шпацыруе па пакоі і праз нейкі час саграецца. Вочы прызвычайваюцца да цемры, і абсталяванне набывае сапраўдныя формы. Больш дэталёвы агляд дазваляе выявіць, што дзве трубы, што ідуць ля падлогі, цёплыя. Ён уладкоўваецца ля іх і пачынае чакаць...

За ім прыходзяць пад вечар. Вызначае ён гэта па струменьчыку святла ў замочнай шчыліне. Струменьчык гэты робіцца шэрым, а праз нейкі час зусім знікае. Дзверы адчыняюцца, і дзіўнаваты чалавек загадвае яму збірацца. Мелеш некалькі хвілін марудзіць, потым кідаецца на яго з кулакамі. Моцны ўдар спыняе яго, вымушае супакоіцца.

— Рукі за спіну, — загадвае яму амбал. Мелеш пакорліва выконвае загад.

— Будзеш рыпацца — не выйдзеш адсюль ніколі, — папярэджвае яго ахоўнік. — Усё роўна для тых, хто цябе ведаў, ты ўжо нябожчык. Не глядзі воўкам. Тваё жыццё абарвалася ў п’янай бойцы тры дні таму. Цябе знайшлі знявечанага на чыгуначным пуці. А ўчора твой труп пахавалі на гарадскіх могілках за дзяржаўны кошт, як бяздомнага.

— Лухта!

— Вядома, лухта, — згаджаецца ахоўнік. — Але лухце вераць таксама. Інфармацыя аб тваёй заўчаснай смерці прайшла ва ўсіх крымінальных хроніках. На вось, палюбуйся, — мужчына падае яму газету і запальвае кішэнны ліхтарык.

Чалавек на здымку знявечаны да непазнавальнасці.

— Нашто вам гэты спектакль? — пытаецца ён амаль бязвольна.

— Чаго ты такі нецярплівы? Хутка даведаешся, — буркае ахоўнік.

Яны выходзяць з памяшкання і крочаць паўасветленым вузкім калідорчыкам. Мелеш мітусліва азіраецца і не можа зразумець, што з ім адбываецца. Крокі гулка адзываюцца ў свядомасці. Трывожныя думкі вярэдзяць душу. За плячыма чуецца цяжкае дыханне ахоўніка, і ён пакорліва крочыць насустрач сваёй смерці. Лёгкі штуршок у плечы вяртае яго да рэальнасці. Ён уздымае вочы. Насустрач ім рухаецца яшчэ нехта. «Выходзіць, я тут не адзін», — мільгае маланкай трывожная думка. Праз хвіліну незнаёмцы раўняюцца з ім. Відавочна, што адзін з іх такі ж ахоўнік, як і яго. Другі — малады хлопец. Мелеш бегла зіркае на яго. Іх позіркі на хвіліну перасякаюцца.

— Чыба! — крычыць ён ашалела, не адчуваючы моцы свайго голасу. — Братуха!

На твары хлопца з’яўляецца здзіўленне.

— Эдзька, — кідаецца з крыкам той яму насустрач. Мелеш бачыць, як яго хапаюць за плячо і збіваюць з ног.

— Стоп! Стоп! Стоп! — чуе ён побач. — Выключыце фанаграму.

Перад ім паўстае постаць Лёшкі. Нехта запальвае электрычнасць. І ад збытку святла Мелеш заплюшчвае вочы.

— Стоп! Стоп! Стоп! — ляпае ў ладкі Лёшка. — Ты гэтага хацеў, Мелеш? — цынічна звяртаецца да яго ён. Па твары распаўзаецца шальмаватая ўсмешка.

Мелеш адпіхвае яго і кідаецца да Чыбы. Моцна сціскае ў абдымках. На вачах у аднаго і другога слёзы.

— Віцёк, якога ражна ты тут! Што яны зрабілі з табою?

— Хопіць! Хопіць! — паспешліва расцягвае іх амбал. — Усе свабодныя…

Падзямелле, з якога яны выходзяць, — звычайны склеп. Вечарэе. За высокай цаглянаю загароджай — вірлівая гарадская вуліца. Мелеш мітусліва азіраецца. Ён пазнае гэты дворык, праз які яны крочаць да жалезнай брамкі. Пазнае ён і пяціпавярховік, які палае вокнамі насупраць.

— Які ж ты ўсё-такі сентыментальны, — ляпае яго па плячы Лёшка.

— Пайшоў ты! — ўхіляецца Мелеш.

— Не жадаеш размаўляць? — усміхаецца Лёшка. — А давядзецца. Мы з табою, Мелеш, цяпер моцна павязаныя. Самім жыццём.

Ён адмыкае няспешна брамку і паказвае вачыма на выхад.

— Нічога не хочаш сказаць на развітанне?

— Вар’ят! Табе трэба лячыцца.

— Я — толькі тваё адлюстраванне, Мелеш.

— Пайшоў ты! — злосна кідае яму Мелеш. Чуе, як за плячыма клацае зашчапка, і звяртаецца да Чыбы: — Пайшлі, братуха!

Загрузка...