Дзверы маюць непрывабны знешні выгляд. Мелеш вагаецца хвіліну-другую, потым лёгенька штурхае іх плячом. Дзверы адчыняюцца, і ён уваходзіць у невялічкі кубічны пакойчык. Відавочна, гэта і ёсць тая самая апаратная, пра якую яму хвіліну назад згадваў вартаўнік. З парога ў вочы кідаецца прастата і беднасць інтэр’ера гэтага памяшкання: на сценах танныя шпалеры, столь з пажоўклай, месцамі патрэсканай атынкоўкай, лямпачка без абажура. Ён абмінае раскіданыя па падлозе пакункі і накіроўваецца да яшчэ адных дзвярэй. З-за іх далятае ціхая музыка з дамешкам нечых прыглушаных галасоў. Мелешу падаецца, што мужчыны спрачаюцца. Напаўдарозе яму сустракаецца плячысты мужчына з шэрым выцягнутым тварам. Ён вылятае з пакоя, куды накіроўваецца Мелеш, і адорвае яго беглым збянтэжаным позіркам.
— Змій, ад каго гэта там смярдзіць? — чуе Мелеш з-за паўадчыненых дзвярэй.
— Ты хто? — цікавіцца амбал.
Мелеш з адказам марудзіць. Ненатуральнасць таго, што адбываецца, выклікае хвіліннае хваляванне. Некаторы час яны моўчкі вывучаюць адзін аднаго.
— Ты хто? — паўтарае амбал.
— Я? — здзіўлена паціскае плячыма Мелеш. — Ды так, ніхто, можна сказаць.
— Чаго тады прыпёрся?
— Падказалі, што тут нібыта брат мой працуе …
— Змій, хто там завітаў да нас?
У дзвярным прагале праяўляецца постаць яшчэ аднаго мужчыны. Кепская асвятляльнасць не дазваляе Мелешу як след разгледзець яго. Першае, што кідаецца яму ў вочы, гэта тое, што ў параўнанні з калегам гэты зусім яшчэ юнак.
— Значыць, Чыбу шукаеш? — вытужвае ўсмешку амбал.
Мелеш ківае галавой.
— А ці ведаеш ты, што твой брат — галубец? — нахабна ўмешваецца ў размову малады. — За што толькі людзі любяць блакітныя колеры?
— Заткніся! — рэзка спыняе яго амбал. — Чыба тут больш не працуе. Турнуў яго гаспадар. У палітыку хлопец палез. А палітыка — справа брудная.
— У палітыку? — здзіўляецца Мелеш.
— З блакітнымі блытаўся на майдане. На працы працяглы час адсутнічаў.
— З блакітнымі? З якімі блакітнымі? — збянтэжана перапытвае Мелеш.
— Змій, пашлі яго! — загадвае малады. — Ён жа дурня валяе, гад!
— Палітыка — справа брудная, — паўтарае амбал.
«Магчыма, так яно і ёсць. Але пры чым тут Чыба? Ён жа, акрамя сваёй флейты, нічога больш не ведае», — неўразумела пазірае на амбала Мелеш.
— Скажыце, магу я пагутарыць з вашым дырэктарам? — цікавіцца Мелеш.
— Ха-ха-ха! Во дае, сабака! Хто ты такі, каб гутарыць з нашым дырэктарам? — шчыльна падступае да Мелеша малады. Ад яго смярдзіць перагарам.
Мелеш не стрымліваецца і хапае яго за грудкі.
— Гніда! — цэдзіць ён праз зубы. — Ты чаго лезеш? Я з табой размаўляю?
— Перастаньце, — разнімае іх амбал. — Вы што, здурнелі? Дырэктар ва ўпраўленні на нарадзе. Калі вернецца, не ведаем.
— Як завуць дырэктара?
— Якая табе розніца?
Мелеш папраўляе кашулю і, не развітаўшыся, накіроўваецца да выхаду. Спускаючыся па лесвіцы, ледзь не збівае з ног мужчыну. Просіць у яго прабачэння і азіраецца. На хвілінку яму падаецца, што яны недзе ўжо сустракаліся. Высвятляць, дзе і калі, няма часу. Шыбка збягае ўніз і накіроўваецца да падземкі.
Ля пераходу людна. Заўважае ён гэта здалёк і міжволі запавольвае хаду. Непадалёку ад падземкі ён бачыць машыну хуткай дапамогі і міліцэйскі УАЗік. Прадчуванне небяспекі вымушае яго марудзіць. Ля машын валяецца разламаная інвалідная каляска. Мелеш з жахам узіраецца ў твары людзей і не можа дацяміць, што здарылася. Немалады мужчына нешта заўзята тлумачыць маёру міліцыі. Мелеш зазірае праз расчыненыя дзверцы ў салон і пазнае інваліда.
— Мужчына! — чуе ён за плячыма нечы папераджальны вокліч. — Адыдзіце ад машыны!
Мелеш азіраецца. Насустрач яму спяшаецца міліцыянер.
«Толькі гэтага мне не хапала», — паспявае падумаць ён і чуе:
— Таварыш маёр, затрымайце яго, гэта ён толькі што размаўляў з інвалідам.
Марудзіць не выпадае. Інстынкт самазахавання падказвае, што трэба рабіць. Мелеш кідаецца да падземкі і чуе патрабавальныя загады спыніцца. Ля ўваходу ён ледзь не збівае з ног жанчыну. Тупат за плячыма зусім блізка, і ён паскарае бег. Пераадольвае пераход і зноў апынаецца наверсе. На платформе ідзе пасадка ў электрычку. «Галоўнае — змяшацца з натоўпам», — думае ён і заскоквае ў вагон.
— Мужчына, ваш квіток! Мужчына!.. — лямантуе яму ўслед правадніца.
Мелеш дабягае да тамбура, адмыкае дзверы і саскоквае на супрацьлеглы бок перона. Хуценька перасякае пуці і апынаецца на цэнтральнай гарадской вуліцы. Тралейбусы паркуюцца на супрацьлеглым баку. Ён паспявае заскочыць у першы, які адыходзіць, і, калі дзверы зачыняюцца, з палёгкай уздыхае…