У іх кватэры заўсёды пахла крадзеным. Гэта былі своеасаблівыя пахі. Яны мне нагадвалі нечым пахі нашага гарадскога універмага, усяго пакрыху: галантарэі і парфуму, абутку і адзення, посуду і мыдліку. Калідор быў заўсёды загрувашчаны. На падлозе валяліся нейкія пакункі і скруткі. Хапала гэтага дабра і ў астатніх пакоях.
Пераехалі яны ў наш горад з поўначы краіны, нібыта з Віцебскай вобласці. Як выявілася пазней, з-пад Пскова. Мяне на той час такія геаграфічныя падрабязнасці ў біяграфіі гэтай сям’і не цікавілі, для мяне — хоць з Афрыкі. Для маіх бацькоў гэты факт быў чамусьці немалаважным. Яны не праміналі магчымасці, каб не падкрэсліць, што нашы суседзі кацапы. У залежнасці ад настрою іх яшчэ называлі ўсходнікамі. Я ніколі не заглыбляўся ў сэнс гэтых незнаёмых мне слоў, я быў яшчэ зусім зялёным, каб разбірацца ў словаблуддзі дарослых. Аднак нейкую ўнутраную насцярожанасць, нейкі невытлумачальны дыскамфорт гэтыя словы, напэўна, неслі ў сабе. З цягам часу і я стаў называць яго кацапам. Жылі мы тады ў адным з прамысловых раёнаў, на самай ускраіне горада, у невялічкай двухпакаёвай хрушчобе. Бацькоў маіх такія жыццёвыя ўмовы задавальнялі цалкам: асобная кухня, прыбіральня, два прахадныя пакоі. У дзяцінстве мне заўсёды хацелася мець браціка, але мары мае так і заставаліся марамі. Мая маці пасля майго нараджэння дзяцей мець не магла. Нешта ў яе незаладзілася пры родах. Нарадзіўся я на свет раней тэрміну, у пакутах, з-за чаго, пэўна, маці і памерла заўчасна. Яе няшчырасць і нелюбоў да мяне, якіх яна ніколі не хавала, я таксама звязваў з гэтым. Паступова я звыкнуўся і не трымаў на яе крыўды. Відавочна, лічыў я, і ў сям’і павінны быць таксама свае казлы адпушчэння. Мяне вінавацілі ва ўсіх мажлівых і немажлівых грахах і інакш, як дзяўчынкай, не называлі. «О, у нашай прыгажуні рэжуцца зубкі!» — здзіўлялася мама. «Паглядзіце, наша краля хадзіць навучылася!» — усміхаўся цынічна бацька. З цягам часу, калі падрос і пачаў разумець сапраўдны сэнс гэтых зняважлівых слоў, я пачаў не тоячыся выказваць свае крыўды. Мяне абвінавачвалі ў адсутнасці пачуцця гумару. Так упершыню да мяне прыйшло ўсведамленне, што, акрамя радасці, ёсць і пакуты.
— Лес няроўны, людзі таксама, — неаднойчы суцяшала мяне нябожчыца бабуля, шчыльна прыціскаючы да сябе. Яна была адзіным маім заступнікам і адвакатам. На жаль, век яе быў нядоўгі. Пасля яе смерці я застаўся сам-насам з гэтым няпэўным і несправядлівым светам. Ва ўсякім разе, так мне тады здавалася. Адналеткаў маіх у двары можна было пералічыць па пальцах. Таму гуляць мне даводзілася пераважна аднаму. А гэта ў маім разуменні было раўнаважным пакаранню адзінотай. Вас ніколі не каралі адзінотай? Жахлівая рэч! Зведаў на сабе неаднойчы. За любую правіннасць мяне зачынялі аднаго ў пакоі на невызначаны тэрмін і ставілі на калені на гарох. Больш чым паўгадзіны я пратрымацца не мог. Потым пачынаў енчыць і калаціць кулакамі ў дзверы. Адмыкала іх звычайна мама. Я з крыкам кідаўся да яе ў абдымкі, зашываўся ў прыпол і даваў волю слязам. Яна прыціскала мяне да сябе і патрабавала нейкіх абяццанняў. Я абяцаў, вядома, але праз нейкі час усё паўтаралася. Мне як паветра не хапала сяброў. Напэўна, адзінокім сябе я пачуваў тады ўжо, хоць дакладна і не ведаў, што гэта за пачуццё такое — адзінота. І тут ён — як снег на галаву. Я настолькі абрадаваўся яго паяўленню, што прыпёрся да іх на кватэру ў той жа дзень, калі яны пераехалі. Тым больш што ісці не трэба было далёка. Пасяліліся ўсходнікі ў кватэры насупраць. Планы мае былі на той час, скажам шчыра, напалеонаўскія. «Вось з кім я цяпер буду сябраваць!» — вырашыў я. Прызнаюся, дзеля гэтага сяброўства я тады шмат чым быў здольны ахвяраваць.
У першы клас нас прывялі ў адну школу, болей таго, пасадзілі за адну парту. Ад шчасця я лётаў у нябёсах. Я навязваў яму сябе як толькі мог. Я хацеў яму спадабацца. Але сяброўства наша чамусьці не задавалася з самага пачатку. Бонза не ўспрыняў маіх намаганняў, ацаніў па-свойму мае здольнасці. Хто даў яму такую мянушку, ніхто ў класе дакладна не ведаў. Сярод шматлікіх версій самай верагоднай была, што быццам бы яго бацька па нацыянальнасці мангол. Нешта неславянскае ў яго знешнасці, безумоўна, прысутнічала, таму ўсе пагадзіліся з гэтым. Пра нейкія іншыя варыянты можна гаварыць толькі зараз, калі мінула шмат часу. Нам жа тады было не да падрабязнасцей. Бонза, ды й Бонза! Вучыўся ён кепска, і з паводзінамі ў яго былі праблемы. Асабліва ён не ладзіў з граматыкай. І чытаць ён умеў кепска. Але гэта, па ўсім відаць, турбавала яго мала. Свае недахопы інтэлектуальныя ён кампенсаваў выдатнымі фізічнымі здольнасцямі. Нашмат пазней мы даведаемся, што і са здароўем у яго былі нелады. Нічога пэўнага пра ўсходнікаў ніхто з нас тады не ведаў. Для нас гэта была закрытая тэма. Хадзілі чуткі, што нібыта яго бацька былы зэк, што адбываў ён свой тэрмін за зладзейства. Але чуткі так заставаліся чуткамі, неразгаданай тайнай. Адно, у чым мы былі больш-менш перакананыя, гэта тое, што яго бацькі займаюцца фарцоўкай, перакупляюць і перапрадаюць набытае. Займацца такімі справамі было на той час і небяспечна, і амаральна. Аднак і гэтыя скупыя і недакладныя звесткі, якімі я дзялюся з вамі цяпер, даходзілі да нас праз трэція рукі, таму ім таксама не трэба асабліва давяраць. Мая мама была не зусім задаволеная маім жаданнем пасябраваць з гэтым нелюдзем, як яна яго называла часта, і неаднойчы папярэджвала мяне:
— Не путайся ты з ім, да дабра гэта не давядзе. Нічога карыснага ён табе даць не зможа. Вы розныя…
Я згодна матляў галавой, каб не хваляваць яе, а сам употай працягваў шукаць з ім сустрэч. Скуль мне было ведаць тады сапраўдныя прычыны гэтай маёй прывязанасці да яго. Магчыма, з-за маіх няўдалых спроб пасябраваць з ім да мяне і прыляпілася тая мянушка — Гомік. Я крыўдзіўся і злаваўся на ўвесь свет. Але, каб заткнуць рот гэтым дурням, трэба было мець неабходныя фізічныя здольнасці. Іх у мяне не было. Мяне па-ранейшаму называлі дзяўчынкай.
Бонза мяне люта ненавідзеў і ігнараваў пры любой магчымасці. У дзяцінстве нас цікавяць не інтэлектуальныя здольнасці, а фізічныя. Мы чэрпаем вопыт не з кніжак, а з асабістых прыкладаў, з сапраўднага жыцця. Нічым пахваліцца ў гэтым плане я ні перад кім не мог. Я быў фізічна адсталым, і мне пры жаданні магла начысціць морду любая дзяўчына ў класе. Хто ж стане сябраваць з такім дыстрофікам? У яго атрымлівалася ўсё наадварот, ён меў неаспрэчны аўтарытэт у школе. Яго абыходзілі бокам нават нашмат старэйшыя хлопцы. Верагодна, гэтая фізічная моц у ім і вабіла мяне.
— Баяцца — значыць паважаюць, — паджучваў мяне і бацька. — Бяры прыклад, а то так і вырасцеш размазнёй.
Цярплівы ганарыцца сваёй цярплівасцю. Акрамя гэтага, мне, відавочна, не было чым ганарыцца.
Неяк аднойчы мне давялося заспець Бонзу за не зусім звыклым заняткам. Я прапусціў у той дзень урокі і забег да яго за раскладам. Звычайна на мой званок дзверы мне адчыняў нехта з дарослых, пераважна гэта была яго маці. Яна баязліва высоўвала галаву з паўадчыненых дзвярэй і некалькі хвілін пільна вывучала мяне позіркам. Здавалася, што яна не пазнае мяне. І тады я імкнуўся нагадаць ёй:
— Гэта я, Алег, — тыцкаў я сябе пальцам у грудзі і паказваў вачыма на дзверы нашай кватэры. Твар жанчыны расплываўся ў бязгучнай усмешцы:
— Ваўлерык! — картавіла яна, звяртаючыся некуды ўглыб памяшкання.
Я не разумеў гэтай яе ўсмешкі і збянтэжана перамінаўся з нагі на нагу, чакаючы, пакуль у праёме дзвярэй не з’явіцца белабрысая галава Бонзы.
— Ваўлерык! — гукала настойліва жанчына некуды ў цемру. — Да цябе прыйшлі.
Праз няпэўны час з-за пакункаў выплывала размытая атлетычная постаць Бонзы. Ён заўсёды быў нечым незадаволены. Мне здавалася, што гэтая ягоная незадаволенасць павялічваецца ўдвая, калі ён бачыць мяне.
— Што трэба? — коратка пытаўся ён, ніколі не гледзячы ў вочы. Выходзіў на лесвічную пляцоўку і шчыльна зачыняў за сабою дзверы.
Усе размовы нашы адбываліся на лесвічнай пляцоўцы. У кватэру мяне звычайна не пускалі. Ад хвалявання я забываў пра мэты свайго візіту і мармытаў нешта неўразумелае. Верагодна, я апраўдваўся перад ім. Я нёс розную бязглуздзіцу. Яго твар пакрываўся густой чырванню. Гэта азначала, што ён злуецца. Нашы размовы абмяжоўваліся некалькімі канкрэтнымі пытаннямі з яго боку і маім хвілінным неўразумелым мыканнем. Я сыходзіў пераважна пакрыўджанным, бо ў свой адрас заўсёды чуў адну толькі абразу. Я цярпеў, але гэта не значыць, што я быў з гэтым згодны. Пасля такога візіту я пераконваў сабе, што нага мая больш не ступіць на гэты парог. Але мінаў час, і я забываў на свае крыўды і абяцанні. Мяне цягнула да яго зноў, як магнітам. Болей таго, чым больш жорстка ён са мною абыходзіўся, тым хутчэй я забываўся на ўсё.
На гэты раз я таксама па звычцы пазваніў у дзверы. Счакаў хвіліну і пазваніў яшчэ раз. Дзіўна, але на мой званок ніхто не адазваўся. Я счакаў і лёгенька штурхнуў плячом дзверы. Яны адчыніліся. Пастаяў некалькі хвілін ў нерашучасці, потым пераступіў парог. У калідоры валадарыў паўзмрок. Шчыліны з паўадчыненых дзвярэй на кухню сеялі светлавы пыл. У суседнім пакоі гарланіў магнітафон. З кухні смярдзела спаленым салам. Я стаяў у нерашучасці, прывыкаючы да цемры. Колькі хвілін мінула з таго моманту, як я пераступіў парог, не памятаю. Калі ад напругі пачалі зацякаць ногі, варухнуўся і пачаў асцярожна прасоўвацца між пакункаў да святла. Праз хвіліну дасягнуў паўадчыненых дзвярэй, але адчыніць іх цалкам не адважыўся. Тое, што я ўбачыў, спыніла і напалохала мяне. Пасярод пакоя ля вялікай эмаліраванай місы, напоўненай па самыя берагі гарачай вадой, на каленях стаяў Бонза. Побач з ім на зэдліку сядзеў сярэдніх гадоў мужчына, яго ногі былі спушчаныя ў місу. Бонза намыльваў іх і расціраў пену па лытках. Я маўкліва сачыў за спрытнымі рухамі яго рук і баяўся паварушыцца. Я рабіўся нявольным саўдзельнікам гэтага нязвыклага для мяне дзейства. Праз хвіліну, калі маё здранцвенне мінула, я памкнуўся незаўважана пакінуць памяшканне. Мая нязграбнасць прыцягнула ўвагу мужчыны.
— Малец, ты нешта хацеў? — прыўстаў ён з зэдліка. Бонза таксама азірнуўся. Нашы погляды перасякліся. Нянавісць і злосць мільганулі ў яго зрэнках. Было заўважна, што яму няёмка і што ён не жадае дзяліцца са мной сваім прыніжэннем.
— Пакорлівае цялатка ад дзвюх матак харчуецца, — хаўрусна падміргнуў мне мужчына. — Ну, чаго ты, чаго?.. Праходзь! — зарагатаў ён і зіркнуў на Бонзу. Мне падалося, што мужчына на падпітку.
— Што трэба? — вылупіўся на мяне Бонза, скарыстаўшыся паўзай. — Чаго прывалокся?
Ён падхапіўся з каленяў і рушыў да мяне. Мне падалося, што яшчэ імгненне — і ён заедзе мне ў морду. Я падаўся да выхаду, але зачапіўся нагой за пакунак і расцягнуўся на падлозе. Мяне засыпала нейкімі рэчамі. Я разгроб іх рукамі, падхапіўся і кінуўся да дзвярэй. Я чуў за плячыма яго паспешлівыя крокі, але не азірнуўся.
На наступны дзень Бонза не з’явіўся на заняткі. Я захваляваўся. Мне падалося, што прычынай таму мог быць учарашні выпадак. Вечарам ён наведаў мяне сам. Пастукаўся ў дзверы і, калі я адчыніў яму, прапанаваў пагуляць. Я прыняў яго прапанову з радасцю. Ён жа зацягнуў мяне ў нейкі кут, за шчытавую, напэўна, каб нас менш хто бачыў.
— Ты нічога не бачыў, зразумеў? — ядавіта прахрыпеў ён, прыціскаючы мяне да сцяны.
Я моўчкі кіўнуў галавой, не разумеючы, чаго ён ад мяне патрабуе. Ён страсянуў мяне за грудкі і паваліў на зямлю.
— Ты нічога не бачыў, прыдурак!
Я заплакаў ад крыўды.
— Вякнеш каму-небудзь — заб’ю.