1


Ноччу мне сніцца, што я палюю на зайцоў. Страляю па іх са стрэльбы з блізкай адлегласці. Крывішчы вакол! Жах! А гэтым стварэнням хоць бы хны, сядзяць і брывом не вядуць. Ух, трасца вашай матары!..

Вы толькі не падумайце, што я і сапраўды садыст нейкі. Гэта я толькі ў сне такі ваяўнічы, а насамрэч я — чалавек добры, мухі не пакрыўджу. Гэтыя сны — насланнё нейкае сатанінскае! Яны самага бяскрыўднага дурнем зробяць. І ўсё з-за дзіўнай, уласцівай толькі ім адным, логікі. А людзям што? Людзі прывыклі ўсё на свой капыл мераць. Людзям толькі зачэпку дай, і яны такога напрыдумляюць. А тут і прыдумляць нічога не трэба, тут іншы раз такая лухта мроіцца — ні сесці, ні ўпасці. Карацей, не ведаю, як вы, а я лічу, што дурасць у сне даравальная. Гэта ж вам не сапраўднае жыццё і нават не кінастужкі мастацкія, гэта — сны, і мне па іх сцэнарыяў не пісаць. Хоць паспрабаваць не зашкодзіла б, глядзіш, мо тады і жыццё наладзілася б, і галадаць не давялося б. Вось толькі ці стане запатрабаванаю тая мая пісаніна на мове, на якой мала хто сёння чытае?

Прачынаюся злосны і знявераны. Не да весялосці, вядома: і зайцы цю-цю, і голад басанож у жываце маршыруе! Узіраюся ў начное неба і імкнуся дакапацца да вытокаў маёй толькі што прымроенай жорсткасці. Аднаўляю ў памяці паслядоўнасць нядаўніх падзей, спрабую знайсці ім разгадку. Не гледзячы, што лічу сябе чалавекам адукаваным, на гэты раз у сваіх прароцтвах сумняваюся. І не без падстаў. Бо калі нават пагадзіцца з тым жа Мілерам, а гэта вам не я са сваімі дылетанцкімі ведамі, то нічога станоўчага мне ў перспектыве сон мой не прадракае. Наадварот, для таго каб вярнуць раней страчаныя свае пазіцыі, мне давядзецца прыбегнуць яшчэ да нейкіх жорсткіх дзеянняў. Да якіх і супраць каго — пакуль пытанне. Вось толькі ці пад сілу зрабіць гэта мне, чалавеку самотнаму, без таго стомленаму жыццём, бяздомніку, можна сказаць, які пераносіць уражанні з дня сённяшняга ў дзень заўтрашні з адной толькі мэтай — каб пакутаваць? Хутчэй не, чым так. Бо пакуты, перакананы я, гэта ўсяго толькі пачатак новых пакут...

Па Фрэйду і ўвогуле нейкая дурнота атрымліваецца. Да такога яшчэ дадумацца трэба! Як выяўляецца, мяне ў хуткім часе чакае інтымная блізкасць з непаўналетнімі. Вось так! Ні больш і не менш. Жудасць і годзе!.. Скажы каму, засмяюць. Што я вам, педафіл нейкі? Мне б чарвяка замарыць ды цыгарэтку выкурыць. Фантазёры, а каб вас... Гэта я пра клеркаў з розных дабрачынных «кантор», накшталт нашага «Чырвонага Крыжа». Куды толькі глядзяць, шайка-лейка?! На даверлівасці нашай нажываюцца, сумленных людзей за нос водзяць, а ў гэты час у цэнтры Еўропы такія, як я, небаракі з хлеба на квас перабіваюцца. І хоць бы якая табе паблажка!..

А на вуліцы ноч. І прыродзе не да мяне. Яна, бачыце, сама стамілася ад нейкіх там катаклізмаў! Ёй, бачыце, не да такіх вар’ятаў, як я, тым больш не да іх змагання за свае правы і свабоды… Ляжу, аблажыўшыся лапнікам, нібыта ў буслянцы якой, і мару аб ежы. А недзе побач, ля ног, дае храпака мая краіна. І неба над ёю халоднае і празрыстае — не неба, а размаіты дыван, аблеплены бурштынавымі зоркамі, з поўняю спелай і набрынялай, нібыта ў каровы вымя. Афігець і не прачнуцца!.. А вакол — ні душы. Вакол сутонне, раздрапанае веццем, ды цішыня — жудасць якая. Такая толькі перад канцом свету бывае. А можа гэта я аглух ад свайго працяглага маўчання?

— А-а-а!.. — выціскаю я. Вантробны хрып непрыемна ласкоча горла і, не нарадзіўшыся, застрае ў сярэдзіне спакутванага бяссонем цела. «Ну і фіг з вамі! — злуюся я. — Для мяне цяпер і маўчанне занятак. Не адмаўляцца ж мне ад яго. Яму таксама належная замена патрэбная.»

Варочаюся з боку на бок — выцягвае гізунты бяссонне. Непатрэбшчына розная ў галаву лезе — не адагнацца. І курыць хочацца. Адным словам, не ў жылу мне, трах-табе-дах-табе-дах!..

Хутка світаць пачне. Вунь неба якое ружовае на даляглядзе. А мо гэта начны горад агнямі палае?! Ух, сілы маёй няма! Што ж мне цяпер усё жыццё з гэтай цішынёй размаўляць?! Не, не з рукі мне ў хамут біць! Ваўка ногі кормяць! Збіраю пад пахі манаткі і валакуся куды вочы глядзяць. Ногі самі нясуць здранцвелае, заляжалае пасля працяглага валяння цела насустрач новым нязручнасцям. Ногі, пэўна, для таго і дадзеныя Богам, каб вадзіць нас па грэшнай зямлі пераважна ў адным накірунку, у пошуках ежы.

Дарога выбоістая і віхлястая, нібыта маё жыццё. Дарога нешта ўтойвае, і прадчуванне нейкай няяснай трывогі не пакідае мяне ні на хвілінку. Відаць, гэты дзень для таго і нараджаецца зараз, каб спакаваць у сябе ўвесь гэты мой боль, усю маю трывогу і ўсе мае пакуты. А яшчэ маленькую кропельку радасці — тую, якой я даражу болей за ўсё на свеце.

Застаялая ноч паміраць не хоча. Прырода і тая здзекваецца з мяне. І ўсё ж сутонне пакрыху рассейваецца, і далячынь над аляпаватымі шэрымі будынкамі робіцца празрыстаю. Бухматыя здані таполяў, падпаленыя першымі сонечнымі промнямі, ужо адчулі пяшчоту і цеплыню новага дня.

— Божа справядлівы! Божа магутны! — шапчу я абрадавана, склаўшы малітоўна рукі. — Ты вярнуў мне слых, і я зноў здольны чуць наваколле!

— Шу-шу-шу, — палахліва перашэптваюцца таполі. Гэта ў іх густы покрыў пракраўся вецер.

— Божа літасцівы! — мітусліва азіраюся я. — Дзе ёсць той Твой скарб, пра які гаворыць Хрыстос: «…дзе Ён, там і Маё сэрца»? Дапамажы мне спазнаць тыя неспазнаныя ісціны, дапамажы пераадолець цяжкасці, дапамажы захацець тое, што хочаш Ты, бо, калі Ты ёсць, Ты — Сонца! Мне зімна і голадна, Божа!.. Сагрэй мяне!..

Цішыня абрастае новымі гукамі, і мой слых ужо здольны пачуць гудзенне мух, вясёлы птушыны шчэбет і амаль нячутнае тахканне колаў цягніка. Постук гэты расце з кожнай хвілінай і праз пэўны час ператвараецца ў блізкі грукат. Невытлумачальная радасць ахоплівае мяне. Цела працінае дрыготкая гаючая цеплыня. Прадчуванне нечага таемнага, нечага яшчэ неспазнанага падштурхоўвае мяне да не зусім зразумелых учынкаў. Удалечыні віднеецца жылы мегаполіс. Гэта і ёсць мой горад — той, што корміць і апранае мяне, той, на які мне і крыўдаваць не з рукі, бо жыць у ім — ужо кампраміс. Горад матэрыялізуецца адзінаю жоўтаю плямай, і я іду ёй насустрач. Іду, каб у чарговы раз падманвацца, бо разлічваць, што знайду ў ім для сябе нейкі прырабатак, не даводзіцца. А гэта значыць, што і сёння мне давядзецца галадаць…

Загрузка...