Што ён — дурань, каб паказвацца без патрэбы на вочы людзям? Паліто шырачэзнае… Капялюш скураны… Шалік на шыі… Хто яшчэ так апранаецца ў горадзе? А шрам на твары?.. Адзін шрам чаго варты?.. Людзі ж — сволачы, усё прыкмячаюць. Паказаўся ў людным месцы — не адмажашся. Здадуць, як піць даць здадуць. На адны пытанні стомішся адказваць: хто?.. адкуль?.. куды?.. І ў Лупоніка жыць небяспечна. Цікуе, выпытвае, вынюхвае… Здасць калі-небудзь…
Буднік глядзіць на сабор. На гэтае Замчышча ён прыходзіць не аднойчы ўжо, начамі, каб менш хто бачыў. Нашто яму праблемы. Сёння ўсё будзе па-іншаму. Сёння ён адважыцца адчыніць дзверы храма і азнаёміцца з яго інтэр’ерам. Недзе ў гэтых мурах, у адной са шматлікіх ніш, пад цаглянаю кладкаю надзейна схаваны Крыж Еўфрасінні Полацкай. Не падробка нейкая, а сапраўдны, зроблены ювелірам Лазарам Богшам. Брахня гэта ўсё, што быццам бы Крыж той захоўваецца ў расейскіх фондасховішчах. Плёткі! За межы горада яго ніхто ніколі не вывозіў… Баяліся… Надпіс на ім быў выбіты незвычайны — заклінанне: той, хто адважыцца зрабіць гэта, пракляты будзе святой жыватворнай Тройцаю. Так што, калі і вывозілі, то вывозілі не Крыж, а шматлікія падробкі. Менавіта адна з іх і знікла пад час Другой сусветнай вайны. І Буднік тое ведае не з чутак. Гісторыю пра знікненне Крыжа яму распавёў некалі стары яўрэй з Задзвіння. А яўрэі — людзі разумныя, ведаюць, што гавораць. Болей таго, Буднік здагадваецца і пра месца, дзе можа захоўвацца Крыж зараз. Гэтыя муры Буднік яшчэ ў юнацтве, калі навучаўся ў тэхнікуме, абшныпарыў. Ведае кожны закуток. Знайсці Крыж тады, праўда, яму не ўдалося. Блізка быў да мэты, але хіба каму тое трэба было тады? На яго пазіралі як на вар’ята. Яму заміналі, а не дапамагалі. Няма вялікай упэўненасці, што і зараз у яго нешта атрымаецца. Не з рукі яму аднаму займацца такой справаю. Тут надзейны паплечнік патрэбен. Разумны і вопытны… А дзе яго возьмеш? Хіба здатны на гэта Лупонік? Не, з гэтым парсюком на такую справу не пойдзеш... Забаіцца і здасць…
Толькі Бог з ім, з Лупонікам. Не па Крыж ён сюды прыйшоў сёння. «Нашто мне той крыж? — не без падстаў разважае Буднік. — Гэта ў юнацтве я імкнуўся даказаць людзям недаказальнае. А зараз?..» Зараз ён разумее, што людзям, акрамя іх асабістай значнасці, нічога не цікава. Зараз у яго іншыя мэты…
Сёння яму шанцуе. Сёння, па ўсім відаць, нейкае вялікае свята. Інакш як растлумачыць тое скопішча людзей ля Сафіі? Ён здымае з галавы свой скураны капялюш, запіхвае яго за пазуху і выходзіць з-за дрэва, за якім увесь гэты час хаваўся. Растварыцца ў натоўпе няцяжка. Галоўнае, не глядзець гэтым свалачам у вочы…
Храм сустракае яго прыхільна. Напэўна, гэтыя муры нават і не здагадваюцца, што задумаў гэты чалавек.
Буднік скоса паглядвае на арган, на абразы і ловіць сябе на думцы, што абыякавы да ўсёй гэтай велічнасці і прыгажосці. Яму зноў узгадваецца невялічкая царква, куды ён не так даўно хадзіў на пошукі Бога. «Уся гэтая веліч для таго, каб чалавек мог адчуць сваю нікчэмнасць. Кожны час мае сваіх багоў, — прыходзіць да высновы Буднік. — Інакш нашто было столькі разоў перабудоўваць усё гэта…»
Ён выходзіць з храма і абыходзіць яго па перыметры. Знаходзіць вачамі месца, дзе ноччу прыхаваў бомбы: яны нікім не кранутыя…