10


Безумоўна, гэта братава флейта. Мелеш пазнае яе — абшарпаную і трэснутую ў некалькіх месцах і цяпер наўрад ці прыдатную для выкарыстання, без футляра, апаганеную дотыкам мноства неахайных рук. Надрапаная на ёй шмат гадоў таму літара «Ч» амаль сцёрлася, і ўсё ж яна яшчэ сведчыць пра прыналежнасць сапраўднаму гаспадару. Людзі памятаюць тое, што яны хочуць памятаць…

Флейту Чыбе набылі пад дзень нараджэння, калі яму споўнілася шэсць гадоў. Ініцыятыва належыла айчыму, бо мара выхаваць з сына музыканта выспявала ў ім даўно. Удакладняць, чаму для сваіх мэтаў ён абраў флейту, ніхто з блізкіх не стаў, і без таго разумелі — задумка марная. Ну які з Чыбы музыкант? Мелеш на той час толькі вярнуўся з войска. Адносіны паміж ім і айчымам заставаліся па-ранейшаму складанымі. Каб не ўскладняць іх, ні ў якія хатнія справы ён не ўлазіў.

Гадаваўся Чыба хлапчуком капрызным. За два гады, пакуль Мелеш служыў у войску, ён мала ў чым памяняўся, хіба толькі падрос трошкі і папоўніў удвая свой слоўнікавы запас. У музычную школу яго сталі вадзіць па чарзе. Выпадала нярэдка гэта і Мелешу. Але, як бы таго не хацеў бацька, прывіць сыну любоў да музыкі з першай спробы не атрымалася. Са школы Чыбу вытурылі праз тыдзень зусім па банальнай прычыне. Мелеша выклікалі ў кабінет да дырэктара, і тлусты ачкарык, падобны хучэй да мясніка чым да музыканта, пасля непрацяглай выхаваўчай гутаркі цынічна заўважыў:

— На жаль, генія з вашага брата не атрымаецца. Так і перадайце бацькам.

— Гэта чаму? — здзівіўся Мелеш.

— Ён жа саплівы.

— І што? Усе дзеці саплівыя.

— Але яго соплі замінаюць іграць. Яны цякуць ручаём. Гэтага вам не перадаць!..

Ад сваёй задумы айчым не адмовіўся. І праз год Чыбу ў чарговы раз прывялі ў музычную школу. Напэўна, айчым ўсё ж на нешта спадзяваўся, інакш як можна патлумачыць гэтую яго настырнасць. Мінула яшчэ некалькі гадоў, і з брата атрымаўся някепскі музыкант. Мелеш за гэты час абзавёўся сям’ёй і жыў асобна. Бачыліся з братам яны цяпер рэдка. І ўсё ж на свой выпускны вечар Чыба яго запрасіць не забыў. Згодна з праграмай, братаў нумар быў заключным, а таму, каб паслухаць у яго выкананні знакамітае «Soft on Top» («Мяккасць на вяршыні»), Мелешу давялося чакаць амаль паўтары гадзіны. Чыба іграў бездакорна, як сапраўдны майстра. І калі яго выступ закончыўся, зала разрадзілася шквалам працяглых апладысментаў. Мелешам авалодала пачуццё гонару. Заўважыў ён задаволенасць і на твары дырэктара школы — таго самага тлустага мясніка-ачкарыка, які выклікаў яго некалі да сябе ў кабінет. Сядзеў ён на першым радзе, каля сцэны, і Мелешу, для таго каб абмовіцца з ім словам, давялося праціскацца праз усю залу. Гэта быў ужо сталы чалавек, з сівізною ў валасах. Ён нервова папраўляў акуляры і час ад часу неўпапад чухаў патыліцу.

— Скажыце, хто гэты хлопчык, які толькі што выконваў «Soft on Top»? — цынічна пацікавіўся Мелеш.

— Флейтыст? — перапытаў ачкарык, не здагадваючыся, на што яму намякаюць.

— Так.

— Гэта наш лепшы вучань… А ў чым справа?

— А памятаеце, за што вы яго аднойчы вытурылі са школы? — спытаў Мелеш і не стаў чакаць адказу, ўдакладніў: — За яго соплі. Не шкадуеце цяпер?

Дырэктар мітусліва паправіў акуляры.

— Але ж ён цяпер не саплівы, — знайшоўся ён з адказам.

— Таму і не саплівы, што сам навучыўся выціраць іх, — іранічна ўсміхнуўся Мелеш.

— Адкуль яна ў цябе? — пытаецца Мелеш, разглядваючы флейту.

— Яе выкінулі тыя, — няўпэўнена тлумачыць бязногі.

— Хто? — спяшаецца Мелеш.

— Гэтыя людзі, незнаёмыя мне.

— Колькі іх было? Што за машына? — спыняе яго Мелеш.

— Трое. Маркі не ведаю. Падобная да нашай «Нівы»…

— Джып?

— Магчыма.

— Месца, дзе ты знайшоў флейту, паказаць можаш?

— Магу.

— Нашто яна табе была? Не баяўся, што яны вернуцца?

— Вырашыў, што пры нагодзе вярну яе Чыбу.

— Значыць, ты ведаў брата?

— Вядома…

Бязногі змаўкае.

— Нашто ты хлусіў?

— Мелеш, гэта цёмная гісторыя. І тое, што я расказаў табе, ні аб чым яшчэ не сведчыць.

— Як гэта, ні аб чым не сведчыць?

— Гэта не мая справа, Мелеш. Ты — гуляй-вецер. А я на вачах ва ўсіх. Так што разбірайся сам лепей з ўсім гэтым.

— Не, Кін-дза-дза, так не пойдзе. Давай расказвай па парадку.

— З Чыбай мы кожны дзень бачыліся. Ён праз гэтую падземку на працу хадзіў. Півам не раз частаваў мяне, цыгарэтай, — расплывіста тлумачыць бязногі. — Футляр я выкінуў. Разламаны быў зусім. Яны перад тым як запіхнуць Чыбу ў машыну, флейту ў яго адабралі і нагамі па ёй патапталіся…

Бязногі замаўкае. Мелеш разумее, што інвалід шмат чаго недагаворвае, аднак часу выпытваць падрабязнасці няма. Бязногі нікуды не дзенецца, разумее ён. З ім можна і пазней пагаварыць. Тым больш што на цягнік ён усё роўна спазніўся ўжо.

— Дачакайся мяне, Мішка. Абавязкова дачакайся. Я толькі на некалькі хвілін. Зганяю ў рэстаран і вярнуся, — просіць ён і — бягом да вакзала.

* * *

«Цяпер ён ад мяне не адвяжацца, гад! Нашто я аддаў яму флейту? — шкадуе Кін-дза-дза, пазіраючы Мелешу ўслед. — А вось хрэн табе! Не ведаю я нічога, не бачыў. Самі заварылі кашу, самі яе і расхлёбвайце. Мае справы цялячыя!» — думае ён і пачынае спешна збірацца. Заставацца далей ля падземкі няма сэнсу. «Сабака паганы гэты Мелеш! Хоць бы пацікавіўся незнарок, як я жыву, дзе, — сябрамі лічыліся як-ніяк. Хаця які ён мне сябар?..»

Ад хуткай язды пачынаюць клініць колы. Кін-дза-дза даўно ўжо збіраецца памяняць ў іх падшыпнікі, але ўсё не даходзяць рукі. «Вось гад! — злуецца ён невядома на каго, навальваючыся целам на рычагі. Каляска рыпіць, як незмазаны воз, і паціху рухаецца наперад. — Нашто я аддаў яму флейту? А што, калі ён пачне шукаць Лёшку? Той жа адразу здагадаецца. Ну і дурань я! — дакарае сябе Кін-дза-дза. Думкі блытаюцца. Ён збочвае з дарогі і коціцца па сцежцы ўздоўж чыгункі. — Чортавыя падшыпнікі!.. Хоць бы калёсы не пазляталі».

Ад празмернай нагрузкі перасыхае ў горле. Не стае паветра. Кін-дза-дза мітусліва азіраецца і зноў навальваецца на рычагі. «Толькі б калёсы не адваліліся. Перабяруся праз пуці, а там і чорт з ім, — думае ён. — Перасяджу некалькі дзён дома, глядзіш і супакоіцца ўсё.. Мелеш доўга не затрымаецца ў горадзе, ведаю яго — гуляй-вецер!..»

Кола неспадзявана трапляе між рэек. Якраз у гэты момант пераводзяць стрэлкі. Інвалід намагаецца вызваліцца і не можа. Разуменне, што трапіў у пастку, пасяляе ў ім страх. Ён лямантуе, кліча на дапамогу. Аднак вакол, як на тое, нікога. Ён намагаецца дацягнуцца рукой да жалезнага прутка, што валяецца непадалёк, якраз ім можна падважыць кола, але дацягнуцца да яго замінаюць рамяні, якімі ён прывязаны да сядзення. Кін-дза-дза мітусліва азіраецца і заўважае, як ад будынка дэпо аддзяляецца парожні вагон, відаць фарміруюць састаў. Вагон рухаецца насустрач, і ён зноў пачынае лямантаваць ад бяссілля. На яго крык ніхто не адгукаецца. Кін-дза-дза цягнецца ўсім целам наперад і сіліцца разблытаць рамяні. Рукі дрыжаць і не падпарадкоўваюцца яму…

Загрузка...