5


Пасляшкольны перыяд у нашай сумеснай з ім біяграфіі вызначаецца яшчэ большым шэрагам супрацьлегласцей. Ён паступіў у тэхнікум, я — не, не хапіла некалькіх балаў. Мяне прызвалі ў войска, яго — не, камісавалі па стане здароўя. Спіс гэты можна было б доўжыць да бясконцасці, але я не стаўлю сабе за мэту рабіць гэта. Я і ён — ужо супрацьлегласць. Я толькі акцэнтую вашу ўвагу на тых момантах свайго жыцця, якія, на маю думку, ляпілі з мяне складаную, супярэчлівую асобу.

Служыць мне выпала далёка за межамі краіны. У войску мяне пераследавалі ўсё тыя ж праблемы, што і ў звычайным жыцці. Магчыма, я сам быў праблемай. Ад зневажання і здзекаў ратавала жалезная дысцыпліна. Але ўсё роўна інакш як гомікам мяне ніхто цяпер не называў. Здавалася, што гэтая мянушка прыляпілася да мяне неадчэпна. Я здагадваўся, што ва ўсім вінаватыя мая слабахарактарнасць і смазлівы знешні выгляд. Гэта была данасць, бацькоўскі грэх, і я нёс іх пакорліва. Магчыма, мне і сапраўды трэба было нарадзіцца дзяўчынкай.

Адразу ж пасля войска я падаўся на лесараспрацоўкі. На той час шмат хто з маладых, толькі што дэмабілізаваных з войска хлопцаў заглынуў гэты гачок з абяццанняў аб шчаслівым і рамантычным жыцці. Каму не хацелася падзарабіць грошай і вярнуцца на радзіму заможным і незалежным? Вярбоўшчыкі абяцаць умелі. Сапраўднасць жа далёка не адпавядала таму, на што мы разлічвалі і спадзяваліся. Рамантыка выветрывалася з нашых галоў адразу ж, з першых дзён. Жыць нам даводзілася ў антысанітарных умовах, харчавацца пераважна сухім пайком. Уладкаваўся я на працу кіроўцам лесавоза ў адным з леспрамгасаў. Мне пашанцавала. Мой зменшчык, як выявілася, таксама быў беларусам. Адразу ж пасля знаёмства з ім я перацягнуў свае няхітрыя пажыткі да яго ў барак. Ён быў чалавекам з вопытам, працаваў у тайзе некалькі год ужо. Спачатку ўсё складвалася так, як я і запланаваў. Працаваць даводзілася без выхадных — за гэта плацілі двайны заробак. Жыў пераважна адзін. Свайго земляка я цяпер бачыў рэдка, звычайна калі перадаваў яму вахту. Але адзін выпадак з яго боку, пра які не хацелася б тут распавядаць, зрабіў нас не дружбакамі, а ворагамі. Хаця цярпеў я той здзек яго нада мной яшчэ год.

А перш чым вярнуўся на радзіму, мінула амаль пяць гадоў. Тэрмін не малы, вядома. Тут не тое што засумуеш, тут воўкам ад суму завыеш. Вядома, сумаваў я не па ім, а па радзіме. Але тая пераломная, лёсавырашальная сустрэча, пра якую я вам згадваў напачатку свайго аповеда, адбылася менавіта на гэтым этапе майго жыцця. Цяпер я шкадую, што ўсё так склалася. Магчыма, нам бы з ім лепей было і не сустракаццца. Доўга на яго крыўды я не таіў. На той час я быў зусім ужо іншым чалавекам. Гады службы і працы ў леспрамгасе дарэшты выветрылі з мяне маю «дзявоцкасць» і сентыментальнасць. Я стаў цяпер перасцярожлівым і недаверлівым. Мяне цяжка было правесці на мякіне. Я глядзеў на гэты свет іншымі вачыма.

Прывыкаў я да цывільнага жыцця доўга і марудна. Вяртацца працаваць шафёрам на старое месца не хацелася, і я зноў рызыкнуў паступаць вучыцца. Тэхнікум цяпер не задавальняў мяне. Я лічыў, што гэта выкінутыя на вецер гады. Маёй мэтай цяпер быў інстытут. Паступіць у яго з першай спробы не атрымалася — зноў не вытрымаў конкурсу. Але я не адчайваўся. Я набыў вопыт — добры заклад на будучыню. Цяпер я ведаў усе хады і выхады ў гэтай навучальнай установе. І ўсё гэта мне яшчэ магло спатрэбіцца, быў перакананы я. Пасля няўдалай сваёй спробы авалодаць ведамі я ўладкаваўся па блату на працу ў адну прэстыжную гандлёвую фірму. Мне паабяцалі някепскі заробак, што было для мяне немалаважным, а яшчэ шмат вольнага часу. Яго я выкарыстоўваў на падрыхтоўку да чарговых уступных іспытаў. Я хацеў даказаць усяму свету, што таксама не шылам пабрыты. Але гэта было не самым галоўным для мяне. Мае мэты былі куды больш значнымі. Усе намаганні, веды і вопыт я скіраваў цяпер на вяртанне аўтарытэту, якога, калі прызнацца шчыра, ніколі не меў. У жыцці мне неаднойчы даводзілася сустракаць аўтарытэтных людзей. На іх я цяпер і хацеў быць падобным. Я вылазіў са скуры, абы толькі спадабацца начальству. Мае высілкі мелі свой плён, я зарэкамендаваў сябе з самага лешага боку і стаў адным з лепшых супрацоўнікаў на фірме. Аднак на тым, чаго дасягнуў, я не спыніўся. Я жадаў большага. І чакаў.

— Валерык твой адукацыю атрымаў, механікам у ПМК працуе, а ты ўсё ў невуках ходзіш, свет дарма смуродзіш, — ныла неаднойчы маці.

Пагадзіцца з ёю, ведаў я, — значыць падпісаць прысуд сабе, прызнацца ў сваёй бездапаможнасці. З гэтым я быў цяпер не згодны. Яе няшчырасць і нелюбоў мяне больш не цікавілі.

— Скажаш яшчэ!.. — скептычна ўсміхаўся я. — Ну скончыў ён гэтую «школу глуханямых», а далей што?

— Хіба ты не туды некалі паступаў? — далучаўся да спрэчкі бацька.

— Туды. Але калі тое было?

У інстытут я паступіў, як і разлічваў, праз год. Наўмысна на вячэрняе аддзяленне. Жылі мы на той час незаможна, ледзь-ледзь зводзілі канцы з канцамі. Маё рашэнне задаволіла і мяне, і маіх бацькоў. Я ўсё пралічыў, і, магчыма, у мяне б усё атрымалася, каб не ён. Але аб гэтым па парадку.

Яшчэ праз год мне прапанавалі працу спецыяліста па маркетынгу і збыце. Я з радасцю прыняў гэтую прапанову. Аўтарытэт мой рэзка ўзрос. Вучыць нейкім азам мяне не трэба было. Я ўбіраў у сябе ўсё нібы губка. Я выдатна разбіраўся ў псіхалогіі людзей і ведаў, калі ўставіць свае «пяць капеек», а калі прамаўчаць. Я мог папросту зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца, у той час, калі кіраўніцтва прасоўвала свае самыя непапулярныя рашэнні. Яшчэ праз год я дарос да намесніка начальніка аддзела. Мне зноў павялічылі заробак, на гэты раз аклад павялічыўся заўважна. Цяпер я мог дазволяць сабе набываць дарагія рэчы, палуднаваць у дарагіх і прэстыжных рэстаранах горада, стыльна апранацца. Кола маіх сяброў пашырылася. Я стаў абрастаць сувязямі. Са мной лічыліся і раіліся. І вось у гэты спрыяльны момант, як у матэрыяльным, так і ў духоўным плане, мяне напаткала тое, чаго я ніяк не мог уявіць сабе і ў жахлівым сне.

Той дзень для мяне пачаўся звыкла. Хіба мог я ўявіць сабе, што ён стане апошнім у гэтай установе? Зранку я з поспехам правёў некалькі запланаваных дзелавых сустрэч. Потым, па завядзёнцы, наведаў банк, потым папалуднаваў у рэстаране. А потым… Цяпер гэта нават успамінаць не хочацца. Потым мяне выклікалі ў офіс. Нервовасць сакратаркі, неабгрунтаваная паспешлівасць шэфа, вядома, здзівілі мяне, але я нават уявіць сабе не мог, наколькі ўсё кепска.

Размова з шэфам была канкрэтнай і непрацяглай. Ён устрымліваўся ад нейкіх агульных абвінавачванняў, але ўжо з першых яго слоў я зразумеў, што выспявае скандал. Мяне беспадстаўна абвінавачвалі ў рассакрэчванні некаторых камерцыйных праектаў, з-за чаго, нібыта, фірма пацярпела значныя матэрыяльныя і маральныя страты. Называўся нават шэраг зусім «левых» прозвішчаў і нумары фіктыўных накладных. Вядома, гэта было недарэчным непаразуменнем. Я разумеў, што мяне нехта выкарыстоўвае. Але ад гэтага лягчэй не рабілася. «Хто і з якой мэтай?» — вось якое пытанне турбавала мяне тады. Я сутаргава пракручваў у памяці магчымыя і немагчымыя варыянты, сіліўся зразумець, каму пераступіў дарогу. Мае высілкі мелі пэўны плён. Я наткнуўся нечакана на адну падказку. І тут я здагадаўся. Уся гэтая сфабрыкаваная лухта — справа рук таго тыпа, які абіваў парогі майго кабінета прыкладна месяц ужо. Гэта ён мне падсунуў днямі грошы, не напрамую, вядома, а ў папцы з накладнымі. Відавочна, іх ад яго я ніколі не ўзяў бы, але ён перахітрыў мяне і падкінуў іх у папцы з паперамі. Выявіў я гэта запозна, калі памяняць нешта было нельга. Што ж мне вяртаць іх было яму ці што? Напрыканцы бяседы шэф намякнуў мне карэктна, што працаваць са мной пасля таго, што здарылася, не жадае. Мяне прымусілі напісаць заяву на звальненне.

Так я стаў беспрацоўным. Мае сувязі не дапамаглі мне ў пошуках працы. Пасля звальнення ад мяне адвярнуліся ўсе: і сябры, і «аўтарытэты», і бацькі. Я блукаў па горадзе ў пошуках учарашняга дня, я не ведаў, што рабіць. Станавіцца бамжом ніяк не хацелася. Ад безвыходнасці я стаў зазіраць у бутэльку. Гэта на пэўны час адцягвала ўвагу ад праблем, якія наваліліся на мяне нечакана і накапляліся з кожным днём, але і на гарэлку таксама былі патрэбныя грошы, а яны на дарозе не валяліся. Бацькі ў адзін голас гаварылі, што я апусціўся ніжэй плінтуса. Я быў згодны з імі, але што я мог зрабіць з гэтым. Я суткамі блукаў па горадзе ў пошуках халявы. Цяпер мне было пляваць і на сумленне, і на гонар. Пакрыху я дэградзіраваў.

І тут нечакана аб’явіўся той тып. Мы размаўлялі з ім амаль гадзіну. З размовы ўзнікла перакананне, што ён сачыў за мной увесь гэты час. Бо як інакш яшчэ можна было патлумачыць усю ягоную дасведчанасць пра мяне. З яго слоў я даведаўся, што са мной хоча сустрэцца Бонза. Ён на той час працаваў дырэктарам нейкай буйной дзяржаўнай установы. На другі дзень, з самага ранку, я быў у яго ў кабінеце.

Загрузка...