15


Вось ужо некалькі дзён запар, як толькі палахлівае сонца хаваецца ў гушчарах счарнелых таполяў, а гэта якраз поўдзень, дзверы ў склеп адчыняюцца і мужчына ў чорным да пят балахоне скорагаворкаю вымаўляе маё прозвішча, а потым прыязна ківае галавой некуды ўглыб памяшкання. Я разумею гэты яго намёк і пачынаю паспешліва збірацца. Мне здаецца, што дзівак у касынцы, якога я называю Манахам, ніякіх іншых слоў, акрамя майго прозвішча, не ведае, бо за тыя тры дні, на працягу якіх мяне ўтрымліваюць у гэтым падзямеллі, нічога іншага я ад яго не пачуў. Памеры падзямелля мне невядомыя. Вызначыць іх мне не дазваляюць жорсткія парадкі, якіх вымушаюць мяне прытрымлівацца гаспадары гэтага памяшкання. Існуе шэраг правілаў, якія парушаць я не павінен. А менавіта: мне нельга спыняцца, калі мяне выводзяць на шпацыр, азірацца і задаваць пытанні. Іншы раз мне хочацца думаць, што гэта нейкая навуковая база і што ўтрымліваюць мяне тут не аднаго. Ва ўсякім выпадку, тут, у адной з такіх цесных «келляў», знаходзіцца і Фёца. Нас разлучылі адразу ж, як толькі прывезлі сюды. З той хвіліны яго я больш не бачыў. Калі прыходзіць ноч і ў падзямеллі ўсталёўваецца цішыня, я чую нечыя стогны. Гэта не галюцынацыі, і я ў тым перакананы. Гэта крыкі людзей. І я схіляюся да думкі, што такіх келляў, як мая, памерам два на два, у гэтым падзямеллі як мінімум — пяць. Святло ў пакойчыку цьмянае, але яно затое ніколі не выключаецца. Выключальнікаў няма, а да лямпачак не падступіцца, яны зарашочаныя. Абыходзяцца са мною зносна: кормяць тры разы на дзень, выводзяць падыхаць свежым паветрам. На пытанне, за што мяне ўтрымліваюць, ніякага канкрэтнага адказу я не атрымаў. Манах у адказ толькі неразборліва бурчыць і зіркае зневажальна. Арыентавацца ў часе я навучыўся па гуках, якія прасочваюцца ў келлю з вуліцы. Услухоўваючыся ў стогны людзей, якія прыносіць рэха, я пачынаю разумець, што маё ўтрыманне не выпадковасць, што я ахвяра нейкага нечувана жорсткага эксперыменту. Ад гэтых думак робіцца страшна. І не таму, што памру, а таму, што стануць катаваць. Каб апраўдаць сваю смерць, пачынаю прыдумляць яе прычыны. Дзеля ж нечага я павінен пакутаваць. Бо пакуты, калі яны наканаваныя дзеля нейкіх высокародных мэтаў, зусім не пакуты. З гэтай ісцінай я знаёмы па Бібліі. «Было б высокародным, напрыклад, загінуць за веру, — думаю я. — Ці яшчэ лепш — за айчыну.» Паміраць бессэнсоўна мне б не хацелася…

Сёння Манах падаецца мне надзвычай гаваркім. З’яўляецца ён, як і заўсёды, апоўдні. Адчыняе дзверы і ветліва ўсміхаецца:

— Збірайся, надышла твая чарга.

Успрымаю загад без страху. Наадварот, спее перакананне, што менавіта сёння ўсё высветліцца.

— Перастань корпацца, нас чакаюць, — прыспешвае Манах.

Злуюся. Хочацца заткнуць гэты паганы рот адным узмахам кулака. Але магчымасці для такога смелага ўчынку не тыя. Стрымліваю сябе, бо перакананы, што гэта не той зручны момант, каб шукаць спосабы для свайго выратавання.

Калідор, па якім мы рухаемся, вузкі, з пашарпанымі зялёнымі сценамі і брудна-белай столлю. Наперадзе, на адлегласці метраў дваццаці, прамавугольнаю дзіркай ззяе выратавальны праём адчыненых насцеж дзвярэй. Раблю некалькі павольных крокаў у напрамку гэтай жоўта-белай плямы, але рэзкі штуршок у плечы вымушае мяне спыніцца.

— Не туды! — строга папярэджвае мяне Манах.

Азіраюся незадаволена на свайго правадніка.

— Шпацыры адмяняюцца, — цынічна ўсміхаецца ён.

Паціскаю плячыма і паварочваю ў супрацьлеглы бок. Хадзіць у гэтым напрамку мне яшчэ не даводзілася. Прадзіраемся праз паўзмрок каменнай нары. Па абодва яе бакі кідаюцца ў вочы невялічкія заглыбленні з жалезнымі крацістымі дзвярыма. Такое адчуванне, што гэтаму калідору не будзе канца. Некалькі разоў чапляюся наском чаравіка за нейкія выступы, спатыкаюся і падаю. Манах незадаволена бурчыць, але дапамагае падняцца.

— Стаяць! — нечакана загадвае ён і кладзе на плячо мне сваю цяжэзную далоню. Зазіраю скоса на абабітыя жалезам дзверы, насупраць якіх мы спыняемся, і саступаю ў бок. Сэрца трывожна сціскаецца. Ахоўнік адвернуты ад мяне, а навокал ні душы. Сціскаю да болю ў пальцах кулакі. Прадчуванне, што гэта і ёсць той шанец, каб вырвацца на волю.

— Не дуры! — рэзка паворочваецца да мяне Манах. На яго твары з’яўляецца скептычная ўсмешка. — Уцячы адсюль немагчыма.

Пакорліва ківаю галавой і таксама ўсміхаюся. Напэўна, гэта ўсмешка вар’ята. Дзверы раптоўна адчыняюцца, і на парозе з’яўляецца чалавек у паласатай вопратцы. Побач з ім таксама ахоўнік. Ён, як і Манах, апрануты ў доўгі, да пят балахон, валасы абвязаныя касынкай. На твары ззяе такая ж нахабная і цынічная ўсмешка. Пужліва ўзіраюся ў спярэшчаны заўчаснымі маршчынамі твар вязня, і мне робіцца страшна. На яго ілбе вялікімі літарамі напісана слова: «РАБ». Паўза зацягваецца.

— Чыба! — радасна лямантуе вязень. Ад нечаканасці раблю крок назад. Так мяне называць можа толькі адзін чалавек, мой брат.

— Эдзька! — крычу я і кідаюся да яго ў абдымкі.

— Братуха!..

Абняцца нам не даюць. Манах хапае мяне за плячо і збівае з ног…

— Стоп! Стоп! Стоп! — чую я за плячыма цынічны голас Аляксея Міхайлавіча і азіраюся. — Спыніце фанаграму.

Загрузка...