18


Я стаю насупраць вежападобнай брамы-званіцы. Ад дагледжанага манастырскага дворыка мяне аддзяляе арачны праезд з далучаным да яго двухпавярховым будынкам. Напэўна, гэта і ёсць той самы дзіцячы прытулак пры манастыры, пра які днямі згадваў Жэнік. Ва ўсякім выпадку, я на тое вельмі спадзяюся. Застаецца незначная дробязь: адчыніць жалезную брамку і зрабіць некалькі крокаў. А там што Бог дасць… І ўсё ж нешта стрымлівае мяне. Што?..

Сумнеў разбурае рашучасць. І зрабіць гэтыя крокі, як выяўляецца, не зусім лёгка. Сумнеў не дае разняволіцца, сумнеў пасяляе панічны страх. І я гатовы шмат што аддаць узамен, абы толькі ўсе гэтыя нязручнасці хутчэй скончыліся. Столькі выпакутавана, столькі перадумана. І вось… «А што калі яна адмовіцца ад спаткання са мною? — вагаюся я і адразу ж апраўдваюся: — Ну і што!.. Ты хацеў, каб яна кінулася табе на шыю? Але хто ты такі, каб разлічваць на тое, хто?..»

Чаго я хачу ў гэты момант, я і сам дакладна не ведаю. Напэўна, мне хочацца выказаць словы падзякі гэтай дзяўчынцы… Бо менавіта ёй я абавязаны сваім жыццём. Але падзякаваць і развітацца?.. Не, гэтага я не хачу… Мне патрэбна ад яе яшчэ тая недагаворанасць, якая дае людзям надзею на наступную сустрэчу… Напэўна, не заручыцца ёю я і баюся зараз болей за ўсё…

Надвор’е псуецца. Неба завалочанае малочнай смугою. Шэрая навісь аблокаў кранаецца дахаў дамоў, такіх жа шэрых і аднастайных. Вуліца — бязлюдная. Пачынае накрапваць дождж, і, каб не змокнуць, хаваюся пад дрэвам. Аднак і пад ім ад дажджу не схавацца. Халодныя кроплі прасочваюцца праз рэдкае вецце, трапляюць за каўнер, сцякаюць па твары.

— Шчаслівы ты…. Табе ёсць дзеля чаго жыць, — узгадваюцца мне словы дзядзькі Івана.

Усё правільна, згаджаюся я. У чалавека ў жыцці павінна быць мэта. І ў мяне яна ёсць. А яшчэ ў мяне ёсць Жэнік, Насця, Валька і шмат яшчэ хто. Хіба можна назваць мяне чалавекам адзінокім? Не… Цяпер я ведаю дакладна: не адзінота адшуквае нас, а мы яе. А яшчэ я ведаю тое галоўнае: дзе гняздзіцца гэтая адзінота... Яна гняздзіцца ў кватэры майго суседа. І, каб не сутыкацца з ёю, нам неабходна пажыць некалькі тыдняў у бочцы, як Дыяген…

— Дольчык! Дольчык! — кліча мяне нехта. Голас выбухае праз мае супярэчлівыя думкі і пасяляе ўпэўненасць. Я ўздрыгваю ад нечаканасці. Насустрач мне спяшаецца жанчына. На яе твары абаяльная жыццярадасная ўсмешка. Я пазнаю яе. Яшчэ б, не пазнаць яе?!

— Я так спяшалася… Я так спяшалася, — часціць жанчына. — Баялася размінуцца з табою. Баялася не застаць цябе тут. Яно і не дзіва, так, як ходзяць у нас аўтобусы, не тое што спазніцца можна… — тараторыць яна.

— Адкуль вы ведаеце, што мяне завуць Дольчыкам? — здзіўлена пазіраю я на жанчыну. — І ўвогуле, нашто я вам спатрэбіўся?..

— Не пазнаў, — разводзіць рукамі жанчына і сумна ўздыхае. — Вядома ж, не пазнаў… А памятаеш: вакзал… Я ад’язджаю ў Кіеў… А ты… Ты спрачаешся са мною: «У нас усё ёсць… У нас усё ёсць… І нацыянальная ідэя таксама…» Ну што, успомніў?..

— Успомніў, — хвалююся я. — Мы нават не пазнаёміліся з вамі тады. Дарэчы, даруйце… Мне сорамна за тую сваю нястрыманасць... Мне здаецца, што я вас тады пакрыўдзіў. І яшчэ… Я вас нядаўна па тэлевізары бачыў.

— Што ты, што ты… Нічым ты мяне не пакрыўдзіў, — не звяртае ўвагі жанчына. — Наадварот, гэта я хацела цябе падзадорыць. Бо веру, што і ў вас будзе як у людзей. Ва ўсякім выпадку, я спадзяюся на тое… Спадзяюся, бо таксама жыву ў гэтай краіне...

— Як вы знайшлі мяне? Скуль даведаліся, што я тут?

— Гэта не важна, — адказвае жанчына. — Галоўнае, што мы не размінуліся з табою… Я павінна табе перадаць нешта… І яшчэ, не звяртайся да мяне на «вы»…

Жанчына адчыняе жаночую сумачку і выцягвае адтуль невялікую блакітную скрынку. Скрынка аздобленая мноствам дробных каменьчыкаў, якія зіхацяць, пераліваюцца, ад чаго яна шугае магічным бляскам.

— Што гэта? — хвалююся я.

— Камень… Скарб Свету, — ціха прамаўляе яна. — Памятаеш, пра яго табе некалі расказвала Ліда?.. Мой абавязак перадаць яго табе.

— Мне? — збянтэжана лыпаю вачыма.

— Так.

«Скарб Свету прыносяць звычайна выпадкова зусім невядомыя людзі, — далятае аднекуль з глыбіні памяці ціхі голас Ліды. — Тым жа выпадковым шляхам у патрэбны час Камень знікае, каб з’явіцца зноў, але зусім ужо ў іншай краіне. З’яўленне Каменя азначае, што надышоў тэрмін абяцанага ўз’яднання і магутнасці краіны, дзе Ён з’явіўся.»

— Але чаму мне? — сумняваюся я. — Як я ведаю, валодаюць Каменем абраныя.

— Ты і ёсць адзін з іх… Бо якраз такія, як ты, вырашаюць лёс сваёй краіны…

— Але з’яўленне Каменя звязана з Жаночым Пачаткам. А я не маю магчымасці падарыць гэты Камень таму, каму патрэбна. Вы мяне разумееце?.. Тая, якой я мог бы падарыць Яго, трагічна загінула... Шмат гадоў таму…

Жанчына прыхільна ўсміхаецца.

— Памыляешся, Дольчык. Табе ёсць каму падарыць Скарб.

— Каму?

— Ты забыўся, што ў цябе ёсць Наста…

— Наста? — здзіўлена лыпаю я вачыма.

— Так, Наста.

— Але ж: «З’яўленне пад час Майго Прыходу патрабуе не немаўлят, але сяброў з выпрабаваным духам».

— Ты ёсць той, пра каго гаворана. Бо: «Няма патрэбы нараджацца таму, хто згодны прыняць удзел у вечнай, плённай працы. Усё для ўсяго і заўсёды. Дайце думцы блукаць без натугі, і яна параіць табе, што рабіць. Чуццё жанчыны падкажа, як упрыгожыць Храм кветкамі…»

Жанчына працягвае мне блакітную скрынку.

— Як завуць вас? — спяшаюся я. — Мы з вамі зноў разыдземся як знаёмыя.

— Гэта не самае галоўнае, Дольчык, — усміхаецца жанчына. — «Мы сочым за Вамі і радуемся, вымяраючы рост кветкі вашай аўры. Бо гэта і Наш Сад!» А цяпер ідзі, дзяўчынка чакае цябе… І яшчэ, беражыце Камень. Памятайце, на вас ляжыць вялікая адказнасць…

Час прыспешвае. Хаваю скрынку за пазуху і подбегам кідаюся да паўадчыненай брамкі. Напаўдарозе спыняюся ад жахлівай супярэчлівай думкі: «На што я разлічваю, дзівак?.. Яна ж пустэльніца!.. Ва ўсякім выпадку, імкнецца прысвяціць сваё жыццё манаству. А гэта значыць…»

Галава кружыцца ад нервовага напружання. Думкі блытаюцца. І ніякай логікі. Стомлена азіраюся. Жанчына ад мяне далёка ўжо. Я са шкадаваннем гляджу ёй услед і не спрабую спыніць. Хвілінку-другую вагаюся, потым выцягваю з-за пазухі скрынку і адчыняю. Ад Каменя шугае жоўта-блакітнае ззянне і нябачная воку, таемная магічная энергія — энергія Вялікага Дыхання…

2006 г

Загрузка...