— Стоп! Стоп! Стоп!— крычу я ад безвыходнасці і азіраюся. Вакол ні душы. І тым, хто зараз мог бы дапамагчы мне, не да нас. Яны занятыя сабою, і ніхто не можа ўжо спыніць гэтай крывавай істэрыі, гэтай вялікай несправядлівасці.
— Гэта розыгрыш! — лямантую я. — Погань! Ты спланаваў гэтае зло!
— Гэта не зло. Гэта жыццё. І гульня ў яго працягваецца! — прарываецца да мяне з пустаты голас Аляксея Міхайлавіча.
Эдзька, бездапаможны, ляжыць на брудным асфальце. Я хапаю яго пад рукі і цягну на асветлены астравок вуліцы. На яго шэрым безжыццёвым твары застыў страх.
— Часцей за ўсё мы прамаўляем зло чужымі вуснамі, — даймае мяне Аляксей Міхайлавіч, — не разумеючы, што яно жыве ў нас саміх. Гэта мы яго распаўсюджваем… Не я, а ён кінуўся на мяне з нажом. Што мне заставалася? Я абараняўся.
— Стоп! Стоп! Стоп! — гнеўна вырываю я з горла пакалечаныя крыўдаю і адчаем словы.— Дзе ты, дрэнь паганая?
Гэта не адчай, гэта бяссілле, гэта ілюзія гневу. І я — прывід той асобы, якой мне хацелася б быць. За ўсім гэтым напускным і жаданым нічога, акрамя страху і пачуцця абавязку, няма. Я па-ранейшаму не адчуваю за свае ўчынкі ніякіх згрызотаў сумлення. Каб абудзіць гэтыя пачуцці, мне трэба ўсё яшчэ прыкладваць намаганні. Што замінае мне стаць тым, кім я мару стаць? Мая няшчырасць? Зло, якое я так і не змог перамагчы ў сабе?.. Калі гэта так, то што мне яшчэ трэба зрабіць, праз якія прайсці выпрабаванні, каб пазбавіцца гэтых заганаў?
— Жыць у згодзе са сваім унутраным «Я». І памятаць, што ўсе мы толькі імкнемся стаць лепшымі. Насамрэч мы імі ніколі не робімся. Бо кожны з нас пражывае сваё жыццё. І іншага нам не дадзена…
— Жыць у згодзе са сваім унутраным «Я»?
— Так… Гэта і ёсць тваё сумленне. Твой духоўны скарб. Ён не можа быць іншым, ён такі, якім ты яго стварыў. Гэта да яго ты звяртаешся зараз за дапамогай. Гэта адтуль ты чэрпаеш тое адзінае і правільнае.
— Гэта не сумленне, гэта інтуіцыя…
— Гэта твая сутнасць. Межы паміж дабром і злом настолькі расплыўчатыя, што часам нават самы духоўна падрыхтаваны чалавек пачынае сумнявацца ў правільнасці гэтых паняццяў. І ўсё з-за таго, што чалавек — асоба недасканалая. Што паняцці дабра і зла ў кожнага свае. Тое, што даравальна адным, зусім недаравальна іншым. Любую думку можна як узвысіць, так і наадварот, давесці да абсурду. Трэба жыць і любіць сваё ўнутранае «Я». А любіць можна не ўсё і не ўсіх…
— А здрада?
— З ёю мы нараджаемся. І калі нехта мае да яе схільнасць, яна абавязкова праявіцца. Проста не прыйшоў яшчэ час.
— Нашто ж тады жыць?
— Кожнаму сваё.
— А Бог?
— Бог любіць усіх, а значыць, нікога. Мы самі павінны сябе любіць…
— Лухта!..