Маўчуноў мы не любім за іх штучную немату і скрытнасць. Нам здаецца, што яны ўвесь час нечага нам недагаворваюць. А што можа быць горш за людскую недагаворанасць? Не бяруся пераконваць вас, так гэта ці не, але адной з прычын, з-за чаго я ўзненавідзеў Бонзу, было яго ўменне пладзіць вакол сябе розныя чуткі. З цягам часу я зразумею, што пераважнай большасці з нас проста няма чаго сказаць адно аднаму, што мэты нашых зносін — спробы выведаць гэтую чужую недагаворанасць. Нам хочацца падпарадкоўваць і падладжваць людзей пад сябе, а для гэтага мы павінны знаць пра іх усё. Магчыма, з гэтай прычыны Бонза і баяўся калі-небудзь прагаварыцца. Ды і я таксама. Мы хавалі адзін ад аднаго тое, чаго схаваць было нельга. Нашы тайны былі напісаныя на нашых тварах. І тыя скупыя, рэдкія словы, якімі мы абмаўляліся з ім іншы раз, не неслі ніякай патрэбнай інфармацыі. Недаказанае хавалася ў доўгіх паўзах. Мы чыталі яго па чырвані на нашых тварах. Нягледзячы, што вучыліся мы ў адным класе, сядзелі за адной партай і жылі ў адным доме, адзін аднаго мы амаль што не ведалі. Мы былі знаёмымі незнаёмцамі. Мне здавалася, што мы выдумалі адзін аднаго, як антыподаў, як поўную супрацьлегласць. Менавіта з гэтай прычыны, з-за адсутнасці некаторых якасцей характару я і хацеў быць падобным да яго. Без іх, як мне здавалася, маё жыццё склалася б зусім па-іншаму. Мы дзялілі з ім усё: лесвічную пляцоўку, дворык ля нашага дома, школьную парту, вуліцу, горад, сяброў. Ён заўсёды забіраў сабе самы смачны і самы вялікі кавалак. Прыкмета сілы — атрымліваць перамогу. Думкі людзей, якія імкнуцца заваяваць свет, не павінны быць занятыя талеркай баршчу. Скуль мне, зялёнаму, было ведаць, што, калі доўга маўчаць, маўчанне пачынае расці ўшыркі, як пухліна, што недагаворанасць разбурае нас знутры, робіць адзінокімі, нараджае нянавісць да ўсяго і да ўсіх. Хаця не бывае аднаго пункту гледжання, як не бывае і адназначнага адказу. На пытанне, што ёсць для чалавека абсалютнае шчасце, Рабэр Касэры, прыяцель Альбера Камю, не задумваючыся адказаў: «Жыць у адзіноце».
Яна з’явілася ў нашым дзевятым «В» з мэтай разбурыць тое апошняе, што ўва мне яшчэ заставалася, — штучны, бутафорскі свет, які я ствараў сабе на працягу ўсіх апошніх гадоў. Адбылося гэта ў сярэдзіне навучальнага года, адразу ж пасля зімовых канікулаў. Яна ўвайшла ў клас, павольна праплыла між партаў, нібы для яе гэта было ўсё звыкла і будзённа, і, не спытаўшыся дазволу, села са мной за адну парту, на яго месцы. Яно, як заўсёды, было незанятым. Ён меў паганую звычку прыходзіць на заняткі перад самым іх пачаткам. Дзе і з кім ён дасюль швэндаўся, ніхто з нас не ведаў. Я зірнуў здзіўлена на дзяўчыну і памкнуўся папярэдзіць яе, што гэтае месца занятае, але чамусьці стрымаўся.
— Як цябе зваць? — нечакана звярнулася да мяне тая і добразычліва ўсміхнулася.
Я разгубіўся і памарудзіў з адказам. Яе смеласць і рашучасць выбіла мяне з каляі.
— Алег, — апамятаўшыся, заспяшаўся я і працягнуў ёй чамусьці сваю руку. Яна засумнявалася спачатку, але потым узяла яе. Патрымала некалькі хвілін і адпусціла. Мяне шыбанула токам.
— А мяне Таня, — адказала яна весела. — Я буду цяпер вучыцца ў вашым класе.
Я моўчкі кіўнуў галавой, а сам падумаў: «Файна! Цяпер я буду сядзець з дзяўчынкай».
У гэтую хвіліну ў клас увайшоў ён — напышлівы і самаўпэўнены. «Ха-ха-ха!.. Палучай, Бонза! Так табе і трэба! — парадаваўся я ў думках. — Будзеш цяпер ведаць, як спазняцца!» Ён зірнуў незадаволена на мяне і, не абмовіўшыся ні словам, пакорліва накіраваўся да першай парты, якая заўсёды была незанятай, бо каму была ахвота сядзець вочы ў вочы з настаўнікамі? Гэты дзень так і мог бы застацца звычайным, падобным на мноства іншых у маім жыцці, каб не тое цяпло ад яе далоні. Яно засталося на маіх пальцах і не хацела выветрывацца. Яно грэла мяне і нагадвала аб ёй на працягу ўсяго дня.
Назаўтра ён прышоў у школу адным з першых, нашмат раней за мяне, і заняў маё месца. Крыўдна мне стала не з-за гэтага, да яго выхадак я быў падрыхтаваны, крыўдна мне стала з-за Танькі, якая пры жаданні, назло яму, магла б перасесці да мяне за першую парту. Як-ніяк, я на яе падтрымку разлічваў. Не ведаю, з якога такога пераляку нарадзілася тое перакананне? Магчыма, мне проста гэтага вельмі хацелася. Яна ж таго не зрабіла, ды і зрабіць не магла. Ад безвыходнасці я ледзь не заплакаў.
Спрачацца з ім не мела сэнсу. І ўсё ж, каб захаваць твар перад класам і Танькай, я адважыўся, падышоў і папярэдзіў, што цярпець яго нахабства больш не буду. Ён лена адарваў позірк ад падручніка, верагодна, што гэта быў не падручнік, а чарговы дэтэктыў, якіх ён чытаў мноства, і неўразумела паглядзеў на мяне.
— Гэта маё месца, — нагадаў я яму настырна. «Ну чаго ты марудзіш? Заедзь яму ў морду, — падбухторваў я сябе. — Давай!..» Мой зняважаны ўнутраны голас, як заўсёды, хлусіў мне. Каб заехаць яму ў пысу, трэба было б нарадзіцца ім.
— Усё роўна сядзець ты тут не будзеш, — упарта паўтарыў я.
Ён не варухнуўся
— Дзе ж я, па-твойму, буду сядзець? — скептычна ўсміхнуўся ён.
— Дзе хочаш, там і сядзі. Мяне гэта мала турбуе. Гэта маё месца, — сказаў я і скоса паглядзеў на Таню, магчыма, я ўсё яшчэ шукаў яе падтрымкі.
На што я разлічваў, дзівак? Дзяўчына зрабіла абыякавы выгляд, даючы зразумець: «Разбірайцеся самі. Гэта не мая справа».
— Ты перакананы, што гэта тваё месца? — перапытаў ён.
— Перакананы, — адказаў я.
— І гэта сцвярджаеш ты, гомік і размазня?.. Людзі, паглядзіце на гэтага дурня, — звярнуўся ён цынічна да класа. — Скажы дзякуй мне, што я цярпеў цябе дасюль. Хто з табой такім сядзе? Яна? Ты хочаш з ім сядзець? — спытаў ён у дзяўчыны.
Тая адказаць не паспела. У клас увайшоў настаўнік.
— Гэй, арлы! — зірнуў ён на нас строга. — Зноў нешта не падзялілі? — перавёў позірк на Таню і загадкава ўсміхнуўся: — А можа, каго?
Я нехаця накіраваўся да першай парты. Злосна кінуў свой ранец пад лаўку і сеў. І тут здарылася тое, чаго я ніяк не чакаў. Маё цела кранулася нечага вострага і калючага. Я войкнуў і падхапіўся ад болю. Інстынктыўна рука пацягнулася да параненага месца. З маіх штаноў на падлогу пасыпаліся кнопкі. Клас разрадзіўся шквалам працяглага рогату. Ад крыўды і безвыходнасці я ледзь не заплакаў. Схапіў прыхапкам ранец і кінуўся да дзвярэй. Зачыняючы іх, азірнуўся. Бонза задаволена жмурыўся. Танька, як мне падалося, таксама ўсміхалася.
Гэты выпадак не стаў перашкодай для нашага з ёю сяброўства. Праўда, атрымлівалася яно ў нас нейкім аднабокім. Яна лічыла мяне сябрам, я яе — не. У мяне да яе былі іншыя пачуцці, тыя, якія сяброўскімі назваць нельга. Магчыма, я закахаўся ў яе. З кожнай новай сустрэчай гэтае пачуццё толькі ўзмацнялася. Мы размаўлялі з ёй аб усім і ні аб чым. Мы дзяліліся з ёю ўражаннямі і тайнамі, мы радаваліся жыццю. Невытлумачальнае задавальненне перапаўняла мяне. Спадзяюся, што ёй таксама было цікава са мной. Але толькі варта было паявіцца яму, як ўся мая радасць некуды знікала. Я раўнаваў яе і не хаваў гэтага. Потым мая рэўнасць паціху перарасла ў нянавісць. Але гэта было потым, а тады...
Таня, як мне здавалася, таксама мянялася з яго паяўленнем. Яна рабілася да непазнавальнасці сумнай і сур’ёзнай. Я адчуваў, што лішні, і сыходзіў, заўсёды з пачуццём спадзявання. Я прывык жыць нязбыўным і недасяжным. Але, нягледзячы на тое, што яна сябравала са мной, замуж яна выйшла за яго.