14


Няўдачнік!.. Якое далікатнае і бяскрыўднае слова… Няў-дач-нік!.. А за ім жыццё — хуткаплыннае і бязглуздае…

Харкайце крывёю! Я не скончу яго самагубствам!..

— Не-е-е, Дольчык, няхай не чакае гэтая погань, мы не складзём лапкі, як суркі. Мы яшчэ здзівім свет… Здзівім нечуваным дзікунствам, нечуванай жорсткасцю… Яны самі гэтага хочуць. Разумееш мяне, самі… Што ты ўтаропіўся ў мяне, Дольчык? Жартую я…

Дольчык — не проста яго знаёмы. Дольчык — колішні сябар. І хоць навучаліся яны ў розных групах, гэта не замінала ім сябраваць. Валейбольная зборная, у якой яны былі тады не апошнімі гульцамі, грымела на ўвесь горад. Гульні на выездзе, гульні ў тэхнікуме… Прыхільніцы, вядомасць…

Нерытарычнае пытанне — вучоба ці спорт? — стаяла перад хлопцамі незадоўга да завяршэння апошняга курса. Перамог цвярозы разлік. Тым больш што Дольчык атрымаў цяжкую траўму нагі і працяглы час не прымаў удзел у спаборніцтвах.

Пасля няўдалай спробы зрабіць кар’еру ў спорце, усе сілы хлопцаў былі скіраваны на вучобу. Сустракаліся яны цяпер зрэдку. І сяброўства іх пакрысе пачало згасаць. Як выявілася, сяброўства таксама не бывае вечным. А пасля завяршэння вучобы іх шляхі зусім разышліся.

Сустрэчы гэтай — нечаканай, неверагоднай — Буднік узрадаваўся. Ён быў перакананы, што яна — не выпадковасць. У выпадковасці ён не верыў. Нейкае чуццё падказвала яму, што сустрэча гэтая — стрыжань узаемаадносін, невытлумачальная праява Вялікага Прыцягнення, якое існуе ў Свеце незалежна ад волі людзей. Напэўна, чалавеку яшчэ да яго нараджэння наканавана: з кім сябраваць, а з кім сустракацца мімаходзь, з кім разысціся, а з кім прайсці праз усё жыццё поруч. Бо самае страшнае пакаранне, ведаў ён, — гэта пакаранне адзінотай…

Людзі павінны ведаць, што пра іх думаюць іншыя...

Невыразны ацёчны твар значна старыць гэтага чалавека і выклікае гідлівасць. Вось што азначае сустрэцца праз вечнасць. Дольчык нагадвае Будніку гэткага стаічнага біблейскага прарока — самаўпэўненага і цынічнага. Таму і маўчанне, што ўзнікла паміж імі, апавядае яму красамоўней за любыя словы. І нездарма... Адлегласць да небяспекі — той, якой ён асцерагаецца ў апошні час, — з-за сустрэчы з гэтым чалавекам робіцца значна карацейшаю. Прадчуванні ніколі не падманваюць яго. Не падманваюць, бо перакананы: «Асцерагайцеся не тых людзей, хто выказвае свае думкі ўголас, а тых, хто хавае гэтыя думкі ад іншых…»

Буднік не вытрымлівае позірку Дольчыка і адводзіць вочы. Каб не слухаць яго, а гаварыць самому...

— Эх, Доля, не турбуйся, ідзём мы з табой да Лупоніка. А потым… Потым мы будзем слухаць арган у святой Сафіі. Ты любіш Баха?.. Няважна… Ты палюбіш Баха…

Бойцеся слоў. Словы агаляюць думкі.

— Дольчык, ты ведаеш, што такое Здрада? Здрада, Дольчык, гэта калі адразаюць кішэні ў тваіх штанах. Употай, каб ты не ведаў пра гэта. А вось потым, калі ты пачынаеш здагадвацца, калі пачынаеш разумець, што ключы ад кватэры ты свае пасеяў, што ў кватэру табе не патрапіць без нечай дапамогі, вось тады і прыходзіць разуменне здрады… Мы ўзарвём гэты Дом Божай мудрасці… храм людской незалежнасці… Зруйнуем яго… Чуеш мяне?.. Зруйнуем цалкам…

Загрузка...