Ноччу мне мрояцца Піраміды — заснежаныя і непраўдападобныя. Чорны прарэх акна, задымленыя ліхтары і ў глыбіні ледзяной абалонкі — выразна акрэсленыя формы дасканаласці…
Прачынаюся ад тэлефоннага званка. Тэлефануе тая, якую баюся страціць. Тэлефануе тая, якую даўно ўжо страціў. Спадзяюся, што і ёй зараз не мёд. Але каму мёд? Трымайся, дзяўчынка, усё вырашыцца!..
Мы размаўляем аб нечым пустым і нязначным. Мы спрачаемся, харахорымся, марым, выхваляемся. Быццам усё як заўжды, але паміж намі прабегла чорная кошка. І нашы словы не пацверджаныя ўчынкамі. Ад іх смуродзіць учарашнім днём. Мы гуляем у хованкі з самімі сабою, мы гуляем у закаханых, а кахання няма. Яно памерла ўчора, разам з маім недарэчным падзеннем, і ўсе гэтыя намаганні з нашага боку захаваць нейкую прыстойнасць — нішто іншае, як помнік нашым непрацяглым рамантычным пачуццям. Дом, у якім не жывуць, разбураецца…
— Пацярпі, ты ж — вязунчык, — пераконвае яна мяне і нават раіць: — Пераступі праз хвілінныя нягоды, будзь вышэй за іх, і ў цябе ўсё атрымаецца…
Што яна пляце?.. Прычым тут гэта? Я не з тых людзей, якім шчасце плыве прама ў рукі. Я не з тых людзей, якія здаюцца без бою. Але для таго каб усё зранейшылася, патрэбен час і падтрымка — яе жаночае паразуменне. Мы павінны разам перажыць з ёю гэтае «падзенне». Паўтараюся, перажыць, а не пераступіць праз яго. Бо, калі праз усіх і праз усё пераступаць, можна незаўважна пераступіць і праз сваё жыццё. Чаму яна тады адмяжоўваецца ад мяне гэтымі прыгожымі слоўцамі? Я ж не хачу быць для яе абузаю. Я сам сабе вытру слёзы. Чуеш, ты?! Я знайду ў сабе сілы падняцца…
Пазней, пры сустрэчы, калі мае справы значна палепшацца, я між іншым пацікаўлюся:
— Ведаеш, чаму мне шанцуе?
Яна памарудзіць з адказам, потым сумна ўздыхне:
— Таму, што ты ўсім хочаш быць добранькім.
— Ты так лічыш?
— Лічу… Такія, як ты, выклікаюць да сябе пачуццё спагады.
— Памыляешся, любінятка! Гэтага малавата для вязунчыка, — адкажу я, патакаючы ёй. — Проста, па магчымасці, я імкнуся быць справядлівым. А дабрыня — гэта толькі прыдатак справядлівасці. Зрэшты, я — гэта я! Я непаўторны!.. Пасля чалавека застаецца добрая памяць, пры ўмове, што ён заслугоўвае яе. І гэтая памяць — яго ўчынкі…
— Ты бескампрамісны!.. Я заўжды недаацэньвала цябе, — пашкадуе яна.
Я памыляюся. У яе голасе не шкадаванне, у яе голасе роспач… Ледзяная роспач расстання. Я кідаю слухаўку і збіраюся на працу. Пакой не праветрыўся, ён усё яшчэ напоўнены пахамі ўчарашняга дня. «Каханне нельга выпрасіць, — пераконваю я сябе. — Каханне — яно альбо ёсць, альбо яго няма. Каханне даецца нам за проста так, за дзякуй. Яно як глыток свежага паветра, як магчымасць назіраць за ўзыходам сонца. Яно як падарунак, якім трэба даражыць…» Не спадзяюся сустрэцца з ёй болей. І для таго каб лічыць так, у мяне ёсць шмат прычын…
Вуліца сыходзіць у неба. Час-пік. Прабіраюся праз натоўп, нібыта вуж праз разварушаны мурашнік. Роля суцяшальніка — не мая роля.
Горад у стане стрэсу. Горад трасе ад адбойных малаткоў і асфальтаўкладачных машын. Горад у гіпсе… Гораду наводзяць макіяж, знешне, нібыта нябожчыку. Палова сродкаў, выдзеленых для добраўпарадкавання, украдзена. «Усё для горада! — гарлапаняць з усіх кутоў хрыпатыя дынамікі. — Усё для гараджан! Год аб’яўлены Годам навядзення парадку на Зямлі», —а гэта значыць: чыноўнікам — раскошныя дарагія кватэры, а гораду — румянец ад тупейнага мастака…
Трапецыі, паралелепіпеды каменных забудоў — часовае прыстанішча для абяздоленых… Закатаныя ў асфальт чаравікі. Брыдота галечы і заняпаду. Цагляная шкарлупіна трэснута, і з яе, нібыта з раны гной, галасы абяздоленых… Ледзяная роспач расстання!.. Я чужынец у гэтым горадзе. Я ніхто для гэтай намакіяжанай тупейнымі мастакамі вуліцы...
Трапецыі, паралелепіпеды — плямістыя гіены ружовага горада. Запыленыя вачніцы зачыненых наглуха вокнаў. Куча камення, якое памятае сваіх нядбайных будаўнікоў. Бруд, у якім хочацца паваляцца. Цесната перамагае прастору, надзея — хваробу. Перастань румзаць! Насоўкі даўно ўжо раскупленыя прафесійнымі плаксунамі. І ім не да цябе. Калі б ты быў сляпцом, ты не змог бы парадавацца ўсяму гэтаму бруду, аб які мільёны мінакоў, кожны дзень спэцкваюць свае вопраткі. Калі б ты быў сляпым, ты не змог бы даведацца, што такое чысціня, і табе ніколі не давялося б паваляцца ў брудзе, бо ты не ведаў бы, што гэта такое.
Вуліца сыходзіць у неба. Галіце галовы! Крычыце: Vivat! Крычыце: Viсtоriа! Гэта мая вуліца! Я — Гаспадар Становішча! І ніхто мяне не пазбавіць гэтага тытулу ніколі. Маё дыханне назаўсёды змешанае з гэтым смуродам выхлапных газаў. Часцінка маёй душы ў гэтых каменных пабудовах, у гэтым брудзе, у якім хочацца паваляцца. І тая статная, прыгожая дзяўчына, якая зараз павольна плыве праз натоўп наперадзе, нават і не здагадваецца, што я сам сабе выцер слёзы, што цяпер не вуліца падпарадкоўвае мяне пад свае рытмы, а я падпарадкоўваю вуліцу пад свае жаданні. Цікава, ці ведаеш ты, мая любая, што за табою сочаць пільныя вочы Гаспадара Становішча? Вядома, што ты не ведаеш гэтага, ды і навошта. Ты ўсяго толькі плод маіх ілюзій, плод нязбыўных маіх мар. Аднак, калі я гляджу табе ўслед, ты ўсё ж адчуваеш гэты мой пранізліва-дапытлівы позірк і азіраешся. Ты шукаеш мяне вачыма ў натоўпе, і ліслівая ўсмешка паўзе па тваім твары. Мяне няма сярод гэтай вірлівай грамады. Я недасягальны для твайго позірку. Я — Чалавек-Невідзімка.
— Лена!.. Ленка!.. — спыняе цябе голас з супрацьлеглага боку вуліцы. Насустрач табе спяшаецца невысокі ачкарык. І правільна… Ты задаволена ўсміхаешся яму і больш не шукаеш мяне ў натоўпе. Хруст «касцей» — і плямістыя гіены ружовага горада глытаюць вашыя даверлівыя, безабаронныя істоты, аднак вы пра тое нават і не здагадваецеся …
Трапецыі, паралелепіпеды… Шкарлупіна трэснутая… Голад гоніць людзей на вуліцу. Голад вымушае іх дзейнічаць. Вось яны — статуі нашых Багоў. Толькі чаму мы спакушаемся нейкай задрыпанаю вядомасцю? Чаму молімся гэтым каменным Стодзівам? Чаму прыпадабняемся да іх? Мноства «чаму», і ўсе без адказаў. Хлусня! Не верце!.. Мы баімся прызнацца, што пад гэтай каменнай шкарлупінай тоіцца часцінка нашай з вамі душы. Мы — творцы таго, што налеплена тут. І гэтае маўклівае каменне натолена нашай энергетыкай. Верагодна, менавіта таму нам хочацца паваляцца ў гэтым брудзе. А боль… Боль не зусім і боль, калі страчанаму ёсць належная замена…
«Кантора па вывазу смецця» — месца маёй новай працы.
Прабіраюся праз замызганы дворык, шчыльна застаўлены жоўтымі скрынямі для збору смецця, да адчыненых дзвярэй службовага памяшкання. Тлустая жанчына ва ўзросце паказвае мне вачыма на кабінет начальніка і нешта доўга тлумачыць. Пакорліва выслухваю яе і накіроўваюся да «офіса». Тапчуся хвіліну-другую ў чаканні і адчыняю дзверы.
— Добры дзень! Я ад Івана Міхайлавіча, — вымаўляю завучанае прозвішча свайго «шчодрага» апекуна, які парэкамендаваў мяне на гэтую працу. Голас дрыжыць ад хвалявання і напружання.
— Ад Івана Міхайлавіча, гаворыш? — перапытвае чалавек за сталом і ўважліва вывучае мяне позіркам. — Што ж… — гаворыць ён недаверліва пасля непрацяглай паўзы, — праходзь… Значыць, ад Івана Міхайлавіча…
У кабінеце душна. Паветра перанасычанае пахамі гнілой бульбы, прэлага лісця і цыгарэтнага чаду. Чалавек за сталом задае пытанні і гартае маю працоўную кніжку. Чалавек за сталом — начальнік участка, і з гэтай хвіліны я павінен яму падпарадкоўвацца.
— Праца адказная… — папярэджвае мяне чалавек за сталом — чырванашчокі, з круглым ацёчным тварам, з кранутымі сівізной валасамі. — Гэта толькі дурні лічаць, што «сякеру пад лаўкай» знайшлі, — загадкава ўсміхаецца ён, і яго пальцы пачынаюць нервова выстукваць: «Тра-та-та-та… Тра-та-та-та… Тра-та-та-та…»
— А ці ведаеш ты, скуль бярэцца тое смецце?
«Сіньёр-Памідор», — паспяваю я надзяліць гэтага чырванашчокага чалавека трапнай, як мне здаецца, мянушкай. Што за дурная звычка, абражаць людзей за іх знешні выгляд?
— Смецце — гэта часцінка нас з табою, калега, — заўзята тлумачыць Сіньёр-Памідор. — Мы топчымся па тым, без чаго яшчэ ўчора наша існаванне здавалася нам немагчымым. Мы зачытваліся гэтымі тоўстымі, з каляровымі малюнкамі кніжкамі, мы апраналіся ў гэтую шыкоўную імпартную вопратку, мы пілі гаючы «Фрост» з гэтага пластыку, мы галіліся гэтымі супербрытвамі, мы чысцілі зубы гэтымі супершчоткамі. І ўсё гэта было не далей як учора. А сёння гэтыя рэчы для нас — непатрэбшчына, куча дзярма, выкінутыя на вецер грошы… Сумна, ці не праўда?.. Ты не згодны?.. Правільна, я таксама не згодны. Людзі, калега, топчуць нашу з табой памяць, сваю дзейнасць, — не сунімаецца начальнік участка. — Топчуць часцінку нашай душы… І таму мы з табою павінны быць архіварыусамі. Бо гэтая сметніца — накапляльнік інфармацыі. А, разграбаючы яе, мы датыкаемся кожны дзень да часцінкі нечай душы… Датыкаемся гэтымі вось рукамі. Не кожнаму дадзены такі гонар. Гэтага заслужыць трэба. Ты — майстра!.. Цяміш?.. Ты павінен кіраваць працэсамі накаплення адпрацаванай інфармацыі, а значыць, і нашай памяці. Толькі ўсяму свой час і сваё месца. Нічога не знікае бясследна. І рычагоў у цябе для кіравання гэтымі працэсамі болей, чым у любога трактарыста.
— Трактарыста?.. Якога Трактарыста?..
— Я вобразна гавару, — усміхаецца Сіньёр-Памідор.
Не слухаю яго. Рана ўсё яшчэ крываточыць, і я зноў зацыкліваюся на сваіх незагоеных крыўдах.
Вогнішчы ўспамінаў разгараюцца, і перад вачыма паўстае постаць Маленькага Чалавека. Шоргат скураных падэшваў, хруст «касцей» — і пляваць, што ты недзе ля падножжа Піраміды Дасканаласці.
— Калега! Ка-ле-га! — вяртае мяне з забыцця хрыплы голас Сіньёра Памідора.
Я падымаю вочы. Твар у чалавека за сталом пакрыўджаны. Ён сіліцца нешта вымавіць, але ў дзверы стукаюцца.
— Ну вось… Гэта твой падначалены, — задумліва хмурыць ён лоб, паказваючы вачыма на мужчыну, які зазірае ў пакой. — Грузчык… Затаршчык смеццявозаў! — папраўляецца і хітра ўсміхаецца: — Вялікі ёлупень! Ці не праўду кажу я?..
— У кожнага з нас свая праўда, — незадаволена бубніць мужчына.
— Цяпер у цябе такіх ёлупняў аж дзесяць будзе, — усміхаецца чалавек за сталом, паказваючы жоўтыя рэдкія зубы. — А за імі, калега, патрэбен нагляд, інакш яны на галаву табе сядуць... І рычагоў для кіравання імі, паўтаруся, у цябе больш, чым у любога трактарыста.
Майго падначаленага завуць Азіят. Мянушка адпавядае знешняму выгляду. У хлопца прадаўгаваты, з цёмнай скурай твар, вузкагубы рот і маленькія шчыліны-вочкі. Азіят — брыгадзір, а ў маю адсутнасць — выконваючы абавязкі майстра. Мы ідзем з ім аглядаць участак: бытоўкі, інвентар і гэтак далей…
— Сцеражыся яго, хлопец, — папярэджвае мяне тлустая, ва ўзросце жанчына, тая, што хвіліну таму паказвала кабінет Сіньёра-Памідора. Яна добразычліва падміргвае, аднак, натыкнуўшыся на злосны пранізлівы позірк Азіята, напускае на твар абыякавасць і дэманстратыўна паварочваецца да нас спінаю.
Я плятуся за Азіятам. Дворык цесны, загрувашчаны хлудам. Мы кружляем сярод жоўтых скрыняў для накаплення смецця ў пошуках бог ведае чаго. Азіят па натуры маўчун, і гэта мяне раздражняе. За дзесяць хвілін нашага бессэнсоўнага блукання па смуродным лабірынце ён выціснуў з сябе толькі некалькі слоў — і то праз сілу, са шчырай сквапнасцю.
— Азіят, ты задаволены жыццём? — спытаюся я ў яго пазней, калі пазнаёмлюся з гэтым вечна незадаволеным чалавекам больш блізка. — Скажы, у чым ты бачыш сэнс свайго існавання?
— Што ты маеш на ўвазе? — зіркне ён на мяне спадылба.
— Ну, гэта калі… — пачну я няўпэўнена і, не дагаварыўшы, пацікаўлюся: — Азіят, ці імкнешся ты да нечага неспазнанага ў жыцці?..
— Да неспазнанага? — перапытае ён. — А нашто?
— Разумееш, людзі ставяць перад сабою пэўныя мэты, а потым імкнуцца дасягнуць іх. Шляхі, праўда, для гэтага выкарыстоўваюць не заўсёды прыстойныя. Але ў кожнага з нас свая Вяршыня. Мы караскаемся па яе стромкіх схілах, мы прычыняем боль і сабе, і тым, хто побач, хто дапамагае. І ўсё дзеля свайго задавальнення, дзеля падняволення гэтай праклятай Вяршыні...
— А-а-а…— зробіць разумны выгляд Азіят і катэгарычна адмовіць: — Не, мае справы цялячыя. Нашто мне лезці неведама куды… Каб зваліцца і пакалечыцца? Не… Дачакаюся вось выхадных, а там...
— Азіят, нашто табе выхадныя? — спыню яго я. — Хіба табе не ўсё роўна — субота сёння ці панядзелак? У цябе ж ні дома, ні сям’і… Па-мойму, ты і на працы асабліва не надрываешся…
— Не надрываюся… — з лёгкасцю пагодзіцца ён. — Я хачу працаваць на сябе, а не на барадатага дзядзьку…
Жоўтыя прамавугольныя ёмістасці нарэшце пералічаны. Мы выбіраемся з заблытанага смуроднага лабірынта і я, нібыта на гачку рыбіна, пажадліва хапаю свежае паветра. Я радуюся бог ведае чаму. З расчыненых дзвярэй службовага памяшкання насустрач нам выплывае размытая постаць Сіньёра-Памідора. Яго вусны вытужваюць скупую сумную ўсмешку.
— Ну што, пералічылі? — цікавіцца ён здалёк.
— Пералічылі, — спяшаецца адрапартаваць Азіят.
Сіньёр-Памідор ігнаруе яго і звяртаецца прама да мяне:
— Цяпер гэта твая гаспадарка, калега.
Я сумна разводжу рукамі. Што ж, гэта падножжа Піраміды. І той, хто ў мяне за плячыма зараз, магчыма, некалі таксама захоча пераступіць праз мяне, каб узняцца на некалькі прыступак вышэй па службовай лесвіцы. Гэта закон Прыроды. Гэта закон Піраміды. Ён абраў ужо ахвяру і цяпер толькі чакае, калі я спатыкнуся…