19


Гэты свет нават не здагадваецца пра маё існаванне. Хто я такі, каб пра мяне ведалі? Выскачка, які імкнецца рабіць нешта неадпаведнае сваім здольнасцям, не разумеючы, што для гэтага аднаго майго жыцця мала? І ўсё ж я ні аб чым не шкадую. Бо, спасцігаючы нават тую маленькую часцінку існага, я пазнаю сябе. І няважна, што я ўсё яшчэ не змог пазбавіцца тых шматлікіх сваіх недахопаў. Што я хацеў? Яны накопліваліся ўва мне гадамі. І цяпер мне даводзіцца шукаць новыя, непратаптаныя сцяжынкі, якія вернуць мяне да сябе.

І да Люські.

Мы размаўляем з ёю, пэўна, гадзіну ўжо. Я расказваю ёй гісторыю свайго жыцця. Яна слухае, не спыняе.

— Люська, я спрабаваў жыць без цябе, — заўважаю я паміж іншым.

— Ну і?.. — лісліва ўсміхаецца яна. У вочы блакітнымі фарбамі прасочваецца неба.

— Не атрымліваецца…

Адчуваю, як здрадніцкі ўздрыгвае мой голас. Не ад хвалявання, вядома, а ад прасвятлення. Напэўна, людзі заведама нараджаюцца рабамі свайго лёсу. І я не выключэнне з гэтага правіла.

— Я не магу без цябе.

Люська вытрымлівае працяглую паўзу і спагадліва зазірае ў вочы.

— Я без цябе таксама, — ціха прамаўляе яна.

Маўчым. Такое ўражанне, што слоўны запас наш скончыўся і цяпер надзея толькі на тое, што мы прыдумаем нейкія новыя словы, з дапамогаю якіх і зразумеем адзін аднаго.

— Віця, я даўно табе збіралася сказаць… — Люська выдатна разумее, што маўчанне не лепшы сродак зносін у гэты момант, і таму спяшаецца: — Я даўно табе збіралася сказаць... Я цяжарная.

Я не ведаю, як павінны паводзіць сябе ў такіх выпадках мужчыны, і маўчу. Пэўна, дзень гэты цалкам сатканы з нашага маўчання. Мы імкнемся знайсці патрэбныя словы — і не знаходзім іх. А таму змушаны карыстацца моваю жэстаў. Але і яна не заўсёды дапамагае нам.

— Што ты сказала? — перапытваю я.

— Віцюша, ты макака!

Люська цалуе мяне ў шчаку. Цяпло ад дотыку яе вуснаў застаецца напамінам аб нечым страчаным. Яно быццам бы і ёсць, і ў той жа час яго няма. І ніколі не магло быць. Люська сціскае мяне ў абдымках. Яе сукенка збіваецца зморшчынамі. І я імкнуся іх разгладжваць.

— Нейкі ты не такі, — шэпча мне на вуха Люська. — Цябе, Цюша, страшна адпускаць ад сябе. Раздабрэў…

Тлумачыць, як я жыў без яе, чым сілкаваўся, няма жадання.

— Самцы малпаў, — пачынаю я непераканаўча, — суперажываюць цяжарнасць сваёй партнёршы настолькі моцна, што самі ў гэты перыяд набіраюць вагу. У іх нават павялічваецца аб’ём таліі… Вось і ў мяне…

— Цюша, ты нязносны, — спыняе мяне Люська.

— Магчыма, — усміхаюся я. — Але мая нязноснасць ад цябе.

— Ад мяне? — здзіўляецца яна. — Яшчэ да чаго дадумаўся?

— Абгрунтаваць?

Люська неўразумела пазірае на мяне і маўчыць. Відавочна, яна страціла пачуццё гумару.

— Некалі ў нашым мястэчку, — працягваю я, — жыў адзін вельмі выхаваны і адукаваны чалавек. За якую б справу ён не браўся, рабіў ён яе з вялікім захапленнем. Аўтарытэт гэтага чалавека быў настолькі моцным, што людзі імкнуліся быць да яго падобнымі. Яны рабіліся лепшымі. Інакш і быць не магло. Але аднойчы майстра памёр. І жыхары мястэчка зразумелі, што страцілі нешта такое, чаго нельга страчваць. Яны страцілі часцінку саміх сябе. Але затое ўзамен набылі свабоду і незалежнасць ад нечых учынкаў. Толькі ім гэтая свабода не стала ў радасць. Так і для мяне… Калі я пачаў жыць без цябе, мне падалося, што я набыў свабоду, але гэтая свабода была несапраўднаю. Бо свабоднымі мы становімся толькі тады, калі ў нашых сэрцах жыве разуменне, для чаго яна нам патрэбна.

— Сам да гэтага дацяміў? — задаволена пазірае на мяне Люська. — Ці хто падказаў?

— Не сам… Цяпер я ведаю, чаму мы не сталі дарослымі.

— Ну і чаму?..

— Пакуль жывыя нашы бацькі, дагэтуль мы і будзем заставацца дзецьмі.

— Але яны аднойчы памруць.

— На гэты час у нас будуць свае дзеці. І яны для нас таксама будуць дзецьмі. А потым і ў іх з’явяцца дзеці…

— Я хачу, каб гэты ланцужок ніколі не абрываўся.

— Я таксама…

Вуліца бязлюдная. Крочым па ёй моўчкі. Люська хоча пазнаёміць мяне са сваімі бацькамі. Мінулае вяртаецца… І гэта значыць — мы жывём. Бо мінулае, як мне здаецца, і ёсць наша жыццё.

Цеснае перапляценне вулак у аддаленным ад цэнтра квартале. Закуток, асветлены адным ліхтаром. Магутная жалезная агароджа. За ёю двухпавярховы будынак. Ад ліхтара няпэўныя цені. Жалезныя сходы зігзагам спускаюцца ўздоўж фасаднай сцяны. Тлустыя чорныя лініі знікаюць пад бляшанымі каптурамі адліваў. Мне хочацца ўзабрацца на гэтую лесвіцу і зазірнуць у чужую заваконную цішыню.

А яшчэ мне хочацца зазірнуць у сябе, убачыць малпу, каб дараваць яе нікчэмнасць…

2007 г.

Загрузка...