Нейкія непраўдападобныя, не зусім начныя колеры ў гэтай летняй ночы. Нейкае цягучае і мутнае, нібыта кісель, паветра. Затуманенае і задымленае наваколле… І не спіцца Котаву, даймае яго бяссонне. Не можа дачакацца раніцы — не даюць заснуць, цягнуць з хаты праклятыя думкі. І баляць намуленыя мяккай пярынай бакі. І недастаткова выпітага з вечара — не бярэ гарэлка. Варочаецца Котаў — узіраецца ў чорнае акно. Душна ў раскошным пакоі, не дапамагае расчыненая фортка. І цішыня магільная. І масніцы рыпяць пад падэшвамі здрадніцкі. І завесы на дзвярах нязмазаныя — не прайсці незаўважна. Толькі напляваць яму на ўсё гэта — ведае, што робіць. Не тая пасада ў яго, каб звяртаць на дробязі ўвагу.
Службовая «Волга» заводзіцца з паўабарота. І не важна, што праз расхінутыя фіранкі здзіўлена пазірае кіроўца. І не важна, што, разбуджаны яго цяжкімі крокамі, працяжна кашляе калгасны старшыня. Не да іх зараз яму. Дарогу да вузлавой станцыі ён і без праваднікоў знойдзе. А ад станцыі і да моста рукой падаць. Старшыня падрабязна ўсё растлумачыў, адразу відаць — свой мужык. Зойме Котаў мэрава крэсла, забярэ яго да сябе. Праца ўсім знойдзецца. Яшчэ як згадзяцца адданыя людзі. Ён даўно падбірае сабе каманду. Толькі дзень гэты — дзень заўтрашні. А пакуль ранавата яшчэ гаварыць пра тое.
Пачынае світаць. Неба ружовае — ні аблачынкі. Радуецца Котаў — пагодлівы выдасца сёння дзень. Не любіць ён непагадзі. Не паважае шэрасці: ні ў прыродзе, ні ў людзях. Узяць бы таго ж Трактарыста — зануда, двух слоў не звяжа, а даводзіцца цярпець. Куды дзенешся…
«Радыяцыйная зона. Праезд і праход забаронены!»
Котаў спыняе машыну і адчыняе дзверцы. Шлагбаум і забаронны знак на мяжы з зонай — твор адных рук. Кара са слупоў неакуратна знятая, жэрдка крывая, непафарбаваная, на шыльдзе каракулі нейкія, а не надпіс. Адным словам, цяп-ляп, для адчэпкі.
Чыгуначная станцыя адсюль у кіламетры язды. Котаў адвязвае прыкручаную да слупа дротам жэрдку і сядае ў машыну.
Мястэчка нібыта вымерла. Мястэчка падобнае здалёк да пудзіла міфічнай істоты — бязлюднае і небяспечнае. Котаў адчувае гэта, і яму робіцца страшна. Што чакае яго ў тых непралазных завулках-джунглях?
Машыну ён пакідае ля паўразбуранай царквы. Далей ідзе пешкі. Вось і мост той, дакладней, падобнасць моста. І пляваць, што ад яго да царквы свежапратаптаная сцежка. І не важна, хто пратаптаў яе праз ажыннік. Мост — вось што яго цікавіць зараз. І няма крыўды на Трактарыста. І няма шкадавання аб тым, што яго адправілі ў гэтую камандзіроўку. Прадчуванне прыналежнасці да нечага Важнага і Патрэбнага адмаўляе ўсё астатняе. Думкі сканцэнтраваныя на мностве «Я»: я першы, я пабудую, я аднаўлю, я… я… я… І, нібыта і ў тым дзіцячым аповедзе пра Мальчыша Кібальчыша, радасныя галасы з натоўпу даюць яму ўсе падставы ганарыцца сабою: «Плывуць параходы — прывітанне Котаву!.. Ляцяць самалёты — прывітанне Котаву!..»
Ад моста рэшткі: чатыры жалезабетонныя апоры на дне глыбокага абрыву і абрэзаныя, павіслыя ў паветры абрубкі-рэйкі. Апоры нібыта нажы ў камяністым целе кручы. Унізе, белы ад пены, ручай. З прадоння — гоман вады, якая бруіцца між камянямі. Пэўна, гэта і ёсць тая рэчка, пра якую яму распавядаў калгасны старшыня. «Сто метраў, як мінімум, — вымярае позіркам Котаў шырыню. — Плюс насыпы з аднаго і другога боку, яшчэ па дваццаць метраў. Усяго — сто сорак…»
За кручай — дзяржаўная мяжа. Чыгунка і павінна стаць у хуткім часе той самай «дарогай жыцця» паміж дзвюма краінамі. А гэта — інвестыцыі, гэта — новыя працоўныя месцы. Гэта — поспех…
Над лесам сонца абыякавае і халоднае. І дарэмна «чыгунка» цягне да неба свае абрубкі-рэйкі, чакаючы дапамогі. На даляглядзе халодны чырвоны агеньчык семафора, і калі загарыцца зялёны, ніхто не ведае.
Котаў хуткім крокам вяртаецца да машыны. Дзверы ў царкве прыадчыненыя. І карціць паглядзець, што там, за тымі жалезнымі дзвярыма. І нікому не спыніць Котава, бо жаданне мацнейшае за ўсё астатняе.
У царкве паўзмрок. Над дзіравым дахам крычыць як ашалелае вараннё. Гулка, нібыта ў парожняй бочцы, адклікаюцца цяжкія крокі.
Ад сцяны аддзяляецца цень. Котаў нерухомее ў нямым здзіўленні і робіць крок назад.
— Стаяць, гад! Куды?.. — голас хрыпаты, нібыта з магілы. Котаў узіраецца ў цемру. У незнаёмца ў руках нож і, мусіць, ягоны лёс. І здаецца, ніколі не скончыцца гэтае зацягнутае да бясконцасці імгненне…
— Гэць! Гэць, ваўчынае мяса…