ЯК ВАН ГОГ ЗРАБІЎСЯ ДЗЕДАМ

(верш у дзьвюх частках)

...В синей робе

Дед Ван Гог...

Руслан Семенченко

Частка 1.

Миллион, миллион, миллион

и тэ дэ.

А. Вознесенский

У Ван Гога дзяцей не было.

А кватэра была. І карціны.

Закахаўся неяк Ван Гог

У таемную надта дзяўчыну.

Ёй пад вокны прынёс Ван Гог

Не гітару, ня скарб, не пірог,

А ў тысячы шэрых заплечнікаў

Мільён рудатварых сланечнікаў.

А дзяўчына глядзела ў акно

І крычала: “Ратуйце, людзі!”

У Ван Гога дзяцей не было

І ніколі ня будзе.

І ўнукаў таксама ня будзе.

Частка 2.

Exegi monument(um)

Horatius

У Ван Гога дзяцей не было.

Але засталіся карціны.

Нехта сказаў: прыгожыя.

А нехта дадаў: каштоўныя.

І вісяць яны ўсе ў музэі

І каштуюць вялікія грошы.

У тысячы шэрых заплечнікаў

Мільён рудатварых сланечнікаў

Зьнеслі з музэя злодзеі,

Нарабілі пад іх падробак.

Карціны - дзеці Ван Гога,

А падробкі - дзеці дзяцей,

А калі карацей - унукі.

Не было ў Ван Гога сыноў.

І дачок не было. І вуха.

Але дзедам Ван Гог зрабіўся.

Безь дзяцей. Намаганьнем духу.


Загрузка...