КАЛІ Б ТЫ БЫЎ ДАЛЁКІ

Калі б ты быў далёкі,

Мой сьпеў рыдаў бы нема,

Твае б я чула крокі

Паўсюдна, неадменна.

Твае б я чула словы

І плакала б натхнёна

І я была б шчасьлівай

У горычы штодзённай.

Калі б ты быў далёкі,

Я цалавала б кветкі,

Твае б лавіла згукі

У маркатаньні ветру,

Заломваліся б рукі

У роспачы маўклівай.

Калі б ты быў далёкі -

О, я была б шчасьлівай!

Калі б ты быў далёкі.

А ты жахліва блізкі,

Бы зьвер мільёнавокі

Ля бэзавай калыскі,

Як сонца не за хмуркай,

А побач і навокал,

Як вока для кузуркі,

Што заляцела ў вока.

Калі б ты быў далёкі,

Бы ў небе касманаўты,

Ня пекліся б апёкі

Там, дзе мяне кранаў ты.

І ты б ня біўся токам,

Такі жахліва блізкі,

І я б раўла аблокам,

Яктала да вятрыскі,

Качала б голай лыткай

У жалю і ў журбе

І неймаверна брыдкай

Была б сама сабе.

Загрузка...