БІБЛІЯТЭКА
Маленькія скрываўленыя ручкі
цягнуць кніжку з паліцы.
Маленькія скрываўленыя ручкі,
але толькі адна.
Брудныя валасы і крывавыя вачніцы.
Мне жахліва, але за сьпінай сьцяна.
А перад носам таксама сьцяна,
Са столі валіцца вапна,
ціха і трапна,
як ніколі раней.
Што рабіць?
Каталожныя скрыні
вытыркаюцца з розных бакоў,
б’юць мацней і мацней,
панабілі мне гузакоў.
Ногі мацаюць бібліёграфы
ў выглядзе пацукоў.
Шлях да выйсьця адрэзаны!
Бібліятэкаркі ў выглядзе кажаноў
зноў і зноў
сядаюць на вочы, блытаюцца ў валасох,
разьдзіраюць кіпцямі скуру,
шкуматаюць у макулятуру.
Вось, вятрыскам перапярэзаны,
паркет прабівае ВАЮ! -
кніжкі за ім, як птушкі,
драпежныя пажыральнікі падлы,
прагна выдзёўбваюць кішкі,
на падлогу кідаюць мяса,
трушчаць косткі...
ГЭТА СОН!
Я разьбіваю
шкло ў вакне!
Звон!
Прачнуцца! Тэрмінова трэба прачнуцца!
Гэта сон! Але раптам чужы?
Нейкай Марфы або Пракопія?
Мяне рэжуць шырокія вогненныя нажы.
Нехта робіць зь мяне ксэракопію!
Марфа! Марфачка!
Абудзіся!
Пракопка!
Я кардонная картка.
Я чорная кропка.
Цяжка дыхаць.
Я нічога не адчуваю.
ГЭТА СОН! Але раптам... О Божа!
Раптам нехта даўно ня сьпіць,
Толькі сон ня можа спыніцца? Я
ня выратуюся, мне ня жыць...
Не!
Ня трэба!
Ратуйце!
МІЛІЦЫЯ!!!