“ДЗІЦЯЧЫ АЛЬБОМ”


1. УЯВІ

Мой маленькі чытач!

Уяві сабе, што ты вялікі крумкач -

Вялікі чорны крумкач,

І дзяўбеш крывавую ежу,

Якую я для цябе рэжу

Па кавалках ад жывых зьвяроў

Пляскатым зубчастым нажом!

Уявіў, як пырскае кроў?

Гэта табе не баржом!

Уявіў, як шматкамі

Ляціць крывавая воўна?

Праўда, цудоўна!


2. ЛЯЛЬКА

Калі ў першы раз

Нож у мяне ўтыркнулі

І там тры разы павярнулі,

Вельмі было балюча,

І крычала я вельмі гучна.

Калі ў другі раз

Нож у мяне ўтыркнулі

І там тры разы павярнулі,

Было ўжо ня так балюча.

Я крычала ня вельмі гучна.

Калі ў трэці раз

Нож у мяне ўтыркнулі

І там тры разы павярнулі,

Было зусім не балюча

І нават амаль не калюча,

А так, бы нехта казыча,

памалу.

Я рагатала.

Калі ў чацьвёрты раз

Нож у мяне ўтыркнулі

І там тры разы павярнулі,

Яны мне ўжо надакучылі.

Сказала, каб адчапіліся.

Далей што было - забылася...

Калі ў энны раз

Нож у мяне ўтыркнулі

І там тры разы павярнулі,

Зразумела я: гэта ключык.

Ад мяне чакалі чагосьці,

Ды нічога не атрымалася.

Нехта, я чула, сказаў:

“Здаецца, яна зламалася”.

Я думала, мяне зьнішчаць

Ці адарвуць галаву.

А мяне проста закінулі на гарышча.

Там я цяпер жыву.


3. ВАВЁРКІ

Ці жывуць вавёркі ў норках?

Не, яны жывуць у парках.

Дрэвы там усе ў вавёрках,

Быццам мёртвыя ў прыпарках.


4. ВІДАВОЧНАЯ

Відавочна бачыцца

Слыхавушна чуецца

Векапомна помніцца

Адпаведна ведаецца

Толькі ж я жа ж несумнеўна

За сабой сама сабой.

Чуеш, відавочная?


5. У ТАЕ ДЗЯЎЧЫНКІ

У тае дзяўчынкі сінія косы,

Зусім сінія косы.

А ў мяне такіх няма.

У тае дзяўчынкі чырвоныя вочы,

Зусім чырвоныя вочы.

А ў мяне такіх няма.

У тае дзяўчынкі зялёныя сьлёзы,

Зусім зялёныя сьлёзы.

А ў мяне такіх няма.

У тае дзяўчынкі ружовыя акуляры,

У якіх усе выявы ружовыя,

Зусім ружовыя выявы.

А ў мяне такіх няма.

У тае дзяўчынкі белыя меркаваньні,

Зусім белыя меркаваньні.

А ў мяне такіх няма.

У тае дзяўчынкі на грудзях валасы,

Кучаравыя чорныя валасы.

А ў мяне такіх няма.

А мне й ня трэба.


6. РАНІЦА

(песенька Віні Пуха)

З раніцы ў мяне такі настрой,

Што хош напіся, а хош утапіся.

Гэта не таму, што я самагубца ці п’яніца.

Проста раніцы не пазьбегнеш.

На тое яна і раніца.


7. У КІШЭНІ

У маёй кішэні

Жыве дзядзя Сеня

І яго жонка Наташа.

У іх на сьнеданьне каша,

А на вячэру сыракваша.

Прараблю ў кішэні дзірку.

Будзе для іх параша.

Кажа мне сябрук Воўка:

Адпраў ты дзядзю Сеню

Ў камандзіроўку

Ў другую кішэню.

А да цёці Наташы

Пасадзі дзядзю Сашу

(Дзядзя Саша жыве ў Воўкі

Ў капюшоне вятроўкі).

А я кажу: трэці — лішні.

Пасадзім іх лепш да Надзі.

Няхай яны зьядуць усе вішні

Ў ейным кішэнным садзе.


8. РАДОННАЯ КАЗКА

Жыў-быў і цяпер жыве.

І былі ў яго тры.

Паселі яны на коней і паехалі.

А адтуль раптам абвесьцілі,

што дачка-прыгажуня

і палова маёнтку ў спадчыну.

Выйшаў мужык поле араць.

Зацягнуў у багну і зьеў.

І я там быў,

мёд, піва і нацыянальны шансон.

А хто слухаў, сьцяг табе.

На белым кані па разорах да ўсходу.


9. МАРОЗІВА

Адзін хлопчык маленькі

Зьеў замнога марозіва,

І ягоныя ножкі

Ператварыліся ў нозіва,

А ручкі - у ручыва,

А вочкі - у вочыва,

А нос - у носіва,

А пуза - у пузіва.

А трусікі - у трусіва,

А боцікі - у боціва,

А зубкі - у зубіва,

А роцік - у роціва,

А пяткі - у пяціва,

А косткі - у косьціва,

А валасы - у валосіва,

А сьлёзы - у сьлёзіва.

Навошта, навошта

Ён зьеў столькі марозіва?!


10. ЗІМА - МАРОЗІВА ДЛЯ ДАРОСЛЫХ

А потым ад зімы

Ці яшчэ ад нечага

Усе навокал рэчы

Ператварыліся ў рэчыва,

А кал - у каліва,

А печ - у печыва,

А крэсы - у крэсіва,

А палі - у паліва.

А Тула - у тулава,

А вол - у волава,

А мары - у марыва,

А Логас - у логава.

А пі - у піва,

А ка - у каву,

А гра - у грыву

А я - у яву.

Сяджу, размаўляю

з сабою сама...

Навошта, навошта

прыходзіць зіма?!


11. ЗАГАДКА

Вісіць абвестка над завулкам:

“Мак - Лукамор’ю, ром - акулкам!”

Надзвычай дзіўная аб’ява!

Хто ведае, у чым тут справа?


12. ВУЛІЦА ШЫРОКАЯ

Вы-ха-ва-нчы-кі-дзі-ця-ча-га-са-дку

Пе-ра-хо-дзі-дзі-дзі-дзі-дзі-лі-ву-лі-цу

Ву-лі-ца-шы-ро-ка-я

У-я-е-ня-ма-дру-го-га-бе-ра-га

А-па-ву-лі-цы-ма-шы-ны-е-ха-лі

Пе-ра-е-ха-ха-ха-ха-лі-вы-ха-ва-нчы-каў

Ву-лі-ца-шы-ро-ка-я

У-я-е-ня-ма-дру-го-га-бе-ра-га

А-на-бе-ра-зе-а-дзі-ным-ма-ма-нькі

Вы-ха-ва-нчы-каў-пла-ла-ла-ла-ка-лі

Толь-кі-ву-лі-ца-шы-ро-ка-я

І-ні-хто-ні-чо-га-не-па-чуў.


13. КАЛЫХАНАЧКА

Сьпі, сынку.

Прабег прусак па тынку,

Зараўлі дзіравыя трубы.

Сьпі, мой любы.

Сусед-шызафрэнік

Нам у шыбу шпурляе

Камяні,

Але не трапляе.

Сьпі-засьні.

У пад’езьдзе нехта страляе.

Нехта ломіцца ў нашыя дзьверы.

Нехта лез праз акно,

Ды нібы ў павучыну,

Убіўся ў парцьеры.

Гэта вельмі было даўно,

Труп там цяпер астылы.

Сьпі, мой мілы.

Самалёты над гарадамі

Круцяць вогненнымі хвастамі.

Утыркаюцца крылы ў магілы,

А стрэлы - у крылы.

Па дарогах лётаюць кулі,

Ды ня з рулі,

А так -

Іх вятры надзьмулі.

Люлі-люлі.

Чорны вэлюм лёг на зямлю,

Зачыніліся крамы.

Сьпяць і таты, і мамы.

Толькі я, як той слон, ня сплю.

Нехта ціха пяе

Пра тых, хто п’е

Валяр’янку

І рыпіць зубамі аб шклянку

Табе калыханку.

Пацукі зрабілі палац са старых паштовак.

Лес замёр у чаканьні буйных лесанарыхтовак.

У паветры вісіць і зьвініць залаты званочак.

Сьпі, сыночак.

Сьпі, дарагуся.

Я табе сьнюся.

Загрузка...