***
У мяне памёр стол.
Ад самоты, бо доўгі час
За яго не сядаў ніхто з нас.
Мы яго пафарбавалі,
Прыклеілі ножку.
Але атрымалася мумія,
А стол не ўваскрос.
Ці ёсьць іншы сьвет
Зь іншым жыцьцём
Для нежывых істотаў?
Мы пахавалі стол на сьметніку,
Стаялі і выціралі вочы насоўкамі,
А насы рукавамі.
Ці ёсьць іншы сьвет
Зь іншым жыцьцём
Для нежывых істотаў?
Калі ёсьць,
Няхай ён там будзе шчасьлівы.