РАСКІДАНАЕ ЗДАРОЎЕ

Калі я ўпершыню пагартаў гэтую кнігу, у мяне зьявілася думка, што гэта ня кніга, а немагчымасьць спасьцігнуць сусьвет, і зьмешчаны ў ёй ня вершы, а доказы, што Зямля круціцца, да таго ж, аўтарка яе — не дзяўчына (як мне паведамілі), а адзін зь вярхоўных жрацоў Егіпта, дый сам я ня я, а, прабачце, Янка Купала. Але мяне ўсё жыцьцё цікавіла праблема неўміручасьці, таму я ўжо зь першых радкоў пабачыў у кнізе ня толькі дуб, але і самы сапраўдны клён, якога так не хапае простаму салоўку (які сьпявае ўначы), народжанаму ў нашай пакутнай кабіне звычайнага ліфту. Прачытаўшы кнігу яшчэ раз, я заўважыў там нешта, што асабліва кранула маё сэрца, нязвыклае да страшнай, але цікавай казкі, а менавіта — іранічна-надзвычай-павучальнае ўвасабленьне хваласьпеваў марксізму-ленінізму, незвычайнае для прапушчанай празь мясарубку сучаснасьці літаратуры. Усё гэта гучыць вельмі надзённа, асабліва ў наш сьвяточны час, калі (даруйце, але іншых слоў не падабраць) разьвялося шмат сярэднявечных рыцараў, ня здольных адрозьніць марозіва ад гурта «Засралі казарму» (у якім сьпявае Віктар Жыбуль).

Натхнёны гэтым, я прачытаў тую абпаленую ваенным ліхалецьцем кнігу ў трэці раз і вырашыў, што ад некаторых вершаў зь яе Купала бы брыдка вылаяўся, Максім Багдановіч бы скокнуў у раку, а Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч на тым жа месцы станчыў бы гапака. Ну, а сам я ад роспачы проста абкурыўся. (Прамежкавая мараль: чытайце ўсе кнігі тройчы.) Ня ведаю толькі, што будзе, калі раптам гэтая кніга трапіць у школьныя бібліятэкі. Самыя жыцьцесьцьвярджальныя ў сьвеце дзеці, прачытаўшы гэтую сумніўную кнігу, ператворацца ў самых сапраўдных выдаўцоў і рэдактараў і пачнуць сьмяяцца, плакаць і разводзіць патысоны. Гэта, вядома ж, не супакойвае. Таму я вырашыў прачытаць кнігу ў чацьвёрты раз. І менавіта падчас гэтага чытаньня я раптам пазнаёміўся зь яе аўтаркай. Знаёмства гэтае мяне вельмі ўразіла, таму што я, як звычайна, чытаў, седзячы ў прыбіральні майго ўласнага дому. Вы, напэўна, вельмі зьдзівіцеся, але нічога надзвычайнага тут няма. Проста ў мяне, як у «прасунутага» сучаснага чалавека, які ня хоча адставаць ад жыцьця, у прыбіральні стаіць кампутар з Інтэрнэтам. Дык вось, прачытаўшы верш «Пан ня грае, ён апынуўся раптоўна забітым, таму што Сырынга зрабілася дынамітам», я прыйшоў у такое захапленьне, што адразу кінуўся шукаць у «Яндэксе» што-небудзь пра аўтарку. Я зрабіў усё, як мае быць: набраў у акенцы «ДЖЭЦІ», націснуў на «Search», але тут раптам спрацаваў аўтаматычны змыў (ён у мяне, разумееце, часам спрацоўвае, калі сам захоча), і мяне змыла разам з кампутарам, а ўнітаз пачаў перазагружацца. Нягледзячы на тое, што ўсё незахаванае зьмесьціва ўнітазу аднавіць не ўдалося, я ня страціў адчуваньня невычэрпнай радасьці, бо зразумеў, што ўсё гэта адбылося не без непасрэднага містычнага ўплыву Джэці. Канчаткова я ў гэтым упэўніўся на наступны дзень, калі на маніторы замест лягатыпу Windows пабачыў амаль гіерагліфічны надпіс: «прыемна было пазнаёміцца», пасьля чаго кампутар вырубіўся і больш не ўключаўся. І вось цяпер я жыву без кампутару і без Інтэрнэту, але зусім не сумую, бо адказы на ўсе пытаньні знаходжу ў кнізе Джэці. І наогул,

Калі ты ня будзеш час

марнаваць у ‘нэце,

Зможаш кнігу пачытаць,

і ня толькі Джэці.

А калі ня будзеш ты

кніг чытаць, нябожа,

Нават Інтэрнэт табе

ўжо не дапаможа.

Вось.

Васіль Фірхольд

Загрузка...