ПЕРАЎЗБРАЕНЬНЕ
Да Вэнэры прыйшоў Амур.
Кажа:
- Маці, я ўжо дарослы.
Мой маленькі дзіцячы лук
Не стасуецца з доўгім ростам.
Дай, матуля, мне лук другі,
Звонкі, моцны, важкі, тугі,
Каб далёка страляў і трапна,
Дай, матуля, мне лук такі.
Вось Вэнэра пайшла ў адрынку,
Прыцягнула чорную скрынку
І сказала:
- Мілы мой сынку,
За той час, як ты гадаваўся,
Сілкаваўся ды мацаваўся,
Так далёка зайшоў прагрэс!
Што твой лук! Лепш бяры абрэз!
Але нехта казаў, я чула,
Што яна яму прыцягнула
Не абрэз ці штосьці такое,
А кантэйнэр ядзернай зброі.
Уявеце ж сабе, якое
Нас чакае каханьне!..