САНЭТ З ПРЫЧЭПАМ
Санэт ёсьць форма вершаваных твораў
Дакладна з чатырнаццаці радкоў:
Катрэнаў двух (казаў Міхась Лынькоў),
Тэрцэтаў двух (казаў Філіп Кіркораў).
Ня менш за форму тут істотны зьмест,
Звычайна філязофскі і глыбокі.
Спачатку ўсе ягоныя вытокі,
А потым вынік, і - let's have a rest.
У нас заўсёды гонар і дарога
Тым, у каго санэтаў вельмі многа,
Пішэце ж іх, чаго вам не стае?
Тых, у каго ніводнага санэта,
Ўсіх праглыне марудлівая Лета
Або, наадварот, яны - яе,
Што нават горш нашмат, няма размовы,
Бо чалавек жа не гумовы!