***
Ён кахаў яе сярод поля
За квітнеючымі садамі,
І аблокі плылі паволі
Па-над вышкамі з правадамі.
А паветра гуло і пела
Тагасьветным таемным гукам.
Выгіналася ў хлопца цела
Ўжо гатовым да стрэлу лукам.
І здавалася поўным шчасьце,
Быццам зьдзейсьніліся ўсе мары:
Ён шаптаў ёй замовы жарсьці,
Цалаваў радзімкі і шнары,
Прагнуў целам і прагнуў вокам,
Прыціскаў да яе свой рот.
А дзяўчына білася токам
І была халоднай, як лёд.