ЭГІПЕЦКАЯ ПЕСЕНЬКА

Манархі ў патаемнай пірамідзе

Стаіліся для новага жыцьця,

Спакойныя: да іх ніхто ня прыйдзе.

І тут, зусім адзін, стаіўся я.

Няхай будуюць нада мной баракі,

Гуляюць выдмы з флегмай сьлімакоў,

Хай трушчаць паўзьдзічэлыя сабакі

На выдмах косткі тых будаўнікоў.

Хай рые ямкі ў глебе археоляг,

Шукаючы, чаго б яшчэ знайсьці,

Усюдыходы на жалезных колах

Хай ходзяць там, дзе здолеюць прайсьці.

Хай спарахнее ўсё ў маёй магіле,

Няхай і я ператваруся ў пыл

І пазьнікаюць караблі на Ніле,

І выпарыцца сам вялікі Ніл;

Хай сонца спыніць рух па небасхіле

І зоркі пазьлятаюць у трысьнёг

І ўсё такое ў адпаведным стылі,

Тым, у якім карае грэшных Бог, -

Я ведаю: я вечны, я ня згіну,

І тыя, хто ўжо нават і ня гной,

І ўсё, што існавала хоць хвіліну,

Заўсёды будзе існаваць у ёй -

У кропельцы ў бяздонным акіяне,

Бяздоннай, як і гэты акіян,

Дзе то кагосьці топяць эгіпцяне,

То нехта іншы топіць эгіпцян.

Ці чулі вы аб гэтым акіяне,

Куды сплывае хуткаплынны час?

Тут нам усім прызначана спатканьне.

І я ўжо тут. Даўно. Чакаю вас.

Загрузка...