ЛІСТ

Я пішу гэты ліст у ААН

Каб атрымаць дазвол

Забіваць сатурніян.

Гэта яны, сатурніяне праклятыя,

Ва ўсім, ва ўсім вінаватыя.

Гэта ад іх усе пошасьці й хваробы,

Усе недароды і ўсе недаробы,

Ад іх усе вырадкі і ўсе ўрады,

Усе прафсаюзы і гіт-парады.

Гэта ад іх завёўся жук калярадзкі,

Юры Шаўчук і Аляксандар Градзкі.

Гэта яны пад рознымі імёнамі

Плююць і сьмецяць пад антычнымі калёнамі.

І я ненавіджу іх усім сваім сэрцам,

Пырскаю ў іх газавымі балёнчыкамі зь перцам.

А яны бываюць у форме і ў падвале

(Аднойчы яны мяне нават арыштавалі),

А яшчэ яны бываюць з хаерамі і з іракезамі,

З устаўнымі зубамі, на катафалках і з пратэзамі,

Але я бачу іх на кожным кроку,

Бачу наскрозь і з кожнага боку,

Гэта яны, ненавісныя сатурніяне,

Атруцілі ваду ў Ціхім акіяне,

І калі вы гэтага ня бачыце ў вашым ААНе,

Дык можа, вы ў ім таксама сатурніяне!

Я не магу вам даслаць гэты ліст.

Няхай яго атрымае Грынпіс.

Такі ж зялёны,

Такі ж шалёны,

Ён зразумее

Мае праклёны

Па-свойму

І дасьць мне

Абойму.

Цалую й бяру ў абдойму.

Забойца сатурніян,

Нехта Напалеян.

Загрузка...