Кормны i надворны

Аб іх скажу я, што магу…

Ў адным хляве і берлагу

I нават ад адной свінні

Радзіліся яны —

Адзін Руды, другі Падласы.

Пассаць абодва былі ласы,

I дружна так яны спачатку

Клалі матку,

Уплёўшыся за цыцкі ўдвох,

А тая ляжа — рох ды рох.

Пасля, сумуючы па цыццы,

Ў адным капаліся карытцы

I разам елі ды пілі —

Ну, аднакашнікі былі,

Хоць бульбяную елі кашу.

Пасля ганялі іх на пашу;

Як уцячы ж рабілі спробу,

Пастух абодвух пугай сцёбаў.

Так цэла лета. Але ўвосень

Канец настаў такіх адносін —

Ім разлучыцца давялося.

— Трэ да ладу прывесці свінні,—

Сказаў раз муж да гаспадыні,—

Карміць пара, але якога?

— Ды ўжо ж няйначай, як Рудога:

Рахманы ён і не маркотны

I да яды нек больш ахвотны…

Заперлі Рудага ў хляўчук.

Аднак жа я сказаць хачу,

Хоць пад сакрэтам, вам аб гэтым,

Што неахайны той хляўчук

Рудому здаўся кабінетам.

Руды ў пяшчоце дый у ласцы:

Штодзень тры разы бульбы ў ражцы

Даюць яму, ды шчэ й з мукою —

Пайшло свінчо зусім рукою:

Руды наш стаў дабёр і гладак,

Аж чуць цягае ўжо азадак,

Не верыцца, што ёсць і косці,

I закруціўся зграбна хвосцік.

Зажыў Руды. Але з Падласым

Зусім не тое гэтым часам:

Наш гаспадар яго акінуў —

Падласы еў адну мякіну,

Тарчком на ім расло шчацінне,

I спачувалі яму свінні,

А ён сланяўся й скрыгаў горна,

Што лёс зрабіў яго надворным…

Раз нешта здарылася цётцы

К Рудому не ўшчыніць варотцы.

Убачыў гэту рэч Падласы

I, каб не траціць марна часу,

Рашыў зайсці к Рудому ў госці

(Ён ведаў, што Руды не посціць):

— Ругу! ругу! — дзень добры, братка!

Які ты зграбны стаў ды гладкі!..

Што ж не вітаеш ты мяне?

— А ты што прэшся ў кабінет,

Свіное рыла, без дакладу? —

Сказаў Руды і адвярнуўся задам.

Нямала ёсць яшчэ брыды,

Як той Руды,

Што так вітаюцца з «надворным»

Задам кормным.

1925

Загрузка...