Саманадзейны Конь

Вялікаму каню — вялікі хамут.

Народная прыказка

Меў нейкі Селянін мізэрнага Каня —

З сабаку, можа, так, мо, з добрае шчаня.

Малому веліччу быць хочацца заўсёды,—

У мацеры-прыроды

Такі спрадвеку ўжо закон.

Так вось і гэты Конь…

Яно не ганьба хоць — сабе дабра жадаць,

Але ў Каня ўжо, як відаць,

Жаданне ў манію вялічча перайшло.

I стаў ён скардзіцца на ўсё сяло:

I «і-га-га!» і «і-го-го!» —

Хамут нібы не да яго.

— Я сам, — іржэ, — такі каніска,

А вось хамут дык жарабячы блізка —

Не засупоніўшы і то ён нават цесны:

Ні ўлезці мне ў яго, ні вылезці — хоць трэсні!

У горад Селянін прыехаў на кірмаш.

I вось убачыў тут асілак наш,

Што грузныя ламавікі

Пудоў па сто вязуць мукі.

— Ну вось цяпер ці бачыш ты,—

Пытае ён Гаспадара,—

Якія ў коней хамуты?

Табе б купіць даўно пара

Хоць трошкі большы для мяне,

I я б за іх цягнуў тады ўдвайне:

Не сто пудоў, а цэлых дзвесце.

Тут, каб Каню свайму давесці,

Што гэта глупства і мана,

Каб выгнаць, зноў жа, наравы

З дурной канёвай галавы,

Той гаспадар і просіць фурмана,

Каб ён у воз вялікі свой запрог яго каняку.

Фурман гатоў за пэўную падзяку,—

Асілак наш ужо ў вялікім хамуце.

Ахвоты той хамут хоць шмат яму паддаў,

Але тут здарыўся скандал:

Пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі,

I затрымаўся ён аж ледзь на жываце.

А тут яшчэ пракляты воз

I з месца не скрануць — як да зямлі прырос.

I просіць у бядзе наш дурань дапамогі.

З тае пары другога хамута

Не патрабуе Конь ніколі:

Свайго яму якраз даволі,

Хамут стаў — проста любата.

Мне часта крыкуны мільгаюць у вачах —

Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах.

1927

Загрузка...