Табе вось не якая трасца,—
Сказаў Пярэсты раз Падласцы,—
I больш не здольна ні на што ты,
Як на цялячыя пяшчоты:
Яшчэ мароз, мяцеліца,
Яна тады ацеліцца,
I сёмуха аж блізіцца —
Яна ўсё з целем ліжацца.
А калі ж цельная была,
Хадзілі, проста як ля шкла.
Вось толькі й клопату брыдзе,
Што нацадзіць за цэлы дзень
Якую кварту
Ці то-бок літру малака,—
I харчаваць цябе не варта.
Зусім рэч іншая ў быка:
Вось я штодзень, як той загарак,
Іду то ў возе, то ў сасе,—
Балюча ныюць косці ўсе,
Ярмо ашмуляла мне карак,
Бо я ж адзін на гэтым карку
Нясу ўсю нашу гаспадарку.
I каб не я, сышло б да рэшты.
— Пакінь плявузгаць ты, Пярэсты,
Сабою надта выхваляцца,
Не страш ты бабу цяжкай працай,—
Падласка кажа да быка.—
I я магу ярмо цягаці,
Радзі ж вось ты хоць паўцяляці
Ці дай хоць кварту малака.
1925