Аршын

Зайшоў я ў краму раз набраць на палітон.

Вядома, Крамнік: — Будзьце так ласкавы!

Вось вам сукно, вось вам бастон.

Тавар не вельмі што цікавы,

А Крамнік хваліць: — Добрае наўздзіў!

Пасля й цану ж загарадзіў!

Я сяк, я й і так, ды мусіў заплаціць нарэшце:

Другога выхаду няма,—

Не за гарамі ўжо зіма.

— Ну, мерайце, — кажу, — ды рэжце!

Куляецца аршын, маланкай ходзяць рукі —

Так спрытна шэльма мерае.

— Ах! добрае сукно! Мо возьмеце й на брукі?

Але яму не надта веру я,—

Бяру аршын і правяраю сам.

Дык што ж вы думалі? Ну й жулікі! Ну й чэрці!

Недахапіла ў мяне там

Ні больш, ні менш — тры чвэрці.

А Крамнік божыцца, клянецца:

— Няхай язык адсохне, — прысягае.

I жонка, і дачка, і цешча памагае,

Аж кулакамі б'юць у грудзі,

Даводзячы, што гэта мне здаецца

I што няма вярней, як іх аршын.

Аднак я доўга не марудзіў

I спрэчку зразу давяршыў,

Сказаўшы Крамніку: — З табой я цалкам згодзен:

Няма вярнейшага аршына,

Ды толькі ў тым бяды прычына,

Што сам ты — злодзей.

«Аршын» марксісцкі ёсць, і ён зусім нядрэнны,

Калі ўладае ім разумны ды сумленны;

Калі ж пачне хто іншы мераць,

Дазвольце мне тады не верыць.

1928

Загрузка...