Другі, бывае, дабрадзей,
Пашану страціўшы ў людзей,
На тым часамі спаганяе,
Што прозвішча мяняе.
Не помню месяца і дня,
Нядаўна нек адна свіння
Свайму там старшыні ці «заву»
Так накрамзоліла заяву:
«Ад грамадзянкі вёскі Свінюхі,
Хляўцоўскае акругі,
Што перанесла здзекі пугі,
Як панаваў пастух Трахім,
Ад аблавухае свінні Каравай
Я, прылажыўшы ніжэй капыты,
Заяўляю аб тым,
Што з усёю сваёю раднёю
Не хачу болей звацца Свіннёю.
Бо „свіння“ і за лаянку часта ўжываецца,
А мне гэта не падабаецца.
Вось і прашу даць імя мне новае,
Падмацаваўшы яго пастановаю,
Каб не кожны хам
Калоў вочы нам:
I каб спагнаць заўсёды мела права я,
Калі асмеліцца абразіць хто».
I распісалася пярэднім правым капытом:
«Свіння Каравая».
А старшыня той розум меў:
— Завіся, — кажа, — ты хоць — леў,
Аднак жа, як свінню ні кліч,
Яе заўсёды выдасць лыч!
1925