Плывец-тэарэтык

Ён быў выдатны тэарэтык —

Па спорту воднаму мастак,

I што няправільна, не гэтак,

А трэба правільна вось так,

Заўсёды хораша тлумачыў

Аматарам-плыўцам.

Але як плавае ён сам,

Таго ніхто не бачыў.

Вось раз на ранішняй зарадцы

У хвалях быстрае ракі

Трэніраваліся спартсмены-юнакі,

А ён стаяў на кладцы;

Іх недахопы падмячаў,

Як лепей плаваць, навучаў,

Што значыць кроль, што значыць брас,

Калі гаворка йдзе пра найвышэйшы клас,

Як авалодаць батэрфляем,

Якому мы увагі не ўдзяляем;

Тлумачыў хлопцам без канца,

Як правільна даваць нырца,

Каб у глыбінях апынуцца,

I як з глыбінь назад вярнуцца.

Так доўга б ён чытаў яшчэ натацыі

З уласнай дысертацыі,

Ды, як на злосць, пачаў з ім нехта спрэчку.

Наш майстар так расхваляваўся,

Спрачаючыся з юнакамі,

I так размахваць стаў рукамі,

Што аж на кладцы не ўтрымаўся

I… шабултых у рэчку.

— Ну, ён цяпер пакажа клас! —

Сказалі хлопцы ўраз..

Ды што за чорт! Чакаюць… Ждуць…

Яго няма, а бурбалкі ідуць.

Усплыў. Зяхнуў,

Рукой махнуў,

Як быццам развітаўся,

I зноў на дно падаўся.

Тут непярэліўкі, і хлопцы праз хвіліну

Цягнулі майстра за чупрыну.

А не было б тае бяды,

Каб плаваць ён вучыў паводдаль ад вады.

1965

Загрузка...