Хоць я на іх не маю вока
I знацца з імі не хачу,
Аднак жа байку прысвячу
Угоднікам і абібокам.
Вы байку гэту чулі, можа,
А можа, й не.
Калісьці ў нашай старане
Ды жыў Угоднік божы.
Каб на зямлі не награшыць
I бліжай быць да бога,
Угоднік так павінен быў рашыць:
Нічога не рабіць, не гаварыць нічога,
Не думаць нават, толькі спаць.
I вось гадоў мо сорак пяць
Так на адным праспаў ён месцы.
Як прынясуць, бывала, есці,
Дык пабярэцца моўчыкам ды зноў на бок.
Калі ж памёр вялікі абібок,
Святы Угоднік Лотра,—
Рай адчыніў яму сам Пётра.
Яшчэ б тут можна байкаю пацешыць,
Ды не хачу трывожыць «праведнікаў» сноў я.
Не буду — спіце на здароўе!
«Хто спіць, дык той не грэшыць».
Заслуга ў нас, аднак, не ў тым,
Каб быць маўчальнікам святым
I гнісці ў абывацельскім «раю»,
Іначай кажучы, ў балоце,
А ў тым, каб з лепшымі ісці ў страю,
Гарэць-змагацца на рабоце.
1926