Стары i Малады

Не так даўно ў гаспадара

Жарэбчык быў і Конь Стары.

Яны задраліся нек раз,

I вось з тае пары

Пайшлі між коней нелады.

Аднойчы ў плузе на раллі

Жывёлы спрэчку завялі.

Гарачы, порсткі Малады

Тут не на жарт

Напаў на сталага Каня:

— Куды ты, падла, варт!

Калі паўзеш, дык парахня

Вунь пасыпае сцежку ўслед,

I толькі ты паскудзіш свет,

Глядзіць у землю морда кісла

I губа ніжняя адвісла.

На чорта ўжо цябе й трымаць!

Даўно пара да каналупа,

Бо сорам весці на кірмаш…

Ад слоў такіх Стары стаў слупам:

— Ах ты, шчаня!

Так бэсціць сталага Каня!

Ты не глядзі, што я стары,

Што быццам сыплецца з мяне

На капыты,

Але ж да гэтай вось пары

Ні разу ў баране

Не стаў, як ты.

Разумны ты ды малайчына

Да той пары, пакуль ляйчына

Не пападзе табе пад хвост,

Ну, а тады — панёс

Ці з плугам будзеш ты, ці з возам,—

I дзе твой дзенецца ўвесь розум!

Няхай, па-твойму, я слабы,

А хто ж цябе вось прыдабыў?

Хто дастаўляў табе авёс

I сена, на якім ты рос?

Ты здольны толькі да яды,

А ў працы гэтых маладых

Я так прыцісну, што аж сок…

— Пакуль з нас сок, дык з вас пясок…

Вось так за словам слова,

Нарэшце мала ім і звадкі —

Ужо намерваюць азадкі.

I… выйшла б дзела ў іх канёва,

Каб не Араты йшоў за плугам.

— Но-но! А то вось я зраблю падлік заслугам.—

Пачаў ён іх мірыць.—

Сябры па працы вы, а проста як звяры.

Той ганарыцца, што стары,

А той — што малады.

Ды хіба ж для працоўных розніца — гады?

Паверце, што найбольшая з заслуг —

Цягнуць цяпер у згодзе гэты плуг.

1926

Загрузка...