«Ліслівае цяля дзве маткі ссе».
Вы гэту прыказку напэўна чулі ўсе.
Але на практыцы выходзіць,
Што і цялятам часта шкодзіць
Залішне многа малака.
У дзядзькі аднаго, вяскоўца-кулака,
Было штук пяць кароў.
А кожны ж ведае, здароў,
Які ў кароў вясковых абавязак:
Трасянку есці ў дзень тры разы,
Настойваць гной, вадзіць цялят
Ды малака даваць патроху.
Такія ж абавязкі акурат
У кулака Цімоха
Спаўнялі гэтыя сумленна,
I скора нек пасля каляд
З іх дзве ўжо прывялі цялят.
Ды толькі для Цімоха тое дрэнна,
Што у Гнядой — бычок і у Рабой — бычок
(Яны былі супроць дачок),
А гаспадар хацеў цялушку гадаваць,
Бычкоў рашыў ён прадаваць.
Вось аднае нядзелі
I зараўла Гняда:
Ёй не на ўме яда,
Ёй не на ўме вада.
Аднак жа на пратэст не паглядзелі:
Бязлітасны мяснік панёс
Яе Пярэстага на воз.
Між тым Рабая
Аб гэтым нават і не дбае:
Пры ёй рыжман яе малакасос.
Але й яе спаткаў не лепшы лёс.
У пераплёце загародкі
Жардзін са дзве было кароткіх,
I вось у дзірку ля сцяны
Пралез Бычок-дурніца
Ды да Гнядой пачаў маніцца.
Нюхнуліся яны,
I пачаліся ў іх цялячыя пяшчоты.
Бычок з вялікаю ахвотай,
Падлезшы да Гнядой пад вымя,
Губамі мяккімі, вільготнымі сваімі
Пачаў там так прыемна казытаць,
Так міла хвосцікам матаць,
Як быццам гэта той, Пярэсты,
I аддала яна ўсё малако, дарэшты.
Назаўтра бедаваў Цімох,
Што Рыжы здох.
Тут аднаго хачу, нарэшце, я:
Над байкаю мая каб не прапала праца,—
Хай помніць кожнае ліслівае цяля,
Што можна ссаць, ды можна й абассацца.
1928