Еш, дурань, бо то з макам

Была ў мяне калісьці цётка —

Ну й добрая ж (хай лёгка ёй ікнецца)!

У душу гатова ўлезці, здэцца:

Вось так і клыпае, як тая кураводка,—

Схаваць гатова пад крыло.

Даўно ўжо гэта ўсё было,

I цётку помню мала я,

Але што цётухна Магрэта

Была ў нас гаспадыня «ўдалая»,

Дык добра помню гэта.

Калі ў яе часамі страва

Выходзіла няўдала,

Тады заўсёды яна справу

Акрасай папраўляла.

Пры гэтым гутаркі было там больш, як смаку:

Насыпле канапель ці маку,—

Якая, чорта, там яда!..

Бывала (веры ці дасце?),

Ясі, а ў роце аж расце,

Але ясі патом: адмовішся — бяда!

Калі яна заўважвала, бывала,

Што ем я не са смакам,

Абавязкова трактавала:

— Еш, дурань, бо то з макам!

Забыцца мне пра цётухну пара,

Бо ўжо даўно яе аплакаў,

Але ў жыцці я чуў яшчэ не раз:

— Еш, дурань, бо то з макам!

1925

Загрузка...