Поп i Папугай

Сяло.

У ім — царква ды дом папоўскі,

А ў доме, як вядзецца, Поп.

I дзіва дзіўнае было б,

Каб ён не гроб,

Тым больш што Баця быў такоўскі:

Па барадзе — казёл, па голасе — Казлоўскі.

Бывала, ў алтары

Як возьме чарыцу малую

Ды як закоціць «алілую»,

Дык бабы плачуць, як бабры.

За гэтыя «святыя» песні

Яму, хоць плакалі, ды неслі.

У гаспадарцы ў Баці спор

(Яго не забывае паства):

Дабра, жывёлы повен двор —

Кароўкі, свінкі, птаства.

— Чаго ў цябе, айцец Яўлампій, не хапае? —

Яму сусед Памешчык гаварыў.—

Вось хіба толькі Папугая…

I Папугая ён аднойчы падарыў

(Нібыта для таго, как забаўляць папіху,

Хоць сам жа ён і забаўляў паціху).

I вось пачуў аднойчы бог —

Ды што за ліха! —

Пяюць удвох!

А гэта перад службай

Поп трэніраваўся.

I Папугай пад лад прыстасаваўся.

За спевы тыя Какаду

Давалі смачную яду,

Дык лепш ён за дзячка стараўся:

Цягнуў за Бацем з той пары

I кандакі, і трапары,

I нават «Іжэ херувімы»

Адолеў ён за зіму, —

Так налаўчыўся Папугай,

Хоць ты яму парафію давай.

«Святая птушка бога славіць, —

Пайшла гаворка паміж баб, —

I так жа добра, што магла б

Сама абедню правіць».

А тут якраз, як на бяду,

Памёр раптоўна Баця,

Пакінуўшы жалобу ў хаце

Ды Папугая Какаду,

Які, заўважце, ў часе адпявання

Цягнуў за іншымі

«Надгробнае рыданне».

Каму на вусны смерць прыляпала пячаць,

Таму без руху спачываць,

Ну, а жывым на ўме жывое:

Злюбіліся ў сяле тым двое,

Ды вось бяда — няма каму звянчаць.

Старыя раяць шлюб адкласці,

А маладыя прагнуць шчасця, —

Вось тут, як кажуць, і кукуй!

Ды некаму прыйшла тут думка неблагая:

Няма Папа, дык возьмем Папугая, —

Спяе і ен «Ісаія лікуй».

I вось Жаніх той і Нявеста

Сваё ў царкве занялі месца.

Каб шлюбны выканаць закон,

Даставіў Сват у клетцы Папугая

I семак даў — няхай паласуецца ён,

Дык весялей мо заспявае.

А Попка з радасці такой

Як гаркне: «Са святымі упакой»,

«Надгробнае рыданне»…

Нявеста тут адразу — гоп!

Жаніх жа той магутнаю рукою

Дурную птушку згроб:

— Вось я ж цябе, нягоднік, супакою!

I, як расказвае паданне,

Дастаўся Попка кошцы на сняданне.

Каб не маглі мараль як-небудзь перайначыць,

Я мушу байку растлумачыць:

Паехаў быў вучоны нештавед

Аж у Амерыку, за свет,

I розуму такога там набраўся,

Аж нос яго задраўся.

Вярнуўшыся, і ён, як Попка той,

Пачаў спяваць «за упакой».

1949

Загрузка...