Ганарысты парсюк

Бывае, праўда вочы коле…

Раз гнаў пастух свіней у поле.

Адзін вялізарны Парсюк,

Які абегаў вёску ўсю,

За раніцу абшнырыў завуголле,

Цяпер такі меў выгляд важны,

Што носа не дастаць і сажнем —

Вышэй за ўсіх ён сам сябе лічыў,

А што ў самога на лычы,

Не бачыў гэтага, аднак.

І вось адзін тут Падсвінак,

Які заўважыў бруд раней,

І кажа: — Дзядзечка, твой лыч у брудзе!

Нязграбна гэта й між свіней,

А што ж, калі заўважаць людзі?

Парсюк наставіў хіб, Парсюк раз'юшан:

— Цераз цябе я чырванець прымушан!

Такое мне сказаць асмеляцца нямногія,

Дык гэта ж — дэмагогія! —

Парсюк наш лаецца — не дараваць клянецца:

— І месца мокрага, — крычыць, — не застанецца!

Ты мой свінячы гонар закрануў! —

І так ён Падсвінака грызянуў,

Што той за сажняў пяць адскочыў.

Парсюк не надта быў ахвочы

Глядзецца праўдзе ў вочы.

Загрузка...