Дзіця, Вожык i Змяя

Выходным днём у саснячку

Жанчына з дзіцянём гуляла,

Лягла пад сонца, задрамала,

А небяспека напаткала

Яе маленькую дачку.

З узгорка ўніз вядзе сцяжынка, —

Ідзе па ёй мая Дзяўчынка

Ды ловіць матылькі.

А гэтым часам пры сасонцы

Гадзюка грэецца на сонцы,—

Блішчыць на ёй узор лускі.

Дзяўчынка рада: «Цаца! Цаца!»

I хоча ўжо рукой хапіць,

А «цаца» пачала звівацца,

Лісліва, ціхенька сіпіць:

— Хачу, дзіця, з табой пасябравацца:

Цябе я ласкава, пяшчотна абаўю,

Пазнаеш ты любоў маю.

Аж раптам тут ля самых ножак

Зафыркаў злосна Вожык

I кінуўся адважна на Змяю.

Змяя ўзвілася бліскавіцай,

Зубамі хоча ўпіцца,

Мільгае промнямі лускі,

А ён, узброены ігліцай,

Зубоў змяіных не баіцца

I рве Гадзюку на кускі.

Дзяўчынка сціснула ад гневу кулачкі,

Крычыць на Вожыка:

— Пачвара, недарэка!

Ты цацу сапсаваў маю!

За гэта я цябе наб'ю. Ты — бека!

— Дзіця, — адказвае ёй Вожык, —

Хоць бека я, калючы, непрыгожы,

Але ж я знішчыў смерць тваю.

Як падрасцеш, ацэніш ты паслугу

I мне падзякуеш, як другу.

Дзіця дзіцём — і розум у яго такі.

Я не дзяцей тут меў на мэце,

А ёсць яшчэ дарослыя дзядзькі

На свеце,

Што і змяю гатовы прытуліць,

Якая іх умее пахваліць.

Такім мілей ліслівы гад паўзучы,

Чым верны друг, хоць і калючы.

1950

Загрузка...