Давялося Свінні на неба глядзець…

Жыла-была адна Свіння.

Паслушная сваёй прыродзе,

Яна ў гнаі капалася штодня

Ды рылася ў гародзе.

Часамі нават на лугу альбо на полі

Бываць прыходзілася ёй,

Але што ў небе ёсць, над галавой,

Свіння не бачыла ніколі.

Яна хоць чула нейкія гаворкі

Пра сонца, месяц і пра зоркі,

Ды гэта ўсё нічога ёй не гаварыла.

З-пад лапушных сваіх вушэй

Яна і глянуць не магла вышэй

Свайго свінога рыла.

Аж неяк раз Свіння хацела ўлезці

У моркаву суседскую ў гарод,

Узбілася дубка на плот

Пярэднімі нагамі ды грудзьмі

I… неба ўбачыла як мае быць, нарэшце.

— Дык вось яно, хвалёнае людзьмі! —

Захрукала расчаравана. —

Ні лужыны, ні яміны, ні калдабана,

Ніводнай нават кучы гною!

А выхваляюць жа — прастор ды прыгажосць!

Аж проста разбірае злосць,

Што кормяць нас такой маною!

Ну, шырыня, раўніна, гладзь…

Ну дык і што ж? За што іх выхваляць?

Якая мне карысць ад гэтай сіні?

Што неба роўнае — няма чаго дзівіцца:

Каб там было чым пажывіцца,

Яго б даўно парылі свінні.

А сонца ж вунь! Пра хараство яго

Нямала людзі языкамі клепюць,

А тут і хараства ўсяго,

Што вочы толькі слепіць.

Ну вось, пабачыла… Цяпер я з небам квіта.

Няхай туды імкнуцца праз вякі

Энтузіясты-дзівакі,

А мне мілей маё карыта.

1938

Загрузка...