Тата-Заяц

Пасуцца па начах заўсёды коні нашы

З вясны да восені — даволі-такі часу.

Вось раз у досвітак на пашы

З кабылай аднаго калгаса

Сустрэўся Заяц каля куста,

I вельмі ўжо яму да густу

Прыйшлася гнедая кабыла.

Ну і яна яго нібыта палюбіла.

Не ведаю, за што ёй заяц люб,

Але ж ён хваліцца: — Фактычны, — кажа, — шлюб. —

Пачне смяяцца хто, дык Заяц пратэстуе, —

Быў шлюб нібыта не ўпустую:

Не болей як праз год

Ад шлюбу ёсць ужо прыплод —

Жарэбчык-сысунок буланы,

Такі рухавы, спрытны, слаўны

Вядома, Тата-заяц рад —

Бяжыць туды, сюды, назад

I пад сабою ног не чуе;

Сяброў, знаёмых і радню

Абабяжыць ён дзесяць раз на дню:

— Вам, — кажа, — сына паказаць хачу я.

Сабраў кумоў, братоў, сватоў

I паказаў ім з-за кустоў:

— Ну, гляньце, — кажа, — чым не я?

I хвост такі кароценькі, куртаты,

I шэрсць, і вушы, як у таты,

I спрыт жа мой, і выпраўка мая!

А кпіны слухаць там і розную брыду —

Ды ну іх, — кажа, — к ліху!

Я ім яшчэ не тое давяду:

Вазьму і палюблю сланіху.

— I давядзі! — зайцы крычаць. —

Даўно пара!

Качаць разбойніка! Качаць!

Няхай жыве! Ура!

Такі ж удалы маладзец!

Палюбіць ён, каго захоча.

Але калгасны жарабец

Тут раптам калі зарагоча…

I тата той, і сваякі

Разбегліся ва ўсе бакі.

Такія сярод нас — зусім не навіна.

Вы толькі заўважайце:

Прэтэнзій у яго — хапіла б на слана,

Заслуг жа — як у зайца.

1935

Загрузка...