Сцяпан і брат яго Васіль
Шнурок надоечы касілі.
А пацягаць касу да полудня ад ранку —
Не то што выпіць кавы шклянку
Ды павадзіць пяром па гэтай вось паперы,—
Змарыліся касцы без меры,
Аднак жа не даюць спакою косам —
Пракос праходзяць за пракосам.
А Фінця-сука ў халадку
Ляжыць, як пані, на баку
Пад вербалозавым кустом,
Памахвае сабе хвастом:
То пазяхне, то дрэмле зноў,
То ловіць мух, то скакуноў.
Ужо спаўдня, і ўжо касцу
Аж гоніць з голаду асцу.
Паклаўшы косы пад пракос
I ўцёршы лоб і потны нос,
Касцы падселі к кусту,
Дасталі з торбы хлеба лусту,
Збан малака ды кожны сваю лыжку
I пачалі сярбаць пакрышку.
А Фінця ім глядзела ў рот
(I ёй падцягвала жывот)
Ды прагавітымі вачыма
За лыжкаю сачыла,
Хвастом віляла і прасіла,
Але як не касіла,
То не пазвалі й да збана —
Апаражнілі ўдвух да дна.
Скурыўшы дзве «сабачых ножкі»,
Васіль прылёг на трошкі;
Сцяпана зноў жа сон змарыў
(Хоць ён, здаецца, не курыў),
А Фіцця гэтым часам
Даўно ў збане ўжо з мордай ласай,
Ды толькі ёй лізаць няміла,
Бо галаву ўшчаміла.
Яна й сюды, яна й туды,—
Ніяк не збыць ліхой бяды,
Хоць адракайся галавы,—
I стала выць.
Пакуль касцы праз сон пачулі тыя гукі,
Пакуль дасталі з гладыша,
Дык чуць не вылезла душа
У беднай сукі.
I, як агню, з тых дат яна
Баіцца кожнага збана.
Цераз мяжу і фабрыкант, і пан
Так сквапна шчэрацца на наш савецкі збан:
Гатовы праглынуць, не толькі палізаць,—
Так точаць іх пражэрства мукі,
Не ўпэўнены адно драпежніцкія сукі,
Ці з галавою вернуцца назад.
1925