ГАЗЕТА «ЛІТАРАТУРА І МАСТАЦТВА»


Чэрвень 1988 г.


Як сведчаць некаторыя нашы даследчыкі (напрыклад, гісторык Ул. Якутаў), толькі ў Беларусі за час яжоўска-берыеўскіх рэпрэсій 30-х гадоў знішчана каля двух мільёнаў чалавек. Значная частка іх была выслана на ўсход і поўнач краіны (Салавецкія астравы, Варкута, Калыма), а астатнія ліквідаваны на месцы — непадалёк ад іх месца жыхарства. Апошняе было танней, не загружала і без таго заўжды перагружаны чыгуначны транспарт. Але дзе канкрэтна ліквідаваны гэтыя многія сотні тысяч, у якой зямлі тлеюць іх белыя костачкі?

Не трэба думаць, дарагі чытач, што гэта нейкая асаблівая, праклятая людзьмі і богам зямля, — па сутнасці, гэта тыя ж самыя мясціны, па якіх штодня ходзім мы, дзе адпачываем на лагоднай прыродзе ў выхадныя і святочныя дні, дзе весела гуляюць, нічога не ведаючы аб мінулым, нашы бесклапотныя дзеці. Так, яны не шмат што ведаюць з тых жахлівых часоў, ды і мы, дарослыя, інфармацыю такога роду пачалі атрымліваць толькі ў апошні час. Шмат год у краіне дзейнічалі сілы (яны дзейнічаюць і цяпер, хіба што іншымі метадамі), вельмі зацікаўленыя схаваць даўнія справы пад завесу «сакрэтнасці», утаіць ад народа свае крывавыя сляды. Толькі, як даўно вядома, злачынствы кепска ўжываюцца з самай найсакрэтнай сакрэтнасцю, рана ці позна яны вылягаюць на свет божы, каб лішні раз закляйміць зло і засведчыць неабходнасць пільнасці.

У нас ёсць нямала велічных помнікаў ахвярам нямецкага фашызму, сведчанне гераізму беларускага народа ў барацьбе з гэтым заклятым ворагам чалавецтва. Але нішто яшчэ ў нас не напамінае пакаленням аб ахвярах сталіншчыны. Тое няправільна і недаравальна! Мы павінны памятаць аб іх — не героях, а бязвінных ахвярах тырана — спрацаваных рабочых, галодных калгасніках, першых народных інтэлігентах, мужчынах і жанчынах, — якія з куляю ў патыліцы клаліся ў самімі ж выкапаныя ямы, вымаўляючы не праклёны, не пратэст, а адзінае, марнае і трагічнае слова: «Завошта?»

Яны ўжо ніколі не пачуюць адказ на тое сваё пытанне, затое адказ на яго павінны зразумець мы.

Менавіта гэтай мэце і служыць змешчаная ніжэй публікацыя двух аўтараў, здзейсніўшых свой людскі абавязак перад народам і перад гісторыяй.

Загрузка...