ВЫСТУПЛЕННЕ НА VII З'ЕЗДЗЕ СП БССР


Май 1989 г.


Вядома, сёння хацелася б гаварыць найперш пра чыста літаратурныя справы, пра нашыя тэмы, стыль, ступені нашага літаратурнага майстэрства. Пра нашых герояў-сучаснікаў. Так, як мы гэта рабілі 5-10 і 20 гадоў таму, калі шчыравалі з трыбун, каб павярнуць літаратуру тварам да здзяйсненняў сучаснасці, да нашых герояў-працаўнікоў, да несумненных заслуг мудрага кіраўніцтва і, вядома ж, «авангарднае ролі партыі», якая так паспяхова вяла нас «ад перамогі да перамогі». Але во настала абуджэнне, хваравітае працверазенне пасля шматгадовай эйфарыі, і свет убачыў, што нашыя героі — не болей як пухіры, надзьмутыя нашай фантазіяй, рай наш — не што іншае, як галеча на 57-ым месцы ў свеце, а нашы «ум, честь и совесть» вялі нас туды, куды і сама не ведала. Значыць, завяла, як той міфічны Сусанін! Дзе цяпер выйсце з гэтага тупіку і заняпаду, у якім апынуліся, а найболей — у якіх яшчэ апынёмся. А што апынёмся, тое відавочна ўжо для цэлага свету.

І во дзіва: як ішлі ў той перад, быццам ніхто не заўважаў, не біў трывогу, не пратэставаў, — не толькі не спаліў сябе на плошчы, як той беспрацоўны славацкі камуніст, але нават не пасварыўся з начальствам. Каб нічога таго не бачылі, не заўважалі, дзень і ноч побач грукаталі глушылкі і шчыравалі ўсе органы, парткомы, арганізацыі — ад ЦК да СП, столькі сілы і грошай было патрачана на тое, каб схаваць найперш ад саміх сябе найвялікшы дзяржаўны сакрэт — бег да прорвы. Для таго ствараліся песні, пісаліся раманы, краіна жыла ў штучна створанай і старанна падтрыманай эйфарыі благадзенства і праведнасці.

Цяпер настала эйфарыя іншага зместу, эмоцыі гневу заклакаталі ў нашых грудзях. Зрэшты, яно і правамерна: куды ж было падзецца тым эмоцыям, не зважаючы на ўсё, накопленым за столькі гадоў нематы і змушанага аптымізму. І гэта добра, што яшчэ захавалася гэтая здольнасць душы да неспакою, да хоць бы спазнелага і боязнага пратэсту. У тым пэўная адзнака таго, што нацыя не ўмёрла ў сваёй стогадовай быдлячай пакорнасці.

Але перабудовачныя зрухі апошніх год абудзілі не толькі праведныя народныя эмоцыі — прахапіліся ад спалоху і іншыя сілы. З розных куткоў краіны і асабліва верхніх паверхаў кіраўнічых гмахаў пачуліся слёзныя крыкі: нішчацца высокія арыенціры, хістаюцца ўстоі, глядзі рухне ўвесь так старанна збудаваны палац народаў і настане канец.

Але каму — канец?

Калі чытаеш у «ПС» несканчоны лямант наконт пагібелі асноў, дык цяжка адмовіцца ад думкі, што некаму, відаць, ёсць што губляць са стратай тых шматгадовых устояў. Інакш бы так не лямантавалі. І праўда, ёсць. І сярод гэтых страт найперш, вядома, — яе вялікасць улада над уся і ўсім, чароўная адмычка ад усяго іншага, жаданага і зваблівага ў жыцці. Так, улада! Гэта некалі, у мінулым, людзі імкнуліся да традыцыйных даброт жыцця — зямлі, грошай, маёмасці, таго, што давалася працай некалькіх пакаленняў. Цяпер жа, каб дасягнуць жаданага, трэба зусім іншае, і найперш — паслужлівасць. Розум? Дзелавітасць? Сумленне? Не толькі не абавязкова, але часцей за ўсё і замінае. Значыць, толькі паслужлівасць. Без гэтае самай распаўсюджанай пошасці веку не можа абысціся ніхто — ні чыноўнік, ні навуковец, ні мастак. Усё — талент, шчырасць, дабрыню і розум перамагае магутны молах улады, тыя, хто маюць уладу, хто на паўдарозе да яе, хто мае для яе патэнцыяльныя даныя. Перад уладай не можа ўстаяць ніхто. І калі сярод нас усё ж знаходзяцца тыя, што могуць сёння сказаць, што яны незалежныя ад яе, што яны ўберагліся ад яе смяротна-зваблівых чараў і жывуць вольнымі людзьмі, дык мы павінны зняць шапку перад гэтымі нешматлікімі людзьмі.

Павінны! Але ці здымаем? Ці таму нас вучыць жыццё? Хутчэй за ўсё мы іх узненавідзім. За тое, што яны не такія, як мы. Не такія дробязныя трапетуны, як многія, і могуць сказаць, што думаюць. І нават выйсці на плошчу. Але тым яны быццам прыніжаюць нашу мізэрную годнасць. І прычыняюць клопат. А калі яшчэ да ўсяго дадаецца іх несумненны талент, дык наогул нашае непрыязні няма мяжы. Ужо тут мы не дамо ім узвысіцца хоць бы з прынцыпу, мы іх імкнёмся прынізіць, паставіць у наш звыклы рад. Любячы літаратуру, усё ж сябе мы любім болей за ўсё. Раней для таго прыніжэння былі хлёсткія азначэнні — «папутчык», «вораг народа», «ідэалагічны дыверсант». Цяпер не менш хлёсткія — «нефармал», «дэмакрат», «народнафронтавец». Але ці не час паразумнець некаторым штатным энтузіястам пісьменніцкай канферэнц-залы — часы ўсё ж мяняюцца. Калі яшчэ да нас тое не дайшло, дык дойдзе, бо дайшло да іншых — нашых суседзяў, блізкіх і далейшых, дзе некаторыя з былых «нефармалаў», «заклятых дэсантаў», сталі героямі нацыі, прэм'ер-міністрамі, прэзідэнтамі. Але што ж, у нас на Беларусі — усё не так, як у людзей, прынамсі як у Еўропе. На жаль, мы ўсё яшчэ — не Еўропа, і гэта не зважаючы на нашу гераічную гісторыю, на нашыя ахвяры, наша легендарнае доўгацярпенне, якому няма мяжы.

Але ж колькі можна? Чаму нас нічому не вучыць не толькі гісторыя, але і сённяшні самы надзённы і балючы вопыт, учарашнія падзеі, горкія і ганебныя?

Цяпер нярэдка пачуеш, што СП не адпавядае новаму часу, састарэла яго структура, патрабуе абнаўлення кіраўніцтва. Правільна: і састарэла, і не адпавядае. Але СП — найперш гэта мы самі; і кіраўніцтва наша такое, якога мы заслугоўваем. Не больш і не менш. Калі палітычная свядомасць СП, нашы палітычныя ідэалы — на ўзроўні свядомасці гуртка рыбаловаў-аматараў, дык чаго ж чакаць ад праўлення, прэзідыума, сакратарыята? І чаго чакаць ад народа, калі ягоную інтэлігенцыю, творцаў і майстроў прыгожага столькі гадоў імкнуліся ператвараць у нясмелую замуштраваную групку дзіцячага садзіку, да якой найбольшае патрабаванне, каб сядзела ціха. І сядзелі ціха. Дзесяцігоддзямі сядзелі, бяскрыўдна дазваляючы папінаць сабой зграі ідэалагічных наглядчыкаў ад класнай дамы Сінельнікавай да ідэалагічнага Прышыбеева — Паўлава, які нават стаў нашым калегам. Усё ж ён чалавек «сціплы», бо мог бы стаць і класікам і ўлезці ва ўсе хрэстаматыі, і атрымаць прэміі, і званні. Хто б яму перашкодзіў? Тыя, што цяпер выступаюць супраць ушанавання таленту Рыгора Барадуліна, аж распіналіся пра незвычайны талент Савелія Яфімавіча. А іншыя маўчалі. Як маўчалі, калі распраўляліся з А. Карпюком, калі ва ўпор не заўважалі Караткевіча. Калі на Траецкім прадмесці, дзе цяпер збіраюцца паставіць помнік ахвярам афганскай авантуры, бравыя хлопцы з адпаведнай выпраўкай лупцавалі дзяўчатак з мастацкага вучылішча за іх крамольную спробу правесці «гуканне вясны». Калі самадзейныя купальскія вогнішчы на працягу многіх гадоў залівалі з пажарных машын МУС. Верхам знявагі і непрыкрытага тэрору ў адносінах да беларускага народа стала, канешне ж, векапомнае 30 кастрычніка, калі ўчыніўся здзек над народнаю верай, традыцыяй, культурай, калі наваяўлены айчынны фашызм ва ўсёй красе паказваў сваё насарогава аблічча. На вялікі наш сорам, знайшліся і інтэлігенты, якія памкнуліся апраўдаць і адобрыць гэтае злачынства стагоддзя. Ну але што ж, хіба першы раз! Дзеля свае роднае партыі чаго не зробіш? Іншыя рабілі не тое — варта пачытаць сёння апублікаваныя стэнаграмы паказанняў некаторых з іх на славутых працэсах трыццатых гадоў. Можна звар'яцець, а мы перасталі і здзіўляцца.

Людзі могуць быць розныя — беспрынцыпныя і бяспамятныя, гісторыя ж жыве па сваіх законах і рупна робіць свой беспрыстрасны рэестр. Ад яе пільнага вока не засцеражэцца нішто. І тут нельга адкараскацца ад думкі, што мы, беларусы, нясём на сабе нейкую каінаву пячаць за немаведама якія грахі ў мінулым ці будучым. Я ўжо не кажу пра Чарнобыль, гэты гіганцкі атамны генацыд, які, здаецца, усё ж даканае нацыю. Асабліва пры такой эканоміцы і такой палітыцы. І пры такім начальстве! Незабыўны наш Караткевіч некалі расказваў прытчу, як Бог, стварыўшы зямлю, размяркоўваў яе між народамі. Нехлямяжыя беларусы, вядома ж, спазніліся, усё ўжо было падзелена. Апроч аднаго райскага кутка з мяккім кліматам, лясамі-барамі, рыбнымі рэкамі, урадлівымі палямі. І гэты куток Бог аддаў беларусам. Але каб тыя не заганарыліся, прыставіў да іх надта ж благое начальства. За шмат стагоддзяў, што мінулі з біблійскіх часоў, парадзелі лясы, спаскудзіліся рэкі, клімат змяніўся, але якасць нашага начальства засталася нязменнай. Столькі гадоў нацыя без лідэра! Ва ўмовах дэмакратыі, дык тое, можа, было б і няблага, але ж нам да дэмакратыі — як да таго гарызонту, які ўсё аддаляецца. Пакаленні пражылі без яе і, мусіць, будуць жыць новыя. Але як во пражыць без начальства?

Азіраючыся цяпер назад пры не надта і вялікім веку, бачыш, як няшмат было сярод іх людзей людскіх, у якіх за гады іхняй кар'еры не вытруцілася чалавечае ў душах. Бы слупы, яны стаяць у часе, аддзеленыя адзін ад аднаго кіламетрамі. А іншыя... Можа, упершыню за столькі год у нас з'явіўся старшыня ўрада спецыяліст і рэфарматар, і нацыя пазірае на яго з вялікай, ці не апошняй надзеяй. Хаця ў сучасных умовах усеагульнага развалу і ранейшага дыктату ЦК наўрад ці ён многа зможа...

Зрэшты, мы не максімалісты. Беларусь абышлася б і без выдатнага кіраўніцтва, але з такім, якое б не шкодзіла, не душыла, не цугляла нацыю на кожным кроку. А то па цуглянню наша рэспубліка, безумоўна, самая перадавая ў Саюзе. Нездарма Алесь Адамовіч гэтак трапна ахрысціў яе «Вандэяй перабудовы». Сапраўды, на што мы дзесяткі гадоў трацілі свой грамадзянскі імпэт, свой творчы запал? На змаганне за тое, што даўно ўжо дасягнута ў самых слабаразвітых краінах, што для якой-небудзь Верхняй Вольты пройдзены і забыты этап. Дзесяткі гадоў мы змагаліся за родную мову — некаторыя касцьмі клаліся ў тым змаганні (як Уладзімір Дамашэвіч, напрыклад), закідвалі пісьмамі-снкамі ЦК КПСС, Гарбачова. За што пасля па адным іх цягалі ў ЦК на допыты, па сутнасці на здзек, бо ўсе пункты скаргаў ЦК КПБ разам з падначаленымі яму міністэрствамі настойліва абвяргаў. Сёння, калі абставіны трохі змяніліся, аддамо належнае нашым братам, мастакам Беларусі, некаторым з навукоўцаў, настаўнікам, імёны якіх цяпер і не ўспамінаюцца. Гэта цяпер, калі стала можна, ТБМ раскашуе ва ўсенародным, афіцыйным прызнанні, і дай ёй бог раскашаваць і далей. Тое, што яна робіць, вядома, трэба рабіць. Але і не трэба заспакойвацца, па сутнасці нічога яшчэ не дасягнута. Трэба зразумець, што доўгачаканы акт надання дзяржаўнасці беларускай мове — не больш чым чарговы бюракратычны манеўр, нацыянальны падман. Пры цяперашніх далёкіх ад дэмакратыі пазіцыях нашага кіраўніцтва праблема нацыянальнае мовы застаецца нявырашанай. Для таго, каб беларуская мова стала сапраўды народнаю, дзяржаўнай мовай, відаць, патрэбна змена ўсяго антынацыянальнага, сервілісцкага ладу на суверэнна-дэмакратычны, што нам пакуль і не свеціць. Мабыць, мы яшчэ не дараслі да таго. Да таго дарасла Балтыя, а не Беларусь, рукамі якой цяпер спрабуюць душыць яе боскую ініцыятыву да волі. Саюзны ВС прымае законы аб крымінальнай адказнасці за тэрытарыяльныя прэтэнзіі, а Прэзідыум нашага ВС выдае заявы аб такой прэтэнзіі да Літвы. Сорам гэтай ганебнай акцыі падае, вядома, і на нас, творчую інтэлігенцыю. Нам найболей адно назваць за ганебныя акты, якія падпісваюцца тымі, хто, бы матылі, з'яўляюцца і знікаюць, ні за што не адказваючы. Як яны ні ў нас, ні ў Маскве не адказалі ні за Венгрыю 56-га года, ні за Чэхаславакію 68-га, ні за Афганістан. Нам жа заставацца на гэтай зямлі і ў яе гісторыі і, значыць, несці гістарычную адказнасць.

Могуць сказаць: а што мы можам?

Сапраўды, што?

Мы самі — задушаныя, нямыя і бяспраўныя. Дзесяткі год мы змагаліся за рэабілітацыю нашых няшчасных праведнікаў ад Гаруна да Гартнага і пяці дзесяткаў іншых дзеячаў культуры, на якіх ужо рыхтаваліся новыя абвінавачванні — так сказаць пасмяротныя, па другім заходзе. Год назад Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР праз Вярхоўны суд рэспублікі ўрэшце рэабілітаваў вялікую іх групу. Але без удзелу кіраўніцтва СП. Кіраўніцтва СП у той час вяло зацятую вайну з БНФ, даказваючы яму, сабе і найперш, вядома ж, начальству, згубу праграм БНФ, ягоных памкненняў да волі і незалежнасці. Чым скончылася гэтая барацьба, вядома — беспрэцэдэнтным для гісторыі нашай культуры ганебным уотэргейтам у нашым доме, самаўпраўствам міліцыі, знявагай годнасці ўсёй нацыянальнай інтэлігенцыі. І зноў без усялякага выніку — кіраўніцтва СП нават не пасварылася з начальствам. Як жа, а раптам начальства разгневаецца і адмовіць у свае панскае міласці? Факт гэтага ганебнага ўварвання ў «пошуках бомбы», вядома ж, ніхто не расследаваў, і не развеяны падазрэнні, што некаторыя з апаратчыкаў СП і навялі міліцыю на гэты начны ўзлом. Я ўстрымліваюся ад каментарыя гэтага факта, хай яго ацэніць наша шаноўная грамада.

І што ж, на тым усё сціхла? Бомбу не знайшлі, але дакументы забралі, і ўсё скончылася? Скончылася хіба ў аператыўных зводках карных органаў, але для гісторыі толькі пачынаецца. І ўсё тое, безумоўна, праявіцца ў жыцці наступных пакаленняў, дзяцей тых дзяўчынак і хлопчыкаў, якіх лупцавалі веласіпеднымі ланцугамі каля Траецкага прадмесця, якіх труцілі газамі каля Маскоўскіх могілак, білі міліцэйскімі палкамі ля Курапат, дзе здаўна ляжаць у брацкіх магілах іхнія дзяды і прадзеды. Такое не забываецца, не знікае ў памяці народа і ягонай гісторыі, якія б высілкі для таго не рабілі камуністычная партыя, КДБ, МУС, нашы псеўдавучоныя ад Абэцэдарскага да Залескага. Безумоўна, апроч гісторыкаў, над тым парупяцца творцы: раманісты і мастакі, песняры і рэжысёры, якія цяпер змушаны змагацца, смешна мовіць — за прызнанне ў Беларусі яе нацыянальнай гістарычнай сімволікі. Пра тое нават нельга сказаць у далёкім ці блізкім замежжы — ніхто цябе не зразумее: чаму так? Які ў гэтым сэнс ці хоць бы якая логіка? Я не ўпэўнены, што тое разумеюць нават тыя, што забараняюць гэтую няшчасную сімволіку. Бела-чырвона-белы сцяг ім, бачыце, ненавісны за тое, што яго насілі паліцаі. Дык паліцаі ж насілі і штаны, што ж тады вынікае з вашых вучоных высноў, шаноўныя панове? Няма сумнення, усё гэта будзе смешна і недарэчна нават праз вельмі кароткі час. Але цяпер не смешна. Цяпер балюча і крыўдна, бо тупы жандарскі бот па-ранейшаму напірае і фізічнае існаванне нацыі, і яе стогадовыя духоўныя набыткі. Якія яна па крошцы выпрацоўвала ўласнымі высілкамі, высілкамі сваіх найлепшых людзей, збірала і зберагала — праз войны, голад, галечу, іншаземнае панаванне.

Народ — сірата без лідэра, гэта элементарна. Але яго будучыня не безнадзейная, калі ён мае ўласную інтэлігенцыю, якая генерыруе ідэі і з'яўляецца жыватворным ферментам палітычных працэсаў у грамадстве. Антынародныя, антынацыянальныя сілы гэта разумеюць выдатна, і таму такое шалёнае супраціўленне ў Беларусі сустракае яе Народны фронт. Усе сродкі кінуты на барацьбу з ім, з поўнаю пагардай да элементарнай цярпімасці, этыкі ці маралі. Але і непрызнаны Беларускі Народны фронт жыве, дзейнічае з апірышчам галоўным чынам на нацыянальна-дэмакратычную інтэлігенцыю, пры падтрымцы найбольш свядомых слаёў народа. І гэта дае надзею. У гэтым сэнсе нам трэба сёння азірнуцца на саміх сябе, паглядзець, якія мы інтэлігенты і як выконваем свае абавязкі перад народам. Вядома, у мастацтве найперш талент, але, апроч таленту, яшчэ так неабходна сумленне. І калі талент — ад бога, дык сумленне — хоць и не цалкам, усё ж у значнай меры — ад нашае чалавечае волі. І калі мець на ўвазе наш дужа нават няпросты час і наша мастацтва, дык у іх, мабыць, болей за ўсё, і вырашае менавіта сумленне. Сумленне ва ўсім: у стаўленні да народа, да гісторыі, да сучаснасці і будучыні. Пісьменнікі цяпер усе разумныя і таленавітыя, ведаў у кожнага звыш меры. І дай бог, каб ён надзяліў нас яшчэ і сумленнем.

Ці трэба нам сваё карпаратыўна-цэхавае аб'яднанне, свой прафесійны саюз?

Безумоўна патрэбны.

Толькі не такі, якім мы ўжо сытыя па горла. Не як зброя ўлады супраць літаратуры, не сродак уціску, а такі, каб выражаў волю большасці, нашую волю і нічыю болей. Не міністэрства літаратуры, падпарадкаванае (каму толькі не падпарадкаванае — ад ЦК да райаддзела міліцыі), не дэпартамент папяровых спраў з трыма паверхамі пісцоў-чыноўнікаў. А наш родны дом, наша царква, калі хочаце, у якой бы пісьменнік мог знайсці праўду і абараніць свае інтарэсы. Менавіта абараніць, а не навучыцца літаратуры ці марксізму — ужо тым, калі захочам, мы як-небудзь навучымся самі. Кіраўніцтва тое павінна быць не ў ролі паноў-міністраў, а ў ролі нашых таварышаў, дэмакратаў па перакананнях, не дзялкоў, а сумленных, разумных грамадзян. Таленавітых? Так, было б пажадана, каб таленавітых, але тое зусім неабавязкова. Сумленных — во гэта абавязкова. Такое, каб не кіравала намі і не дазваляла каму б там ні было кіраваць сабой. (Надта ж нам добра вядома, да чаго прывяло такое шматгадовае кіраўніцтва над ім.) Каб мела свой гонар і паважала гонар іншых. Але найперш сваіх членаў і членаў іншых братніх творчых саюзаў. А калі якая несправядлівасць, уціск ці занядбанне — літаратуры або грамадства, — каб мела адвагу сказаць пра тое перад усім светам, а то і выйсці на плошчу. І павесці за сабой тых, хто яшчэ адважваецца людзьмі звацца.

Што, занадта? Не, не занадта. Іншых і розных у нас ужо было даволі. Цяпер патрэбны менавіта такія. Тым болей, што часы наступаюць далёка не райскія — горкія і цяжкія часы. Барацьба будзе зацятай. За хлеб, за гонар і праўду — для сябе і нашага цярпліўца-народа.

Загрузка...