Чэрвень 1985 г.
Падзеі такога роду, як наш юбілейны пленум, адметны пэўнаю дадатнай якасцю — яны даюць магчымасць зазірнуць у мінулае, агледзець свой шлях, каб нешта ў ім зразумець. Звычайна, у наш вельмі дзелавы, прагматычны і хуткаплынны век гэта зрабіць няпроста, людзі занятыя важнымі справамі, і для таго, каб азірнуцца на сябе і сваё мінулае, у сучаснага чалавека проста не хапае часу. А можа, і вялікага жадання таксама.
А між тым памяць — гэта матэрыяльная сіла, галоўны элемент чалавечай духоўнасці, яна не толькі здольна ўзнаўляць мінулае, але і вызначаць будучае. І ў катастрафічныя моманты гісторыі ворагі-заваёўнікі ў адносінах да народа-ахвяры перш за ўсё спрабавалі пазбавіць яго гістарычнай памяці, пасля чаго з ім можна было зрабіць, што хочаш. Многія народы выстаялі ў сваім гістарычным існаванні (нягледзячы на тое, што былі напалову фізічна знішчаны ці на стагоддзі пастаўлены на калені) менавіта з дапамогай пісьменнасці і мастацтва, у якіх увасобілася памяць аб мінулым, што з цягам часу дала ім магчымасць узрадзіцца. Успомніце гісторыю балгар. У той жа час адсутнасць пісьменнасці, гістарычнае бяспамяцтва зводзілі ў нябыт нават магутныя плямёны і народы, пра якіх мы і ў XX стагоддзі мала што знаем. Як пра нашых суседзяў яцвягаў, напрыклад.
Так, мы маем развітое мастацтва, высокамастацкую літаратуру, якія надзейна асэнсоўваюць і захоўваюць для нашчадкаў духоўную сутнасць нашай культуры, узбагачаюць народную самасвядомасць. І ў іх, вядома, адно з самых шаноўных месцаў належыць тэме мінулай вайны з нямецкім фашызмам, у якой мы панеслі небывалыя ў гісторыі страты, але і здабылі таксама найвялікшую ў гісторыі перамогу.
Далося гэта, як вядома, няпроста і патрабавала неверагодных намаганняў. Мы цяпер хораша гаворым пра непахісную ўпэўненасць у нашу перамогу, якая нас ніколі не пакідала. Што датычыць гэтай упэўненасці ў гістарычным плане, дык гэта, мабыць, і так. Але ўся справа ў тым, што гісторыя творыцца грамадствам, а грамадства ў сваю чаргу складаецца з індывідаў, існаванне якіх на зямлі, на жаль, не суладна з гістарычнымі маштабамі; чалавек так ці інакш жыве свой вельмі кароценькі адрэзак часу, і многія з нашых людзей так і не дачакаліся перамогі. Ішла вайна, і яны загінулі па шляху да яе. Адны ўлетку 41-га, другія вясной 45-га. І я не ведаю, чыя смерць была шчаслівейшай — тых, пасля якой наперадзе была яшчэ ўся доўгая вайна, ці тых, хто да яе канца не дабег на некалькі тыдняў, дзён ці нават гадзін. І такіх было ў нас болей як 20 мільёнаў. Ці можа наша мастацтва спакойна ўспрымаць гэты гістарычны факт?
У друку, літаратуры ды і размовах нярэдка можна пачуць залішне катэгарычныя меркаванні аб тым, што важней для грамадства, для гісторыі і для мастацтва — наш гаротны шлях адступлення ад Брэста да Волгі ці наадварот — пераможнае шэсце ад Валгаграда да Эльбы. Мне думаецца, што такая пастаноўка пытання негрунтоўная як сваёй катэгарычнасцю, так і пэўнай наіўнасцю. Ужо так заведзена на зямлі, што гісторыя кожнага народа найбольш памятлівая на перамогу ўласнага войска, і гэта зразумела. Але ўсё ж такі мастацтва імкнецца спасцігнуць ісціну, усю праўду пра чалавека, і таму няцяжка зразумець, што ў мінулай вайне для мастацтва аднолькава важны абодва яе этапы — як гаротны шлях на ўсход, так і пераможнае шэсце на захад. Таксама, дарэчы, як і нашыя зусім удалыя аперацыі на франтах, якіх было нямала, так і аперацыі не зусім удалыя, якіх таксама было не меней за цалкам удалыя. Як героі, што сваім умельствам і адвагай набліжалі нашу перамогу, так і тыя з нашых суайчыннікаў, што так ці інакш памагалі не нам. Як светлыя і самаадданыя парывы чалавечай душы, чым па праву ганарыцца нацыя і грамадства, так і пачуцці іншага парадку: трудна падуладнае чалавеку адчуванне страху, нерашучасці або проста фізічнай нямогласці, што стрымлівалі ягоную самаадданасць. Чалавек — істота сацыяльная, гэта даўно вядома, залежная ад многіх знешніх уплываў, але яшчэ і біялагічная, з устойлівай геннай асновай, пэўным чынам запраграмаванай у дагістарычным мінулым. І тое — не віна чалавека і не ягоная вартасць, тое — яго асаблівасць, з якой ён не можа не лічыцца нават у век небывалага росквіту навукі і тэхнікі.
Мастацтву падуладны ўсе бакі чалавечага існавання, і ў тым яго сіла. Але гэтая яго сіла — не нейкая вольная стыхія — у рэалістычным мастацтве яна мае свае вельмі канкрэтныя рысы і выдатна рэгулюецца вялікім крытэрыем — Праўдай жыцця. Праўда жыцця, абставін і паводзін чалавека ў пэўных жыццёвых акалічнасцях — вось магутны крытэрый нашага рэалістычнага мастацтва.
Калі гэта так у адносінах да чалавечага існавання наогул, дык ці трэба многа даказваць, як гэта важна ў дачыненні да такой экстрэмальнай з'явы, якой з'яўляецца вайна. І з усіх войнаў — наша вялікая вайна з нямецкім фашызмам. Якая тут патрэбна дакладнасць, выверанасць агульнага і праўдзівасць прыватнага.
На жаль, трэба прызнаць, што ў некаторых сучасных творах літаратуры і асабліва кіно пра вайну гэтыя крытэрыі гранічнай праўдзівасці нярэдка страчваюцца і тым самым вольна ці не размываецца праўдзівая памяць народа аб самым цяжкім і велічным перыядзе яго існавання. Асабліва тут прыкра тое, што гэтая размытасць ідзе галоўным чынам па лініі эмоцый і псіхалогіі — самага тонкага і самага адчувальнага элемента рэалістычнага мастацтва. Некаторым, можа, здаецца, што гэта якраз і неістотна, былі б захаваны знешнія дэталі і рэаліі таго часу, а псіхалогія гэта эфемерыя, і чым яна прасцей — тым лепш. Але яшчэ ад Талстога мы ведаем, што «можно выдумать что угодно, но нельзя выдумать психологию». Дык вось, у такіх творах найбольш вольна абыходзяцца менавіта з псіхалогіяй, зводзячы яе да прымітыву, да псіхалагічнага знака. Але без праўды псіхалогіі няма мастацтва, ёсць хіба прадукт бяздумнай масавай культуры, што гэтак пашыраецца ў масах спажывецкага грамадства. Але нам у нашым гістарычным мінулым, з нашай вялікаю самаахвярнай вайной, з нашай выдатнейшай класікай, ці нам гожа грэбаваць праўдай жыцця, паглыбленым рэалізмам. Цяпер, ва ўмовах нагнятання новай глабальнай пагрозы для чалавецтва, важна і дорага кожнае слова праўды пра мінулую вайну, слова, сказанае разумна, з талентам і тактам як у адносінах да жывых, так і ў дачыненні да паўшых. Так як гэта робяць лепшыя прадстаўнікі ваеннага мастацтва і літаратуры, старэйшыя, што самі са зброяй у руках змагаліся з фашызмам, трохі маладзейшыя за іх, чыё дзяцінства прайшло ў голадзе і холадзе акупаваных ворагам гарадоў і вёсак, і нават тыя, што нарадзіліся пасля вайны, але атрымалі яе з геннаю спадчынай ад бацькоў і імкнуцца расказаць пра яе калізіі — праўдзіва і без упрашчэнства.
Пакуль чалавецтва будзе ўсведамляць і памятаць, што яно перажыло ў сярэдзіне XX стагоддзя, што страціла і чаго дамаглося — новая вайна немагчыма. Я ў тым упэўнены.