ПРАДМОВА ДА КНІГІ З. ПАЗЬНЯКА. ВЫДАВЕЦТВА «СП Вся Москва»


1991 г.


Час, які ўвайшоў у нашую гісторыю пад назвай перабудовы і які, здаецца, беззваротна мінае, адзначыўся, апроч іншага, яшчэ і радыкальным пераглядам многіх маральных каштоўнасцей, развянчаннем казённых псеўдалідэраў І выхадам на грамадска-палітычную арэну сапраўдных народных аўтарытэтаў. Так было ў шмат якіх рэспубліках дзяржавы, дзе хвалі народнага пратэсту часам праз няўдачы і крывавыя катаклізмы рушылі з тронаў збанкрутаваных стаўленікаў таталітарызму, і на іх месца заступалі іншыя людзі. Малаважна, што не ўсе яны і не адразу ўпісваліся ў рамкі звыклых афіцыйных структур; узначаліўшы народныя рухі, некаторыя з іх, хоць і не дамагліся ўлады, затое набылі агульнанацыянальнае прызнанне і папулярнасць. Менавіта яны сталі сапраўднымі выразнікамі нацыянальных інтарэсаў, спакутаванай волі народу. Адным з такіх лідэраў нацыі стаў беларускі вучоны, самаадданы палітычны дзеяч Зянон Пазьняк.

Шырока па свеце разышлася сумная слава беларускіх Курапат, дзе ў страшныя гады бальшавіцкага тэрору было знішчана болей за 200 тысяч бязвінных ахвяр. Гэтая славутасць нікому да таго невядомага ляска пад Мінскам пачалася з публікацыі ў «ЛіМе» вялікага артыкула, аўтарамі якога былі Шмыгалёў і Пазьняк. Тое, што болей за паўстагоддзя старанна і паспяхова хавалі ад чужога вока карныя ўлады Беларусі, найперш стараннямі Пазьняка было выстаўлена на ўсясветны агляд. Актыўна ўдзельнічаючы ў раскопках курапацкіх магіл, ён перацёр у пальцах кожны выняты адтуль грудок зямлі, пералічыў усе чалавечыя рэшткі, склаў падрабязную дакументацыю раскопак. Усё тое давалася няпроста. І праз болей чым пяцьдзесят гадоў пэўныя органы не столькі дапамагалі раскрыццю злачынства, колькі перашкаджалі яму. Пазьняк не саступіў з свае пазіцыі праўды і прынцыповасці. Як не саступіў ён перад тым у памятны дзень 30 кастрычніка 1988 года ля Маскоўскіх могілак, дзе народ Беларусі ў чарговы раз атрымаў красамоўны адказ на пытанне: што такое ягоная партыя камуністаў і як яна ставіцца да інтарэсаў народа. Нахабнае мурло яе кіраўніцтва тады пагрозліва насунулася на і без таго мізэрныя рэшткі нацыянальнай годнасці і паліцэйскаю сілай нанесла нязмыўную знявагу народу. І калі справа абышлася без крыві і смерцяў, дык у тым найбольшая заслуга менавіта Зянона Пазьняка. Гэта ён у самы крытычны момант сутычкі заклікаў шматтысячны натоўп да спакою і вытрымкі, сілаю аўтарытэту свае асобы засцярог яго ад правакацыі і павёў за межы Мінска ў Курапаты. Не зважаючы на паліцэйскую расправу, на газы і бальшавіцкія «дэмакратызатары», людзі стрывалі ўсё, але не ўступілі ў бойку, не аказалі супраціўлення. Мусіць, у той момант і ў тых варунках гэта было адзіна правільна. Метад вялікага Гандзі таксама тоіць немалую, а часам і рашучую сілу.

Народная воля беларусаў, іхняе імкненне да свабоды і нацыянальнага самавызначэння праявіліся пазней, калі быў створаны Беларускі народны фронт «Адраджэнне», сойм якога па праву ўзначаліў Зянон Пазьняк. У жахлівых варунках маральнага тэрору, упартага супрацьдзеяння партыйных улад, цкавання, судовых і адміністрацыйных праследаванняў гартавалася палітычная воля фронтаўцаў і ягонага лідэра. Фронт за кароткі тэрмін распрацаваў шмат якія праграмы беларускага нацыянальнага адраджэння — у галіне эканомікі, права, культуры і іншыя. Большая частка тых праграм, на жаль, застаецца малавядомай для шырокай публікі, бо афіцыйны друк іх адвяргае, а ўлады дагэтуль вядуць шалёную барацьбу як з іхнімі палажэннямі, так і з іх аўтарамі персанальна. Не зважаючы на тое, апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце рэспублікі са сваім лідэрам, народным дэпутатам Пазьняком працягвае несканчоны паядынак за праўду і справядлівасць. Далёка не заўсёды, калі-нікалі яна ўсё ж дамагаецца поспеху. Прынамсі, радыё- і тэлетрансляцыі з сесій даюць магчымасць людзям меркаваць, на чыім баку праўда. Не глухі — чуе, не сляпы — бачыць.

Шмат гадоў Зянон Пазьняк вядомы на Беларусі як выдатны мастацтвазнаўца, а таксама як вучоны-археолаг. Ягоныя публікацыі па праблемах нацыянальнай культуры даўно пазначылі сябе як самыя важныя і прынцыповыя ў беларускім друку. Не так даўно ў эстонскім часопісе «Радуга» з'явілася надзвычай цікавая праца Пазьняка аб вострых праблемах нацыянальных моў. Тады для пэўных колаў беларускай інтэлігенцыі некаторыя палажэнні тае працы здаваліся спрэчнымі, можа, трохі заўчаснымі і празмернымі. Але жыццё затым пераканала ў іх неабвержнасці: Пазьняк глядзеў далей і бачыў болей. Зрэшты, так яно і мае быць. Сапраўдны апостал праўды і справядлівасці заўжды апераджае час. Ягоныя ідэі скіраваны ў будучыню і далёка не заўжды карыстаюцца прыхільнасцю і прызнаннем сучаснікаў. Але ўрокі гісторыі вучаць, што час тых людзей прыходзіць і з ім прыходзіць прызнанне. Ім ставяць помнікі на ўтульных пляцах, выдаюць зборы іх твораў, на якіх вучацца жыць і служыць дабру новыя пакаленні. Мне думаецца, што наш сучаснік Зянон Пазьняк менавіта з ліку такіх людзей. І я жадаю паспеху і чытацкай увагі гэтай яго кнізе — збору дум і светлых памкненняў аднаго з самых сумленных сыноў кашай пакутніцы Беларусі.

Загрузка...